Свята перад Святам

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

6 лістапада ў аграгарадку Прылукі па вуліцы Лясная, 1 адбылося святочнае адкрыццё інтэрната Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр культуры краіны Юрый Бондар, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч.

/i/content/pi/cult/770/16626/03.JPG— Стала ўжо традыцыяй для дзяржавы напярэдадні 7 лістапада штогод адкрываць такія значныя аб’екты, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Адкрыццё інтэрната яшчэ раз сведчыць пра тое, што дзяржава клапоціцца пра нашу творчую моладзь і стварае ўсе магчымыя ўмовы для творчай працы.

Новы інтэрнат размясціўся на ўчастку плошчай 1,08 гектар. Гэта сяміпавярховы будынак калідорнага тыпу, з падвалам і тэхнічным паверхам, абсталяваны ліфтам. У інтэрнаце шэсць жылых паверхаў, на якіх размешчаны 48 блокаў-ячэек па два пакоі на два і тры чалавекі, то-бок усяго інтэрнат зможа прыняць да 240 іншагародніх студэнтаў. Прадугледжаны і спецыяльны жылы пакой для інваліда-калясачніка.

Студэнтка 4 курса рэжысёрскага аддзялення і стараста групы Елізавета Юшкевіч распавяла пра тое, як ёй і іншым навучэнцам жылося без інтэрната:

— Раней здымалі кватэру, плацілі па 80 у.а. за пакой. Плацілі бацькі, бо вучоба ў каледжы займае амаль увесь час і магчымасці падпрацоўваць няма. За інтэрнат папярэдне нам назвалі суму ў сем рублёў плюс камунальныя паслугі — пакуль невядома, колькі дакладна, але ж у параўнанні з 80 у.а. за пакой гэта, зразумела, нязначныя грошы.

Аднак студэнты каледжа мастацтваў атрымаюць магчымасць не проста жыць у інтэрнаце, а і бавіць тут свой вольны час, а што самае важнае — праводзіць рэпетыцыі і нават канцэрты: акрамя жылых пакояў, у новым інтэрнаце размясціліся трэнажорная зала, рэпетыцыйныя памяшканні, кабінеты і актавая зала на 80 пасадачных месцаў.