Белыя ружы ў “Двары кірыліцы”

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

1 лістапада ў старажытным балгарскім горадзе Пліска, першай сталіцы Балгарыі VII — IX стагоддзя адбылася знакавая для беларускай духоўнай культуры падзея: тут быў урачыста адкрыты помнік нашаму вялікаму Песняру Янку Купалу.

/i/content/pi/cult/770/16625/01.JPGПамяць пра паэта ўвекавечана ў бронзе ў Расіі, ЗША, Кітаі, Ізраілі, не кажучы ўжо аб нашай Беларусі. Ды і ў Балгарыі яго паэзію даўно ведаюць па перакладах з беларускай мовы на балгарскую. Аднак тут справа ў іншым. Для гэтага мне — з дапамогай каментарыя аўтара помніка скульптара Уладзіміра Слабодчыкава — давядзецца зрабіць невялікі экскурс у гісторыю пытання.

У маі 2015 года ў тым самым месцы, дзе ў IX стагоддзі ў Балгарыі святыя Кірыл і Мяфодзій, а таксама святы цар Барыс, які ўвёў хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі, стварылі кірылічную азбуку, быў адкрыты так званы “Двор кірыліцы”. Самае цікавае, што гэты культурна-гістарычны комплекс, які займае больш за 70 гектараў, створаны адным чалавекам — грамадскім дзеячам і прадпрымальнікам Карэнам Алексанянам, армянінам па нацыянальнасці, які жыве ў Балгарыі больш за 20 гадоў. За свае асабістыя сродкі ён набыў 8 тысяч квадратных метраў зямлі, якая пуставала, і наняў для далейшай працы будаўнікоў, архітэктараў, балгарскіх і замежных мастакоў. І яны ўвасобілі ў жыццё яго высакародную ідэю: адроджаная зямля пад горадам Пліска сталася незвычайным месцам, што ўвабрала ў сябе дух прадстаўнікоў народаў, якія выкарыстоўвалі кірыліцу ў літаратурнай творчасці. Іншымі словамі, гэты ўнікальны чалавек паставіў перад сабой, можна сказаць, сусветную задачу — стварыць у бронзе і бетоне грандыёзны пантэон выбітных аўтараў твораў сусветнай мастацкай літаратуры, якія пісалі менавіта на кірыліцы. У створаным ім “Двары кірыліцы” падкрэслена духоўнае значэнне горада Пліска не толькі, уласна, для Балгарыі, але і ў цэлым — для сусветнай гісторыі культуры.

Хоць кірыліца з’явілася як пісьменнасць для славянскіх хрысціянскіх народаў, сёння мільёны мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў іншых рэлігій таксама карыстаюцца гэтай азбукай. Паводле задумы Карэна Алексаняна бюсты павінны быць створаны выдатнымі і прызнанымі скульптарамі тых жа народаў, да культуры якіх належыць і творчасць іх землякоў.

І вось, нарэшце, як той казаў, “лёд крануўся”, і праз два гады на Алеі літаратараў з’явіўся першы помнік-бюст. Гэта быў бліскучы паэт з трагічнай біяграфіяй, заснавальнік балгарскага сімвалізму Пейа Явар. А вясной 2018 года адкрыліся адразу чатыры бюсты расійскім класікам Пушкіну, Дастаеўскаму, Ясеніну і асеціну Коста Хетагураву. Увосень таго ж года з’явіліся скульптурныя партрэты Грыбаедава, Гогаля, Льва Талстога, Чэхава, Горкага, Высоцкага. Сярод іх аўтараў — расійскія акадэмікі З. Цэрэтэлі, А. Рукавішнікаў, В. Соскіеў, С. Шчарбакоў, М. Пераяславец. А побач — помнікі-бюсты і іншым літаратурным “інжынерам чалавечых душ” — Р. Гамзатаву, І. Базоркіну, Н. Ільбекаву, Э. Капіеву, А. Айдаміраву, а таксама балгарам І. Вазаву, Х. Боцеву, В. Караджычу. І. Андрычу... Пад кожным помнікам закладзена жменя зямлі з радзімы пісьменніка.

/i/content/pi/cult/770/16625/02.JPGУ 2018 годзе горад Пліска па запрашэнні Карэна Алексаняна наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Балгарыя Аляксандр Лукашэвіч і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшкевіч. Падчас візіту і была дасягнутая дамоўленасць аб адкрыцці на Алеі пісьменнікаў у “Двары кірыліцы” помніка народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Пытанне: хто стане аўтарам праекта помніка было вырашана адразу — Уладзімір Слабодчыкаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Краіны, у якіх наш скульптар навечна пакінуў свой манументальны пластычны “аўтограф”, добра вядомыя: Рэспубліка Беларусь, Германія, Кітайская Народная Рэспубліка, Турцыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Расія.

Час падціскаў, таму Слабодчыкаў, уважліва вывучыўшы ў Купалаўскім літаратурным музеі фатаграфіі і дакументы Песняра, даволі хутка вылепіў у гліне два эскізных варыянты партрэта Купалы. Заўважу ў дужках, што мастак ужо аднойчы, у 1982 годзе, звяртаўся да выявы Купалы ў сваёй кампазіцыі з дрэва “Янка Купала і Якуб Колас” (цяпер гэтая праца знаходзіцца ў сярэдняй школе ў в. Даўгінава — на малой радзіме скульптара).

Аднак самы першы варыянт эскізнага партрэта Купалы не задаволіў Слабодчыкава. Па трактоўцы вобраза і пластыцы ён здаўся яму хутчэй станкавай скульптурай, хоць і валодаў некаторымі рысамі манументальнасці. Другі, больш удалы варыянт нарадзіўся ў красавіку 2019 года — пасля месяца напружанай працы. Аўтар перабудаваў кампазіцыю з улікам пастаноўкі скульптуры на пленэры і з улікам вышыні тыпавога пастамента. Прычым першапачатковую задуму — паказаць Купалу ў цывільным пінжаку і пры гальштуку — прыбраў...

Своеасаблівасць трактоўкі вобраза Купалы і пластычнага выканання, эмацыйная насычанасць сведчыць аб індывідуальным почырку скульптара. Ён, здаецца, знарок адкідвае стрыманасць і строгасць у абліччы паэта, гэтак характэрныя для большасці скульптур беларускіх мастакоў падобнага роду. Вобраз Купалы ўзяты ў момант найвышэйшага росквіту таленту. Прычым паэт паказаны не ў вячэрнім гарнітуры або ў паліто, як мы прывыклі, — а ў звычайнай кашулі, крыху стомлены, але раскаваны і гранічна жывы. Разам з тым адчуваюцца ўнутраны драматызм творчага гарэння, паўтоны індывідуальнага схаванага перажывання. Падобная канцэпцыя не ператвараецца ў схему, а выяўляецца ў асабліва індывідуальным абліччы. Камерны настрой гэтага твора разам з пастаментам і строгай тэктонікай, гульнёй святлаценю на паверхні бронзы паўстае з элементамі манументальнасці, таму і нарадзіўся такі праўдзівы і выразны мастацкі вобраз... Я б сказаў так: тут максімум выразнасці — гэта лаканізм формы, дасягнуты мінімумам сродкаў...

У выніку бюст Песняра быў адліты ў бронзе, аднагалосна зацверджаны Міністэрствам культуры і Міністэрствам замежных спраў Беларусі і перапраўлены ў Балгарыю.

У склад беларускай дэлегацыі, якая прыбыла ў горад Пліска на ўрачыстае адкрыццё помніка-бюста Янкі Купалы, уваходзілі Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Балгарыя Аляксандр Лукашэвіч, Алена Ляшкевіч і супрацоўніца музея Вольга Пархімовіч, першы намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч і Уладзімір Слабодчыкаў. “Калі мы ўвайшлі ў дзверы “Двара кірыліцы”, — распавядае Уладзімір Іванавіч, — мяне перш за ўсё ўразілі велізарныя дзвюхметровыя літары кірыліцы, вырабленыя з армянскага туфу з характэрнай разьбой, і выдатныя скульптуры святых братоў Кірыла і Мяфодзія, а таксама цара Барыса — Хрысціцеля балгарскага народа. Далей — прыгожая капліца і арыгінальны музей — своеасаблівая іканаграфія вялікай балгарскай гісторыі. Злева ад скульптур — невялікі храм яго імя. Побач камень з крыжам — традыцыйны армянскі “хачкар”, падарунак першаму хрысціянскаму народу, з Пасланнем “Двару кірыліцы”. Праз галерэю мы прайшлі да так званай Крэпасці — будынка з вежамі і байніцамі — сімвалу абароны балгарскай гісторыі, культуры і пісьменства. А далей нас чакала літаратурная Алея, якая зрабілася за кароткі час легендарнай, з некалькімі дзясяткамі помнікаў-бюстаў выбітных пісьменнікаў і паэтаў. Мы зразумелі: нашаму Песняру ў такой кампаніі будзе добра…”

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця помніка, Аляксандр Лукашэвіч зачытаў падзячнае пасланне ад імя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аўтару і стваральніку “Двара кірыліцы” Карэну Алексаняну. Яму ж Алена Ляшкевіч уручыла Грамату Сябра Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Да помніка былі ўскладзеныя белыя ружы — любімыя кветкі Паэта. На працягу цырымоніі членамі беларускай дэлегацыі дэкламаваліся вершы Песняра на беларускай і балгарскай мовах. У свяце прынялі ўдзел шматлікія госці, у тым ліку кіраўніцтва шэрагу гарадоў Балгарыі і грамадскасць.

На завяршэнне Уладзімір Слабодчыкаў у знак дружбы і культурнага супрацоўніцтва паміж нашымі народамі падарыў Карэну Алексаняну, “кавалеру гонару і захавальніку азбукі”, аўтарскую скульптурную статуэтку з выявай першай старонкі скарынаўскай “Бібліі”.

Барыс КРЭПАК