Пакліканне, як ні круці!

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Правільныя людзі ў Лельчыцах. Ды пчолы
200-гадовую борць у гэтым гарадскім пасёлку бачыць мне так і не давялося. Да майго прыбыцця ў Лельчыцы яна, наколькі я зразумеў, стаяла ля ўваходу ў мясцовы краязнаўчы музей. Але, мабыць, даведаўшыся пра слабасць карэспандэнта “К” да мёду і ўсяго таго, што з ім спалучана, супрацоўнікі ўстановы на ўсялякі выпадак артэфакт прыбралі? Жарт. Яго проста рыхтуюць да пераезду ў іншае месца — у музейную залу, якая павінна адкрыцца да канца года і ў якой будзе прадстаўлена бортніцтва. Ну а што такое старажытны промысел для краю, дзе я нядаўна пабываў, ведае і Віні-Пух. У краіне ж нашай элемент нематэрыяльнай спадчыны “Лясное бортніцтва Палесся” наогул мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аднак мой сённяшні аповед толькі ў невялікай ступені тычыцца пчол…

/i/content/pi/cult/769/16620/024.JPGАсаблівыя пачуцці

Зайшоўшы ў Лельчыцкі раённы краязнаўчы музей, я апынуўся нібы ў нейкай далёкай трапічнай дзяржаве. Справа ў тым, што тут праходзіла выстава экзатычных жывёл “Джунглі за шклом”. Прыватную калекцыю, прадстаўленую адным з жыхароў Віцебска — ён па адукацыі біёлаг, склалі чарапахі, змеі, жабы, велізарныя слімакі з прусамі і нават кайман!

— Здзівілі, — я ацаніў убачанае.

— А мы якраз і стараемся ўразіць сваіх наведвальнікаў чым-небудзь цікавым, — кажа навуковы супрацоўнік гэтай установы Таццяна Мазур. — І выставы арганізуем не толькі на сваёй базе, але і вывозячы іх на розныя мерапрыемствы, што праходзяць у Лельчыцах. Рэгулярна мяняемся экспанатамі з краязнаўчымі музеямі Турава, Ельска, Калінкавічаў, Мазыра... Таму жыхары Лельчыц да нас дарогу не забываюць, прыходзячы сюды зноў і зноў.

Да іх паслуг — аглядныя і індывідуальныя экскурсіі, лекцыі на разнастайныя тэмы, урокі гісторыі, майстар-класы — у асноўным па вырабе лялек-абярэгаў. Пратапталі сцежку ў музей і іншаземцы — напрыклад, з Украіны, Расіі, Польшчы, Ізраіля, Казахстана, Германіі. Натуральна, замежным гасцям у абавязковым парадку паказваюць усё, што ва ўстанове звязана з бортніцтвам. А як я ўжо напісаў вышэй, яшчэ ў гэтым годзе плануецца “запусціць” залу, якая мае дачыненне да гэтага промыслу.

— Задум наогул хапае, — дзеліцца Таццяна Віктараўна. — Так, з’явіцца зала, цалкам аддадзеная нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям. У музеі быў ткацкі станок, але нам паабяцалі падарыць іншы — таксама старадаўні: такім чынам, і на ім мы гатовыя праводзіць майстар-класы. Перамены закрануць знешні выгляд будынка — пафарбуюць яго фасад, будуць яшчэ ўсталяваныя новыя вокны.

Падчас экспрэс-экскурсіі, якую для мяне правяла спадарыня Мазур, асаблівую ўвагу яна надала залам, прысвечаным воінам-інтэрнацыяналістам і Вялікай Айчыннай вайне.

— Чаму я адчуваю асаблівыя пачуцці, знаходзячыся ў гэтых пакоях? — пытаецца яна. — І таму, што паспела пагутарыць ды маю зносіны і з людзьмі, на чыю долю выпалі найцяжэйшыя гады супрацьстаяння з фашызмам, і час, калі войскі Савецкага Саюза знаходзіліся ў Афганістане. Многае з таго, што некаторыя з іх мне распавядалі, я — у сілу свайго юнацтва — прапускала міма вушэй, усвядоміўшы толькі пазней, што іх вуснамі са мной размаўляла сама гісторыя.

Муфельную печ бы…

У Раённым доме рамёстваў функцыянуюць гурткі саломапляцення і бісерапляцення, а таксама два гурткі разьбы па дрэве — настолькі шмат жадаючых асвойваць гэта рамяство. Ёсць аб’яднанне і для дарослых — гэткі клуб па інтарэсах, які наведваюць людзі розных прафесій. Тыя фарміраванні бясплатныя.

Усё, што дзяўчынкі і хлапчукі вырабляюць, яны бяруць сабе або пакідаюць у РДР, а на продаж, прымаючы заказы ад жыхароў Лельчыц, уладальнікаў бліжэйшых аграсядзібаў на розныя работы, працуюць майстры-метадысты — тым самым выконваючы план платных паслуг. Грошы зарабляюцца і з дапамогай арганізацыі ўсялякіх мерапрыемстваў: да прыкладу, падчас конкурсу “Спрэй-арт” дзеці малявалі карціны, выкарыстоўваючы балончыкі з фарбамі, а пры правядзенні квэста ў лесе выконвалі заданні, звязаныя з жывёльным і раслінным светам. Для школьнікаў ва ўстанове праходзяць экскурсіі, майстар-класы — іх рэчавыя вынікі таксама можна ўзяць дадому.

— Сумаваць падрастаючаму пакаленню не даяце, — раблю я выснову.

— Дакладна, не даем! — усміхаецца Дыяна Сельвіч. — І мы самі — супрацоўнікі ўстановы — не сумуем. Я ж сваю працоўную дзейнасць пачынала як мастак, а некалькі гадоў таму на адной з выстаў сустрэлася са знаёмымі, якія працавалі ў Доме рамёстваў. Яны і пусціліся мяне ўгаворваць перайсці ў яго. І ўгаварылі. З таго часу я ні разу не пашкадавала, што так паступіла. Тут сапраўды вельмі цікава, тут насычанае, сапраўднае творчае жыццё.

У РДР Дыяна Алегаўна з 2012-га года, прычым з ходу на пасадзе дырэктара. Тады ён размяшчаўся не ў цэнтры Лельчыц, як цяпер, і каб дабрацца да яго, трэба было жаданне. Да таго ж, ранейшы будынак знаходзіўся ў стане, блізкім да аварыйнага. Сітуацыю вырашылі кардынальна — у 2013-м Дом рамёстваў пераехаў бліжэй да райвыканкама.

— Глабальных праблем з таго часу ў дзейнасці Дома не ўзнікала, — сцвярджае спадарыня Сельвіч. — Калі ж памарыць... Хацелася б мець сваю выставачную залу, каб у ёй можна было экспанаваць столькі нашых вырабаў, колькі мы пажадаем. Каб маглі спакойна запрашаць з іншых населеных пунктаў рамеснікаў з іх работамі, не перажываючы, а ці змесцяцца ўсе ў памяшканні. Хочацца стварыць гурток ткацтва. І ганчарнага рамяства, але муфельная печ дорага каштуе. А была б яна, я б сама паехала на курсы і навучылася ганчарнай справе!

А пакуль тут вучацца плесці лапці — іх выраб у РДР у момант майго знаходжання ў ім яшчэ не асвоілі.

— Тут працуюць людзі не абы якія, не выпадковыя, не дачаснікі, — упэўненая Дыяна Алегаўна. — Для іх, як і для мяне, тое, чым мы займаемся, — адна з вызначальных рэчаў у жыцці. А яе трэба пражыць — у нашым выпадку — многае ўмеючы, каб паспрабаваць навучыць гэтаму рознаму іншых.

Рэцэнзента культуры гарадскога пасёлка я таксама сустрэў у РДР, дзе ён праводзіць для дзяцей заняткі, навучаючы іх прамудрасцям разьбы па дрэве. У дзень майго знаёмства з Аляксандрам Шаўчэнкам у пакоі азартна працавалі два дзецюкі. “Бывае, што і да дзесяці чалавек прыходзяць”, — паведамляе майстар-метадыст.

Хлапчукамі сваімі Аляксандр Уладзіміравіч задаволены, але, праўда, і крытыкуе: маўляў, тыя хочуць, каб у іх усё хутка-хутка атрымлівалася. “Вучу іх, што ва ўсялякай працы патрэбна паслядоўнасць, — распавядае ён. — Спачатку робім тое, потым другое, потым трэцяе і так далей. І толькі тады ўсё выйдзе якасна, прыгожа і будзе жыць доўга”.

Кажучы ж пра сваё пакліканне, спадар Шаўчэнка відавочна сціпла сябе паводзіць, запэўніваючы, што папросту мог бы займацца і чымсьці іншым — грузіць, цягаць, будаваць. Ён сапраўды будуе — прыгажосць, зноў усяляючы ў дрэва жыццё. Яго скульптуры ўпрыгожваюць не толькі Лельчыцы. Аляксандр добра вядомы ў краіне і як разьбяр абразоў. Пакліканне, як ні круці.

Каментарый Аляксандра ШАЎЧЭНКІ:

— Калі не браць у разлік рамесніцтва, то я нават уношу ўклад у культурнае жыццё Лельчыц, бо спяваю ў хоры. Ну і бачу, што, скажам, людзі ў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці ходзяць — і ў гурткі, і на канцэрты. Гэта папулярнае ў нас месца — у моладзі, у ляльчан сярэдняга і старэйшага пакаленняў. Ёсць, для каго спяваць. А тэмы песень часам падказваюць мне назвы для маіх работ па дрэве. Што нашай культуры не хапае? Не задумваўся над гэтым. Па-мойму, усё тут нармальна. А ў выпадку чаго — зробім, пабудуем, былі б мэта, жаданне, запыт.

Увогуле, я абавязкова вярнуся ў Лельчыцы, — пакаштаваць тутэйшых мёду з журавінамі, пільней агледзець абноўлены краязнаўчы музей, узяць урок у майстра з дому рамёстваў — па-хуткаму, каб было, што ў Мінск прывезці, і каб пахваліцца перад роднымі новым талентам, які раптам адкрыўся ўва мне. Глянуўся мне гэты гарадскі пасёлак — з яго ціхімі вуліцамі і ветлымі людзьмі, з установамі культуры, у якіх жыццё менавіта цячэ, а не застыла балотнай дрыгвой. Прыеду, чакайце, палешукі!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"