“Вялікая вясельніца” разам з “Аленай-Льняніцай”

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Незвычайная для канца кастрычніка цеплыня заканамерна змяняецца на халады. Але мерапрыемствам, што ладзяць супрацоўнікі сферы культуры Беларусі, гэтыя капрызы “нябеснай канцылярыі” абсалютна не перашкаджаюць. Розных імпрэз, фестываляў і святаў ва ўстановах культуры адбываецца столькі ж, як і ў летняе, самае багатае на творчыя мерапрыемствы, надвор’е. Менавіта пра гэта і сведчыць наш традыцыйны агляд рэдакцыйнай пошты.

/i/content/pi/cult/769/16619/023.JPG300 аматараў традыцый

26 кастрычніка ў Расонах адбылося абласное свята-конкурс “Вялікая вясельніца”, што сабрала каля 300 аматараў вясельных традыцый амаль з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Як піша нам Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, упершыню гэта свята прайшло ў 2010 годзе ў Дуброўна як агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў. З таго часу раз у два гады аматары фальклору збіраюцца ў розных кутках вобласці, каб захаваць аўтэнтычныя вясельныя спевы і абрады Віцебшчыны.

На гэты раз свята пачалося з конкурсу-прэзентацыі абрадавых страў вясельнага стала з 16 рэгіёнаў, што разгарнулася ў фае Расонскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут можна было пабачыць вясельны “рагаты” каравай з Дубровеншчыны, рыбны вясельны стол з Расоншчыны, стараверскі — з Шаркаўшчыны. Глыбоцкі раён прадставіў стравы, што былі на сталах ад сватання да вясельнага застолля… Лепшым у гэтым конкурсе журы прызнала народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні “Расіца” Бігосаўскага СДК Верхнядзвінскага раёна.

Працягнулася мерапрыемства праглядам творчых праграм у намінацыі “Вясельныя спевы Віцебшчыны”, дзе змагаліся амаль 20 фальклорных калектываў з тых раёнаў вобласці, якія прадставілі мясцовыя і адметныя вясельныя песні сваіх рэгіёнаў. Таксама былі і госці — ансамбль “Рассыпуха” з горада Себеж (Расія) і мастацкі калектыў “Упітэ” Вілякскай краявой думы з Латвіі. Званне лаўрэата І ступені конкурсу падзялілі паміж сабой народнае фальклорнае згуртаванне “Азерыца” Езярышчанскага ГпДК Гарадоцкага раёна і народны фальклорны калектыў “Медуніца” Адаменскага СДК Лёзненскага раёна.

Таксама ў межах святочнай дзеі ўпершыню адбыўся конкурс-імправізацыя на лепшую сваццю “Без мяне мяне ажанілі”. Тут перамога засталася за народным фальклорным калектывам “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору Шаркаўшчынскага раёна

Яшчэ адна навіна прыйшла да нас з Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Як піша нам намеснік дырэктара ўстановы Таццяна Печкур, у новым навучальным годзе школа атрымала доўгачаканае прасторнае памяшканне: навучэнцы ўсіх аддзяленняў размясціліся ў камфортным чатырохпавярховіку былога аграрна-эканамічнага каледжа. Юныя музыканты адразу пасля пераезду пачалі радаваць настаўнікаў сваімі поспехамі. Так, на IV Міжнародным конкурсе мастацтваў “Крыштальны васілёк” у Мінску баяніст Ягор Кетрыс стаў лаўрэатам III ступені, а Валерыя Жукоўская была ўзнагароджана дыпломам I ступені.

Шэсць конкурсаў для Аленаў

Днямі ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці адбыўся рэгіянальны конкурс “Алена-Льняніца”. Дзея прайшла пад дахам Ганчарскага Дома культуры (аграгарадок Ганчары Лідскага раёна) і сабрала ўдзельніц з Карэліцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага раёнаў Гродзеншчыны.

Канкурсанткі спаборнічалі ажно ў 6 конкурсах! У выніку карону “Алены-Льняніцы” атрымала Дзіяна Валацко з Бярозаўкі. Наталля Жук з Карэліцкага раёна займела тытул “Алена-прыязнасць”, а Антаніна Мілько з Воранава — тытул “Алена-дбайнасць”. Юзэфа Старасціна з Іўеўскага раёна была ўгаранавана тытулам “Алена-спрытнасць”, а Алена Рудзінская з аграгарадка Ганчары Лідскага раёна — тытулам “Алена-гаспадынька”.

15 студзеня 2020 года Шчучынскаму раёну споўніцца 80 гадоў. Але ўжо сёння многія бібліятэчныя ўстановы Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі ладзяць свае адметныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай знамянальнай даце. Як піша нам загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай “кніжніцы” Юлія Міхайлава, у Жалудоцкай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў краязнаўчы круіз “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду”. Разам з дзецьмі бібліятэкары адшукалі на карце выбітнасці, успомнілі знакамітых людзей-выхадцаў са Шчучыншчыны.

— А ў Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў квэст-пошук “Край Шчучынскі, сэрцу дарагі”, — піша Юлія Міхайлава. — Фея Гісторыя адправіла да ўдзельнікаў Гісторыка з лістом і першай падказкай. Яна напісала, што пачынаць вывучэнне гісторыі свайго краю трэба з памятак сваёй малой радзімы і прапанавала пазнаёміцца з гістарычнымі будынкамі гарадскога пасёлка.

Яшчэ адна навіна ад Андрэя Струнчанкі. Як піша намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, нядаўна ў аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна адбылося свята беларускай нацыянальнай культуры “Тут заўсёды хлебам-соллю вітаюць”. Мерапрыемства адкрыла новы сезон сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”, які рэалізуецца на базе мясцовага сельскага Дома культуры з 2014 года. Свята наведалі больш за трыццаць замежных студэнтаў з Кітая і Лівана, што навучаюцца ў ВНУ Віцебска.

25 кастрычніка ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага адбылася прэзентацыя кнігі “Доўгія вёрсты вайны”. Падчас мерапрыемства рэдактар-укладальнік кнігі Мікалай Пацэнка падзяліўся з прысутнымі этапамі стварэння выдання, а Тамара Міхайлаўна Якімовіч расказала пра тое, што ёй давялося перажыць у гады ваеннага ліхалецця.

Да акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”, прысвечанай 75-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, далучыліся сёлета ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. У сельскіх саветах раёна і горадзе Дзятлаве прайшлі мітынгі памяці. Фіналам праекта стане закладка свяшчэннай зямлі, узятай з усіх памятных месцаў Беларусі, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

Вянкі на любы густ

У выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці днямі адкрылася абласная выстава традыцыйных вясельных галаўных убораў, вянкоў і атрыбутаў “Вянок нявесты”. Як піша нам вядучы метадыст установы Ала Лялькіна, падчас адкрыцця імпрэзы кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Глейна” Таццяна Раева і майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору прадставілі абрад “Зборы нявесты”. А майстар-клас па вырабе кветак для вясельнага вянка правяла Юлія Арэхава, майстар Глыбоцкага Дома рамёстваў.

— На выставе можна ўбачыць традыцыйныя вясельныя галаўныя ўборы жыхароў Падзвіння, Падняпроўя, Паазер’я ўсіх канфесій (праваслаўнай, каталіцкай, стараверскай, іўдзейскай) розных часоў, — адзначае аўтарка допісу. — Сярод экспанатаў — артэфакты канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, а таксама рэканструяваныя рытуальныя прадметы, выкананыя майстрамі Віцебшчыны.

У калекцыях прадстаўлены вянкі нявест, каруны (насіліся першы год пасля вяселля), павязкі і вянкі дружак нявест, картузы жаніха і шафераў, хустачкі (насіліся на плячах жаніхом і дружкамі, шаферамі), букеты (насіліся на грудзі дружкамі, шаферамі), фотаздымкі ў рамках, а таксама атрыбуты вясельнага абраду, лялечныя кампазіцыі вясельнага сюжэта і шмат іншага.

І апошняе. 18 кастрычніка адзначыў свой 20-гадовы юбілей народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” Курапольскага СДК — філіяла Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.

— Сваю гісторыю клуб пачынае з 1999 года, а ўжо ў 2003-м годзе калектыву было прысуджана найменне “Народны”, — адзначае ў сваім лісце вядучы спецыяліст ЦКНТ Вольга Лойка. — Дыплом аб наданні ганаровага звання быў уручаны на VII Міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” яго тагачаснаму кіраўніку Ганне Балаш.

Удзельнікі клуба валодаюць сакрэтамі прыгатавання традыцыйных страў, вядуць актыўную работу па зборы мясцовых рэцэптаў, гульняў і абрадаў. За 20 гадоў клуб “Традыцыя” стаў адной з сапраўдных візітовак Пастаўшчыны.

У гонар юбілею званне “Ганаровы член клуба”, падзякі, а таксама памятныя сувеніры атрымалі старэйшыя ўдзельніцы калектыву, ветэраны культуры — Гераіма Пятроўна Танана, Ганна Арсеньеўна Балаш і Людміла Яўгенаўна Чатовіч. Актыўным удзельнікам таксама былі ўручаны памятныя дыпломы. А калі надышоў час для юбілейнага торта, то ганаровае права вынесці яго было прадстаўлена юным удзельніцам калектыву Паліне Балаш і Святлане Грэська. Так што, як бачна, у клуба сёння расце дастойная змена. І гэта, канечне, не можа не радаваць.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"