Хто ён, сучаснік у руху?

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Выстава “Узоры класіфікацыі: Крысціян, Мухамед, Лі” нечакана паставіла перад гледачамі галерэі Ў шэраг пытанняў: хто ён, гэты “сучасны чалавек”, наш глабальны суразмоўца ў XXI стагоддзі?

/i/content/pi/cult/769/16618/022.JPGСамае прамое пацверджанне — пашпарт, і назіранні ў аэрапортах далі мастачцы і імпульс, і выдатны матэрыял. Пазней яна яго дапоўніла і перасабрала, але працэдура перасячэння межаў з пашпартам, стан пераадолення адлегласцяў знаёмыя кожнаму і, вядома, сталі натхняльнымі для мастачкі. Без свайго сацыяльнага асяроддзя і субкультуры, без усіх кантэкстаў сваёй краіны — што мы прад’яўляем, знаходзячыся ў руху? Калі “сваё” ўжо пакінута, а “іншае” яшчэ наперадзе? Паміж небам і зямлёй, у прамым сэнсе слова? Так, пашпарт. Напэўна, ёсць іншыя адказы на гэтае пытанне, але пашпарт мы прад’яўляем у першую чаргу. Наша грамадзянства пазначана пэўным чынам, і пэўнымі візуальнымі знакамі аформлена.

Аліна Блюміс і яе куратар Ірэна Папіашвілі кажуць, што больш за ўсё малюнкаў на пашпартах — расліны, за імі ідуць птушкі, сямейства вялікіх каціных, зброя і гэтак далей. Мастачка сабрала гэтую сімволіку з гербаў пашпартоў усіх 195 краін, якія існуюць у свеце.

А сучаснік, пра якога ўсё ж цікава даведацца, хто ж ён такі, апісаны ў тэкставай частцы праекта. Самае распаўсюджанае імя на планеце — сапраўды, Мухамед, прозвішча — Лі, а самае распаўсюджанае веравызнанне — хрысціянства. Гэты ўмоўны чалавек — мужчына, народжаны 8 верасня: гэта дата нараджэння найбольш часта згадваецца. Уся інфармацыя (пра мову, дзяцей, ежу, працу, мары, адукацыю, уласнасць, дабрабыт, адпачынак) уяўляе з сябе важную частку праекта, ёй вылучана асобная сцяна галерэі. Дадзеныя па дэмаграфіі, статыстыцы, вынікі глабальных апытанняў сабраныя з адкрытых крыніц, і яны ўражваюць: аказваецца, у наш час можна верыць, што Зямля плоская... Тым не менш, гэтага глабальнага, тыповага персанажа не існуе — маніпуляцыі з лічбамі па сутнасці не даюць нам ведаў пра чалавека. Механічны падлік рассыпаецца. Згуба ідэнтычнасці ў каторы раз становіцца вельмі цяжкай стратай.

Адначасна невялікая серыя аднаўляе сканы багажу пасажыраў: зброя і ўсё калюча-рэжучае там таксама прысутнічае. Іх праглядаюць мытнікі, і я ўпэўнена, у іх маніторы зазірнуць вельмі цікава.

Выстава “Крысціян, Мухамед, Лі” належыць да праекта “Большасць з нас”, якім мастачка займалася ў 2018 — 2019 гадах. Усяго ў ім 14 частак. У Мінску прадстаўлена серыя “Аматарскае назіранне на пашпартным кантролі”, якую Аліна падзяліла на 4 часткі: назіранні за раслінамі, птушкамі, вялікімі коткамі і багажом. Ірэне Папіашвілі ўдалося выбудаваць вельмі пераканаўчы экспазіцыйны дызайн для выставы: гэта прынты і графіка рознага памеру, тэксты, свайго роду памежныя шляхі, што вядуць гледача ў цэнтр залы. Сам праект стасуецца з такога кшталту contemporary art, дзе ёсць і глыбокая канцэпцыя, і вялікі аб’ём працы, і майстэрства.

Аліна Блюміс родам з Мінска, цяпер жыве ў Нью-Ёрку, Ірэна Папіашвілі — амерыканка, цяпер працуе ў Грузіі: яна — рэктар прыватнай Акадэміі мастацтваў, якая прапанавала цалкам новую канцэпцыю адукацыі для мастакоў.

Ірэна тлумачыць, што ў Нью-Ёрку на выставы сучаснага мастацтва часта прыводзяць дзяцей, і вельмі папулярнае заданне — адгадаць па “малюначках” краіну, распавесці пра яе. Распавесці пра расліны, жывёл. У Мінску дзецям таксама было б цікава. Ну, а эколагі ўжо прыдумалі лекцыю “Як пачаць назіраць за птушкамі” на фоне графічных лістоў у галерэі. Па думцы брытанскага галерыста і куратара Венецыянскай біенале Ральфа Ругофа, важныя тыя праекты, да якіх ёсць розныя падыходы. “Крысціян, Мухамед, Лі” — узор якраз такога мастацтва. Тут літаральна веер падыходаў і інтэрпрэтацый: аўтарскія, глядацкія, філасофскія і практычныя, мастацкія, псіхалагічныя, вербальныя і ўзроставыя, у рэшце рэшт. А замест тыповага чалавека я б параіла ўважліва прыгледзецца да бліжняга: адчуванне дачынення распавядзе пра падарожніка значна больш.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст