Фолк, метал, аркестр — і авацыі

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

“Такога сцэна Беларускай дзяржаўнай філармоніі яшчэ не бачыла!” — сцвярджалі і рэкламныя слоганы, і вядучы канцэрта. І сапраўды, не толькі на філарманічнай сцэне, а і ўвогуле падобнае дзейства ў Беларусі адбывалася ўпершыню — у вечар 25 кастрычніка фолк-метал-група Znich, калектыў архаічных народных спеваў “Рутвіца” і вольны сімфанічны аркестр Sounds flight orchestra здрыганулі акадэмічную залу моцнай ва ўсіх сэнсах сумеснай праграмай.

/i/content/pi/cult/769/16616/019.JPGДарэчы, і ва ўсім свеце цяжка знайсці аналагі такой калабарацыі. Хаця, здаецца, сам стыль folk-metal, ці pagan-metal, цудоўна спалучаецца з этнічнымі спевамі — але ж у гэтым выпадку былі менавіта сапраўдныя, аўтэнтычныя народныя песні, выкананыя ў той жа манеры голаснага спеву, якая была характэрная для нашага фальклору на працягу стагоддзяў. З іншага боку — рок-група ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра — таксама фармат даўно засвоены. А вось усе тры складнікі разам! На першы погляд канцэрт выглядаў даволі эксперыментальна — дзяўчаты з беларускай архаікай, металічная каманда з лідарам Алесем Таболічам, які спявае гроўлінгам (“рыкам”) — а гэта такі даволі экстрэмальны від вакала, і сімфанічная група — аднамомантна на сцэне знаходзілася каля 30-ці чалавек. Але па выніку розныя фарбы гарманічна склаліся ў адно музычнае палатно, і адчуванне эксперыменту не ўзнікала — і народныя песні, і аўтарскія творы Znich проста ўзбагаціліся гучаннем. Пра эксперымент нагадвала хіба што сама філарманічная зала. З рэжысёрскага пункту гледжання атрымалася ўдала размясціць на адной сцэне і рок-музыкантаў, апранутых у чорнае, з электрычнымі гітарамі і адпаведнымі паводзінамі, клавішніцу, якая згодна з канонамі жанру перыядычна трэсла сваімі даўгімі валасамі, фальклорнае дзявочае трыа ў цнатлівых белых сукенках і аркестр. Сама публіка, магчыма, была не самай традыцыйнай для філармоніі, у якой часта пераважаюць слухачы старэйшага ўзросту — такіх на гэты раз было нямнога, а ў асноўным залу запоўнілі маладыя і сярэдняга веку людзі інтэлігентнага выгляду, з вуснаў якіх часта гучала беларуская мова. Ды й песні Znich многія ведалі. Увогуле, канцэртная праграма з самых першых хвілін віталася залам гучнымі апладысментамі, і калі напачатку яшчэ можна было казаць пра нейкую адпаведную філармоніі стрыманасць паводзін — асобныя гарачыя хлопцы спрабавалі рухацца ў такт музыцы, седзячы ў крэслах, — выглядала гэта кранальна, то напрыканцы ўсё стала больш падобна на нармальны рок-канцэрт. Скончылася і выклікамі на біс, і працяглымі авацыямі. Балазе, гук, пра які арганізатары канцэрта паклапаціліся асобна, атрымаўся даволі годны і моцны: чуваць было і жаночыя спевы, і электрагітары, і струнныя інструменты.

Увогуле, у гэты вечар адбывалася канцэртная прэзентацыя новага, сёмага па ліку альбома групы Znich “Рух сонца” — менавіта ён прагучаў у першым аддзяленні канцэрта. Другое складалася з хітоў калектыву розных часоў, але таксама ў сумесным выкананні з “Рутвіцай” і сімфанічным аркестрам. Znich і “Рутвіца” разам выступалі ўжо не першы раз, а вось для прэзентацыі альбома ў клавішніцы фолк-металістаў Марыны Макарэвіч, выпускніцы Беларускай акадэміі музыкі, узнікла ідэя запрасіць і вольны сімфанічны аркестр, складзены са студэнтаў і выпускнікоў гэтай навучальнай установы — Sounds flight orchestra. Вольны — гэта значыць, не прыпісаны ні да якой установы, але з даволі паважным паслужным спісам. Усе аркестравыя партыі напісала сама Марына Макарэвіч. Дарэчы, сярод удзельнікаў аркестра, маладых яшчэ людзей, хапала і паклоннікаў рок-музыкі.

Ансамбль “Рутвіца” таксама не належыць да якойсьці ўстановы, дзяўчаты — сапраўдныя энтузіясты і аматары народных спеваў. Як і лідар групы Znich Алесь Таболіч, яны маюць дачыненне да Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якое многа гадоў збірае і выдае беларускі фальклор.

Супрацоўніцтва з “Рутвіцай”, падобна на тое, дадало нашаму паважанаму калектыву, што набліжаецца да свайго 25-годдзя, — гаворка, канешне ж, пра Znich — неабходную новую фарбу, а разам з тым і новыя сілы. У групы зараз вельмі ўдалы творчы перыяд — летам яна выступіла на 8 вялікіх фестывалях не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Расіі, Украіне. Альбом “Рух сонца”, запісаны з “Рутвіцай” і складзены з народных песень, адкрывае новую старонку ў гісторыі гурта-ветэрана. Але і ў старыя песні “Рутвіца” і аркестр прынеслі новае і нейкае нават вельмі сучаснае гучанне — праграма для другога аддзялення падбіралася са знакавых песень за ўсю гісторыю калектыву. Асобна трэба адзначыць кампазіцыю “Крумкач”, якая калісьці была напісаная на верш Анатоля Сыса. Яна прагучала асабліва сэнсоўна і трагічна напярэдадні адзначэння 60-годдзя з дня нараджэння нашага выбітнага паэта. Скончыўся канцэрт бясспрэчным старадаўнім і знакавым для Znich хітом яшчэ з дэбютнага альбома “Язычнік я”. Хаця не — музыкаў доўга выклікалі на біс, і яны праспявалі яшчэ адну песню. На гэты момант гроўлінг Алеся Таболіча ў філарманічных сценах ужо нікому не здаваўся дзіўным — ні людзям старэйшага ўзросту ў касцюмах, ні татуіраваным каларытным персанажам з аголенымі біцэпсамі, ні інтэлігентным маладзёнам, што ўзбуджана рэагавалі на кожны ўдар барабанаў. Эксперымент — калі гэта і быў эксперымент — можна лічыць удалым і вартым працягу.