Яго рука ў “Малітве”

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

…Раніцай 26-га на экране смартфона ўбачыла высвечанае: “Молчан”. Узрадавалася, што тэлефануе Алежык, як я заўсёды яго называла. Апошні раз мы размаўлялі з ім дзесьці ў сярэдзіне жніўня, ён тады яшчэ знаходзіў сілы жартаваць, маўляў, атабарыўся зноў у сваім “санаторыі” разам з Ірачкай. Санаторыем ён называў анкацэнтр у Бараўлянах. Але на гэты раз голасу Алега я не пачула. Тэлефанавала Ірына Відава, яго каханая жонка і паплечніца, самы адданы чалавек на зямлі праз усё ягонае жыццё. “Сёння ў дзве гадзіны ночы не стала Алега… Мы — у Жэневе, у швейцарскай клініцы… Адыходзіў ён без болю…”

/i/content/pi/cult/769/16614/016.JPGСтрата для ўсёй нацыянальнай культуры невымерная, непапраўная, калі Музыкант, уганараваны Богам магутным талентам, сягае ў бездань Галактыкі назаўсёды. Урэшце, ніякія словы не могуць вярнуць нам Алега, прафесіянала, які стварыў гімнічную музыку да купалавай “Малітвы”. Яна навечна проста “вырублена” ў сэрцах беларусаў, яе “ментальнасць” сугучная ментальнасці нацыі.

Але прывяду наконт слова “прафесіянал” думку самога Алега: “Малітва і Мулявін настолькі гарманічна зліліся адно з адным, што пазней многія лічылі: музыку да гэтай песні напісаў сам Мулявін <…> Урэшце, я думаю, што сапраўдны прафесіяналізм кампазітара і заключаецца ў тым, каб напісаць такую песню, якая стала б адным цэлым з выканаўцам…” Гэта цытата з кнігі “Уладзімір Мулявін. Нота лёсу” (2004 год). Калі над ёй працавала, папрасіла Алега напісаць свае ўспаміны пра Песняра. У ягоным тэксце былі і тыя радкі. Пазней, у 2015-м, калі для выдавецтва “Мастацкая літаратура” я рыхтавала новую кнігу, сама назва яе “Уладзімір Мулявін. “Сэрцам і думамі...” выкрышталізавалася дзякуючы менавіта молчанаўскай “Малітве”. Для мяне адразу было зразумела, што на першых старонках кнігі павінен стаяць выпісаны асабістай рукой Алега Молчана аўтарскі клавір. Каб на тым рукапісным нотным матэрыяле адбіліся энергетыка, думкі, дыханне аўтара.

Алег прынёс той “дыхаючы” клавір. А ў маёй памяці ў гэтыя дні смутку па нашым з Барысам Крэпакам шматгадовым шчырым і любімым сябры быццам завісла карцінка: рука Алега ўзнялася над “Малітвай”…

Людміла КРУШЫНСКАЯ