Пайсці, каб застацца

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Мне вельмі хацелася б пагутарыць з Алегам цяпер, а не пісаць пра яго ў мінулым часе. Я нават не здагадваўся пра ягоную хваробу, бо заўсёды бачыў яго чалавекам, які насамрэч выпраменьваў святло, радасць, аптымізм. А яшчэ — зайздросную шчырасць, у якую пачынаў верыць ледзь не кожны, хто з ім сустракаўся і гутарыў. І калі ён без асаблівай сціпласці называў сябе выдатным музыкам, пладавітым кампазітарам, з ім можна было адразу пагаджацца нават тады, калі гэтыя словы ўспрымаліся як жарт.

/i/content/pi/cult/769/16613/015.JPGЁн сапраўды быў выдатным музыкам, не такім, як многія іншыя саманазваныя “геніі”, таму што ўласны талент Алег лёгка даказваў напісанай ім музыкай. Пры гэтым з ім можна было смела спрачацца, таму што ў такіх спрэчках Алег ніколі не апускаўся да зняваг, а даказваў свой пункт гледжання аргументавана і з веданнем справы.

Ён увайшоў у склад “Песняроў” у няпросты для калектыву час, калі цікавасць да яго з боку слухачоў прыкметна паменшала. Аднак Алег прыўнёс з сабой, вобразна кажучы, хвалю свежага творчага паветра, адразу прапанаваўшы ў рэпертуар сумесную з паэтам Аляксандрам Лягчылавым праграму “Ave sole, альбо Слова Скарыны”. Шмат пазней ён казаў, што гэтая праграма — лепшае, што ён зрабіў для “Песняроў”. Але ж і апрача “Слова Скарыны” ён аддаў ансамблю яшчэ вельмі шмат — і як кампазітар, і як аранжыроўшчык, не кажучы ўжо пра свае навыкі як піяніста. Мяркуйце самі: аранжаванні песень з праграмы “Вянок” і некалькіх нумароў з праграмы “Казацкая вольніца”, для якой ён таксама напісаў некалькі песень. А яшчэ ж былі (упэўнены — і будуць жыць!) такія запамінальныя творы, як “Маргарыта”, “Обманите меня”, “Дзве таполі”, “Кума”, “Христос воскрес”. Алег лёгка знаходзіў агульную мову з паэтамі — з класікамі паэзіі і з сучаснікамі. Аляксандр Лягчылаў, Алесь Ліпай, на вершы якога было напісана некалькі песень (як хоць бы “Карабель маей краіны”). Абодва пакінулі гэты свет раней за Алега. І калі б яны засталіся тут, напэўна з-пад рукі кампазітара з’явілася б яшчэ шмат твораў, якімі б яны разам ганарыліся…

Безумоўна, напісаная Алегам “Малітва” стала ягоным зорным хітом, хоць гэтая песня ў адрозненне ад таго, што агульнапрынята называць хітамі, была катэгарычна іншай. Яна з’явілася, зноў жа, ў няпросты як для “Песняроў”, так і для самога Уладзіміра Мулявіна час. Мне так здаецца, што гэта была найбольш асабістая песня лідара “Песняроў” за ўвесь час існавання калектыву, таму што Мулявін “маліўся” не толькі за “народ Беларусі”, але й за сябе самога. І я не магу ўявіць гэтую песню ў выкананні якога іншага спевака — настолькі яна неадлучная ад асобы Мулявіна!

Наогул творчы тандэм Мулявін-Молчан быў бадай што найбольш зладжаным і пладавітым за ўсе гады існавання “Песняроў”. Яны працавалі разам з поўным, нават неверагодным узаемным даверам. Алег лёгка лавіў і разумеў ідэі Мулявіна і пісаў аранжыроўкі, якія гэтак жа лёгка прымаліся лідарам ансамбля.

Ды не толькі “Песняры” маглі ганарыцца супрацоўніцтвам з Алегам. Ён шчодра дзяліўся сваім талентам з многімі выканаўцамі: Інай Афанасьевай, Валерыем Дайнекам, праграму на вершы Валянціны Аколавай увасобіў у Дзяржаўным канцэртным аркестры, а харавую праграму “Я нясу вам дар” — з Дзяржаўнай харавой капэлай імя Рыгора Шырмы. У сярэдзіне 90-х ён стаў прадзюсарам і асабістым кампазітарам спявачкі Ірыны Відавай, для якой стварыў вялікі рэпертуар.

Ёсць такія творы, не выключаючы і песеннага жанру, якія ўзвышаюцца па-над часам, па-над модай на тую ці іншую стылістыку. І такія ў даробку Алега Молчана ёсць. Колькі б не мінула гадоў, кожнае новае іх выкананне будзе імгненна асацыявацца з асобай аўтара музыкі, нават калі ягонае імя і не прагучыць у час канцэрта. Ды ў любым выпадку, хочацца верыць, імя Алега Молчана штогод будзе лунаць у паветры, бы тое восеньскае лісце ў той дзень, калі ён пайшоў у вечнасць…

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ