Ці варта Трыенале быць клонам Салона?

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Калі з невялікай разбежкай у часе адбываецца некалькі імпрэзаў, кожная з якіх прэтэндуе на статус падзеі года ў той ці іншай галіне, міжволі напрошваецца іх параўнанне. Так у жніўні праходзіў Рэспубліканскі конкурс “Трыенале маладых мастакоў”, а зараз адбываецца чарговы “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”. І першая, і другая імпрэзы насамрэч вельмі важныя падзеі ў сферы культуры. Можна, канешне ж, абмежавацца падзякай арганізатарам і Трыенале, і Салона за руплівасць, за неабыякавасць да лёсу маладых творцаў, і не лезці ў нетры аналітыкі і параўнанняў, якія камусьці могуць падацца некарэктнымі. Але па сутнасці гаворка ідзе не столькі пра дзве канкрэтныя выставы, а пра магчымыя перспектывы беларускага мастацтва: будзе яно развівацца праз дзяржаўную падтрымку, адштурхоўваючыся ад нацыянальнай ідэі і інтарэсаў шырокай грамады ці пойдзе рынкавым шляхам, арыентуючыся на не заўжды выхаваны густ пакупніка.

/i/content/pi/cult/769/16608/09.JPGАдразу зазначу, што абодва шляхі могуць стаць магістральнымі. Творчасць — справа глыбока асабістая, і кожны мастак сам ведае, што яму трэба, і на што ён здольны. Зрэшты, свабода, творчая ў тым ліку — нішто іншае, як магчымасць самому выбіраць сабе форму залежнасці. Наяўнасць ідэі, прывабнай для творцаў — гэта, безумоўна, добра, але мець цывілізаваны мастацкі рынак таксама някепска. Карысна калі-нікалі ўзірацца ў неба і думаць пра вечнае, але не варта і забываць пра людзей наўкол з іхнімі штодзённымі патрэбамі. У нашым выпадку гаворка ідзе пра патрэбы эстэтычныя. Увогуле я за сінтэз і гармонію, але па жыцці звычайна атрымліваецца, што нешта дамінуе.

Зараз у мяне перад вачыма два каталогі. Аднаго з апошніх Салонаў і сёлетняй Трыенале. Каталог Трыенале — 80 старонак, Салона — 212, ды і папера лепшая. Прынамсі, больш дарагая. Я магу памыляцца, але маю ўражанне, што дызайнеру, які рабіў макет каталога Салона, у адрозненне ад ягонага калегі, занятага выданнем пра Трыенале, не было патрэбы заганяць сваю фантазію ў рамкі не надта багатага бюджэту. Гэта тое, што мне адразу кідаецца ў вочы. А вось якасць прадстаўленых работ у абодвух каталогах прыблізна аднолькавая. А часам і цалкам ідэнтычная.

Калі ж гаварыць пра сёлетнія імпрэзы, дык відаць, што і ў Трыенале, і ў Салоне бяруць удзел адны і тыя ж аўтары, нават з аднымі і тымі ж работамі. Хутчэй за ўсё рыхтаваліся мастакі менавіта да Восеньскага салона, а па дарозе ўлетку іх перахапіла Трыенале.

Маладзёжнае трыенале ладзілася ўпершыню, і, адпаведна, культурніцкая грамада ўспрымала яго як пілотны праект, даруючы арганізатарам пэўныя недапрацоўкі. Толькі ўвесну Нацыянальнаму гістарычнаму музею было афіцыйна даручана займацца Трыенале. Відаць, зыходзілі з таго, што сённяшні дырэктар музея Павел Сапоцька раней кіраваў галерэяй “Універсітэт культуры”, якая якраз і спецыялізавалася на творчасці моладзі, — а значыць, знаходзіцца “ў тэме”. Пад заяўкі на ўдзел было адведзена тры месяцы, а непасрэдная работа над выставай заняла недзе месяцы два. Беручы да ўвагі маштаб падзеі, гэта вельмі малы тэрмін. Арганізатары былі вымушаны працаваць, што называецца, “з колаў”. Каб застрахавацца на выпадак, калі прадстаўленых на разгляд журы работ будзе замала, давялося звяртацца па дапамогу да мастацкіх навучальных ўстаноў. А найлепшае, што тыя маглі прапанаваць, гэта дыпломныя работы. Дарэчы, менавіта яны ў значнай ступені выставу і выцягнулі…

/i/content/pi/cult/769/16608/010.JPGКалі Саюзу мастакоў было прапанавана прадаставіць пад экспазіцыю Трыенале сталічны Палац мастацтва, на плошчах якога творчае аб’яднанне ажыццяўляе сваю выставачную дзейнасць, старшыня Саюза Рыгор Сітніца быў у роспачы. Рэч у тым, што каляндар выстаў быў звярстаны яшчэ напрыканцы 2018 года, і ўплішчыцца туды не ўяўлялася магчымым. Але Беларускі саюз мастакоў пайшоў насустрач арганізатарам і выкрасліў з плана адну пазіцыю — камерцыйную выставу, ад якой меліся адтрымаць прыбытак за арэнду плошчы.

Тое, што пры гэтым экстрыме выстава ўсё ж атрымалася, што да яе пачатку быў выдадзены каталог, што падзея абмяркоўвалася ў СМІ, заслуга ўсіх, хто меў да гэтага дачыненне. І кепскага слова ў іхні адрас я не скажу.

Восеньскі салон ладзіцца ўжо пяты раз. За час, што мінуў з 2015 года, грунтоўна распрацаваны ягоны алгарытм. Ён, так бы мовіць, раскручаны. Няма патрэбы нагадваць пра яго мастакам і гледачам. Адзін Восеньскі салон закрываецца, і адразу пасля “разбору палётаў” пачынаецца падрыхтоўка да наступнага. Рыхтуюцца і арганізатары, і патэнцыяльныя ўдзельнікі.

Для Трыенале маладымі лічацца мастакі, не старэйшыя за 31 год, а вось для Салона мяжа маладосці пасунута да 40 гадоў. Гэта акалічнасць значна пашырае кола аўтараў, якія бяруць удзел у праекце. Ды і творчы досвед у іх большы, чым у тых, хто толькі-толькі скончыў мастацкую ВНУ. Адпаведна, большы выбар твораў. І вышэй іх якасць. У выніку экспазіцыя можа атрымацца цікавейшай.

І на Салоне, і на Трыенале могуць быць прадстаўлены работы, створаныя ў апошнія тры гады. Такім чынам дзве гэтыя імпрэзы з’яўляюцца канкурэнтамі. Сітуацыя чымсці нагадвае прымаўку пра двух мядзведзяў у адной бярлозе. І лепшымі пазіцыямі тут валодае Салон, бо гэта не проста конкурс, але выстава-продаж. А гэта азначае, што нават калі твор і не будзе адзначаны журы, на яго можа пакласці вока грашавіты калекцыянер. Згаданая акалічнасць робіць прывабным у вачах творчай моладзі якраз Салон, а не Трыенале.

З прыведзенага вышэй відаць, што не варта арганізатарам Трыенале арыентавацца па Салон. Усё адно так, як ў “Белгазпрамбанка” не атрымаецца. Не тыя грошы, не той арганізацыйны патэнцыял. Ніша, на якую фактычна прэтэндуе Трыенале, ужо занятая. Спрачацца з бізнесоўцамі на іхнім жа полі абсалютна бесперспектыўна. Гэта трэба прымаць як факт. У дадзеным выпадку, каб быць паспяховым, трэба быць іншым. Гэта найперш значыць — мець іншую канцэптуальную аснову. Тым часам, як Салон робіць добрую справу, фіксуючы сучасны стан нашага мастацтва ў адной з ягоных іпастасей (я б назваў яе іранічна-эпатажнай), Трыенале, на маю думку, магло б тое мастацтва накіроўваць у рэчышча нацыянальнай ідэі, доўгатэрміновых інтарэсаў шырокай грамады і фарміравання адметнай беларускай стылістыкі. Інакш кажучы, працаваць не на ўласную кішэнь, а на прэстыж дзяржавы. Гэта цяжка. Але хто казаў, што творчасць як такая і ўсё, што каля творчасці — гэта лёгка?

P.S. Не здзіўлюся, калі на сёлетнім Восеньскім салоне прыз глядацкіх сімпатый зноў атрымае Алеся Скарабагатая. Бо яна якраз умее не толькі маляваць, але і думаць. На прэзентацыю грамадзе творцаў такога класу, відаць, і мусіць арыентавацца ў перспектыве наша Трыенале маладых мастакоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"