Доктар Жывага — мецэнат Купалы?

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

24 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыліся ХІІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нацыстаў і 75-годдзю заснавання Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У гэтыя ж дні ў музеі экспануецца і выстава “Душой я вольны чалавек”, прысвечаная пецярбургскаму перыяду ў жыцці паэта, прымеркаваная да 110-годдзя прыезду Янкі Купалы ў Санкт-Пецярбург. Аб здабытках і знаходках распавяла куратар выставы і арганізатар Купалаўскіх чытанняў Галіна Варонава.

/i/content/pi/cult/769/16607/06.JPG“Тутэйшыя” па-венгерску

Чытанні сабралі адмыслоўцаў з купалазнаўства і літаратурнага музеязнаўства, тых, хто займаецца музеефікацыяй і актуалізацыяй спадчыны Янкі Купалы. Сярод асноўных пытанняў канферэнцыі былі заяўленыя аналіз уплыву Янкі Купалы на развіццё беларускай літаратуры, нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай дзяржаўнасці, праблемы перакладу літаратурнай класікі і вызначэнне ролі літаратурных музеяў у папулярызацыі біяграфій творцаў. Разглядаліся кантакты Янкі Купалы з сучаснікамі, яго творчая спадчына ў кантэксце еўрапейскага літаратурнага працэсу.

/i/content/pi/cult/769/16607/07.JPGНапярэдадні Купалаўскіх чытанняў 23 кастрычніка адбылася прэзентацыя беларускага нумара часопіса Naput, які выходзіць у Будапешце. Часопіс прадставілі галоўны рэдактар Дзьёрдзь Сонды і перакладчык Петар Барас, які стала жыве ў Беларусі і адным з першых пачаў перакладаць творы беларускай літаратуры непасрэдна з мовы арыгінала, а не праз пасярэдніцтва рускай мовы. Нумар знаёміць венгерскага чытача з гісторыяй і культурай Беларусі, у тым ліку і з творчасцю Янкі Купалы: так, змешчаныя чатыры варыянты перакладу верша “А хто там ідзе?” і пераклад першай часткі п’есы “Тутэйшыя”, выкананыя венгерскімі студэнтамі-мовазнаўцамі.

Адмыслоўцы адзначаюць, што п’еса “Тутэйшыя” надзвычай складаная для перакладу на іншыя мовы, бо яе тэкст пабудаваны акурат на перапляценні і супрацьпастаўленні літаратурнай беларускай мовы з гаворкамі і жаргонамі, для якіх уласцівыя польскія і рускія акцэнты і лексіка — таму перакладчыкам даводзілася шукаць аналагічныя адпаведнікі ў венгерскай мове. Тым не менш, цікава, што “Тутэйшыя” выклікаюць зацікаўленасць у перакладчыкаў — так, нядаўна п’еса была таксама перакладзеная на французскую мову. На прэзентацыі прысутнічаў пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Жолт Чутора, які ўручыў Петару Барасу дзяржаўную ўзнагароду за ўнёсак у падтрыманне беларуска-венгерскіх дачыненняў.

Згадваліся падчас чытанняў і новаадшуканыя артэфакты, якія належалі Янку Купалу. Так, вядучы бібліёграф Людміла Сільнова паведаміла, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі быў выяўлены шэраг кніг з раней невядомымі ўладальніцкімі надпісамі Янкі Купалы, што дае штуршок да аднаўлення кодэкса асабістай бібліятэкі паэта, які дазволіць атрымаць уяўленне аб кнігах, якія меў на сваіх паліцах класік. Вядома, што ў міжваенныя гады Янка Купала сам неаднаразова перадаваў кнігі са сваіх збораў у Дзяржаўную бібліятэку БССР.

Як Янка Купала абыйшоў Сяргея Ясеніна

Удзельнічалі ў чытаннях таксама іншыя замежныя даследчыкі. Так, Вольга Шчаглова з Гісторыка-мастацкага музея Калінінградскай вобласці прадставіла міжнародныя праекты, прысвечаныя міжкультурным сувязям у балтыйскім рэгіёне, у тым ліку леташні праект “Шляхамі мовы і літаратуры”, у якім музеі з Беларусі, Літвы і Расіі прадставілі спадчыну шасці творцаў гэтых народаў. Кіраўніца Аб’яднання мемарыяльных музеяў Латвіі Рыта Мэйнертэ распавяла аб досведзе мемарыялізацыі спадчыны латвійскага паэта Яна Райніса, які падтрымліваў сувязі з Янкам Купалам.

А незалежны даследчык з расійскага Благавешчанска Юрый Аляксееў прадставіў цікавую гіпотэзу, што доктар Аляксандр Ярэміч, мецэнат, які аказваў дапамогу Янку Купалу, мог быць прататыпам галоўнага героя рамана Барыса Пастэрнака “Доктар Жывага”. Многія дэталі біяграфіі Ярэміча нагадваюць лёс Жывага, а сам Барыс Пастэрнак быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і мог даведацца ад паэта гісторыю жыцця доктара. Род Ярэміча паходзіў з Беларусі, а сам ён атрымаў вядомасць перадусім як першы медык, які распрацаваў і прымяніў унутрывенны наркоз.

/i/content/pi/cult/769/16607/08.JPGАляксандр Ярэміч не губляў сувязі з Беларуссю, быў падпісчыкам “Нашай Нівы” і даў сродкі на выданне зборніка Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, які пабачыў свет у 1913 годзе — імя доктара-мецэната пазначанае ў прысвячэнні, якое аўтар змясціў у пачатку кнігі. Наогул, гэта адна з дзвюх кніг Купалы, якія друкаваліся з прысвячэннем — іншае выданне, паэму “Сон на кургане”, паэт прысвяціў памяці сваіх бацькі і брата. Дачка Ярэміча ўзгадвала, што ў сям’і існавала легенда, паводле якой, нібыта, доктару адначасова прапанавалі выступіць спонсарам выхаду зборнікаў Янкі Купалы альбо Сяргея Ясеніна — і Ярэміч выбраў беларускага аўтара.

Беларускі Пецярбург

Кнігу “Шляхам жыцця” з прысвячэннем Аляксандру Ярэмічу, а таксама фота і дакументы доктара можна пабачыць у гэтыя дні ў Купалавым музеі на выставе “Душой я вольны чалавек”, якая ўпершыню экспанавалася на пляцоўцы Усерасійскага музея А.С. Пушкіна падчас VII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму ў 2018 годзе. Янка Купала жыў і вучыўся ў Пецярбургу з 1909 па 1913 год, тут убачылі свет яго першыя зборнікі, адбылася прэм’ера знакамітай “Паўлінкі”…

У экспазіцыі прадстаўленыя выданні першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца” і дакументы аб дзейнасці Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Шэраг экспанатаў распавядае аб лёсах лідараў беларускага адраджэння, чый жыццёвы шлях быў звязаны з Пецярбургам: прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы, этнографа Антона Грыневіча, Вацлава Іваноўскага, Алаізы Пашкевіч. Асобныя вітрыны прадстаўляюць перакладчыкаў Янкі Купалы: Апалона Карынфскага, Максіма Горкага, Валерыя Брусава, Яўгена Мазалькова, Сяргея Гарадзецкага. А комплекс, прысвечаны купалаўскаму перакладу паэмы Аляксандра Пушкіна “Медны коннік” прадстаўляе самога Купалу як перакладчыка рускай класікі. Цікавы дакумент, звязаны з прэм’ерай “Паўлінкі”, якая адбылася ў Пецярбургу ў 1913 годзе: роля галоўнай гераіні, распісаная пазнакамі рукой выканальніцы — Паўліны Мядзёлкі.

На выставе змешчаная таксама карта-схема беларускіх адрасоў Пецярбурга, якая дазваляе адшукаць купалаўскія мясціны ў сучасным горадзе — гэта гатовы дапаможнік і план для літаратурнай экскурсіі. Дакументальны аповед выставы дапаўняюць карціны беларускіх мастакоў, сярод якіх партрэт Браніслава Эпімаха-Шыпілы пэндзлю Віктара Барабанцава і карціна Абрама Кроля “Янка Купала чытае Цётцы свае вершы”.

Спяшайцеся пабачыць — выстава “Душой я вольны чалавек” дзейнічае да 5 снежня.