Аляксей Палуян: “Менш ёсць больш”

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

Французскі Клермон-Феран, іспанскі FICBUEU, грэчаская Drama… — далёка не поўны пералік еўрапейскіх фестываляў кароткаметражнага кіно, дзе была адзначана гэта карціна. У аснове яе — аднайменны раман пісьменніка Віктара Марціновіча. Мова стужкі — беларуская. Галоўная актрыса — дзевяцігадовая Наста Пляц — іграе адну з найскладанейшых роляў (і калі даведваешся якую, разумееш, як гэта нялёгка). Яшчэ напачатку “Возера радасці” — а пра яго ідзе гаворка — прад’яўляе свае моцныя карты, каб урэшце падысці да галоўнага “козыра”. Прыцягальнасць гэтага кіно — ва ўніверсальнай кінамове. Калі маўчанне значыць болей за словы, а сацыяльны кантэкст абарочваецца пытаннем персанальнай самаідэнтыфікацыі. “Возера радасці” — гісторыя пра дзяўчынку Ясю, ці — пра кожнага з нас, як чыёсьці дзіця? Ці так: хто ў гэтай гісторыі прымае галоўнае рашэнне? Напярэдадні вялікай прэм'еры на радзіме, гутарым з рэжысёрам карціны Аляксеем ПАЛУЯНАМ пра персанальную дыстанцыю, Беларусь як пазачасавую прастору і кароткаметражны фармат, які бывае круцейшым за поўны метр.

/i/content/pi/cult/769/16605/05.JPG— Аляксей, пачну з пытання амаль трывіяльнага: што вас падштурхнула зрабіць карціну па рамане “Возера радасці”?

— Гэта кніга проста трапіла да мяне ў патрэбны момант. Я ўзяў з яе толькі пэўны эпізод, як вы маглі заўважыць — калі галоўную гераіню, маленькую Ясю, аддаюць у лясны санаторый. Прызнацца, гэты кавалачак зачапіў мяне, бо гісторыя майго бацькі ў чымсьці падобная да Ясінай. У сем гадоў пасля смерці маці яго бацька — мой дзед — аддаў тату ў інтэрнат. Ён вырас у падобнай установе. Я шукаў, якім жа чынам магу распавесці пра гэта, выкарыстоўваючы пэўную дыстанцыю. І раман Віктара дапамог мне.

— Вы многае змянілі ў стужцы…

— Так, але пакінуў “зерне” сітуацыі, гісторыі. Мы сустракаліся з Віктарам, я выклаў яму свае ідэі — і ён дазволіў мне вольную інтэрпрэтацыю эпізоду. Для мяне было важным перанесці дзеянне ў вёску, бо ўсе нашы невялікія правінцыйныя гарады — па-сутнасці, аднастайныя, безаблічныя. А вось вёскі наадварот — прыгожыя. Таксама змяніў некаторых персанажаў — мне падаецца, што гэта цалкам дапушчальна. У стужцы, насамрэч, перамешана шмат чаго — гэта і гісторыя Ясі, і майго бацькі, ды нават мае ўспаміны пра вёску ў дзяцінстве. Але галоўны лейтматыў застаўся: што прымушае бацькоў аддаваць дзяцей у прытулак?

— Нягледзячы на тое, што дзеянне фільма адбываецца ў Беларусі, і вы з любоўю вымалёўваеце, паказваеце яе культуру, яе самыя розныя пласты, не магу пазбавіцца ад высновы, што гісторыя датычыцца не толькі нас. Ці я памыляюся?

— Дзякуй. Тое цалкам справядліва — яна ўніверсальная. Невыпадкова стужка атрымала столькі адзнак на фестывалях — яна чапляе амаль кожнага. Сіроты ёсць паўсюль: у Германіі, Францыі, у многіх краінах. У Амерыцы да мяне падыходзілі гледачы і пыталі пра беларускія інтэрнаты. “Гэта супер, што ў вас дзяржава дапамагае — у нас такога няма”, — казалі яны. Падчас прагляду амерыканская публіка, не стрымліваючыся, дэманстравала свае эмоцыі: яны не чакалі такога адкрытага матэрыялу.

Мяркую, што гісторыя Ясі зразумелая ўсім, бо яна можа здарыцца ў любой краіне. Аднак што да таго, што я імкнуся паказаць культуру Беларусі — так гэта праўда, мне хочацца адкрыць яе свету. Фільм, у прыватнасці, мы здымалі ў Ляхавіцкім раёне.

— Цікавая рэч. Час дзеяння ў фільме — 1990-я. Ды прызнацца, тыя часавыя рамкі не так проста і вылічыць. Вы зрабілі гэта наўмысна?

— Гэта, сапраўды, той поспех, якога я дамагаўся. Мне падаецца, што наша краіна, у прыватнасці, вёска ўтрымлівае ў сабе прыкметы самых розных часоў. (Падкрэслю, што буйныя гарады пакідаем тут па-за дужкамі). І такая міжчасавасць — вялікае візуальнае багацце для кінематаграфістаў. Я нават пытаў аўдыторыю ў розных краінах: што гэта за час, на вашу думку?

— І што людзі адказвалі?

— У Клермон-Феране, напрыклад, казалі, што гэта 1960-я. На французскім тэлебачанні, здаецца, рабілі здагадку пра канец 1950-х. У Амерыцы прапанавалі, што 1930-я. Немцы і іспанцы вылучалі версіі пра 1980-я, грэкі — пра 1990-я…

— “Недзе ў ХХ стагоддзі”, можна казаць пра ваш фільм так…

— Можа быць (смяецца). Але Беларусь — яна такая. Я ўзнаўляю і свой гарадок, Баранавічы, у якім нарадзіўся. Там за апошнія гады мала што змянілася. Мне падаецца, што гэту адметнасць нашага асяродку варта адлюстроўваць у кіно. Дзе вы яшчэ бачылі падобнае?

— Сцэнарый, візуальнае мастацкае рашэнне, — вельмі цікава дазнацца якія захады вы робіце дзеля стварэння свайго кінатвора. Але ў вашай стужцы — і адмысловы акцёрскі склад. У фільме іграюць як вядомыя беларускія акцёры: Ігар Сігоў, Святлана Анікей, Аляксандр Малчанаў, Таццяна Мархель, так і юная актрыса Наста Пляц, абліччам якой нельга не захапіцца. Як фарміраваўся акцёрскі ансамбль?

— Фільм адбыўся, у першую чаргу, дзякуючы Насце Пляц. Тут няма сумневаў, хто самы галоўны ў стужцы (на іспанскім кінафестывалі FICBUEU Наста Пляц была прызнана "Найлепшай актрысай” — Д.А.). Я адразу хацеў, каб галоўную ролю ў фільме сыграла дзяўчынка з інтэрната. Так і адбылося. Аднак, прызнацца, мы доўга шукалі Ясю. Аб’ездзілі шмат устаноў, у Мінску, па-за Мінскам, і ўсё ніяк не маглі знайсці. І вось апошняй кропкай нашага падарожжа быў Магілёў. Не дзіцячы дом, а такая форма як SOS-дзіцячая вёска, дзе дзетак выхоўваюць не выхавацелькі, а некалькі мам. Памятаю, як мы зайшлі з маёй асістэнткай Ірынай у пакой, і папрасілі дзетак нам падыграць. Усе адгукнуліся, а адна дзяўчына стаіць у куце і так уважліва нас вывучае. Маўклівая, стрыманая, а вочы — такія дарослыя. Я не мог яе не заўважыць. Потым мы пагутарылі і я сказаў: Яся — гэта яна.

— Як Наста сябе пачувала ў такой зорнай акцёрскай камандзе?

— Мне падаецца, што добра. Я персанальна не ставіў ёй пэўных акцёрскіх звышзадач, хутчэй імкнуўся з’ініцыяваць яе досвед. Маці пакінула дзяўчынку з братам у інтэрнаце, — Насце асабліва і іграць нічога не трэба было, усё перажыта. Яна вельмі разумная, чулая дзяўчынка, і я мяркую, што ўсё ў яе жыцці атрымаецца.

— Канешне, яе досвед складана ўявіць пэўнай іншай актрысе…

— Калі Наста першы раз убачыла тое, што ў выніку атрымалася на экране, яна не магла стрымаць слёз. Што і казаць… Але вяртаючыся да вашага пытання, адзначу, што акцёрскай камандай задаволены. Асабліва спадабалася працаваць са Святланай Анікей, Аляксандрам Малчанавым, Дзянісам Тарасенкам. Дзяніс, увогуле, стаўся для мяне асабістым адкрыццём. Лічу, што для Беларусі гэты артыст - падарунак. Словам, у сваім кіно буду і далей задзейнічаць беларускіх акцёраў: яны вартыя таго, каб іх убачыў свет.

— Быць унутры матэрыялу, культуры, і адначасова знайсці кінамову, што будзе зразумелая гледачу іншых краін. Як вы для сябе вырашаеце гэту задачу?

— Я бачу тут толькі адно выйсце — інтэрнацыянальная здымачная каманда. Многія рэчы “правяраю” на маіх замежных калегах. Калі бачу, што мой сябра шатландзец кажа “ваў” ў гэтай сцэне, а вось у іншым моманце мой калега іранец цудоўна разумее, што маецца на ўвазе — значыць я рушу ў правільным кірунку. Можа быць, тое толькі адзін з рэцэптаў, не ведаю, але мне ён падаецца дзейсным. Пры гэтым першыя гледачы, хто бачыў “Возера радасці” былі ўсё ж такі мае сябры беларусы.

— Працуючы зараз у Германіі, якім рэжысёрам вы сябе больш пачуваеце?

— Ментальна я абсалютна беларус і беларусам сябе і пачуваю. Адукацыя ў Германіі проста дала мне магчымасць уцягнуцца ў культуру Заходняй Еўропы — і гэта выдатна. Так, пэўная дыстанцыя да Беларусі ўжо маецца, але я залічаю яе ў свае плюсы. Гэта вельмі добра для творчасці.

— Як вы ўвогуле вырашылі паступаць у Касельскую мастацкую акадэмію на рэжысуру кіно? Гэта ж далёкі свет!

— Мне вельмі хацелася атрымаць замежную кінаадукацыю, усё проста.. Прызнаюся, напачатку марыў пра іншы горад і яго моцную акадэмію, але ўявіце конкурс: каля 3000 чалавек на 8 месцаў. Людзі паступаюць з усяго свету. Я вырашыў не рызыкаваць, абраў Касель і яго арт-інстытуцыю, дзе быў меньшы конкурс. Аднак калі паступіў на курс да ўкраінскай актрысы і рэжысёра Яны Друзь — высветлілася, што яна там выкладае — усе мае перасцярогі развеяліся. Мне так спадабалася ў яе вучыцца, што ўжо пра аніякую іншую школу і забыў думаць.

— Якія адметнасці нямецкай школы вы б вылучылі?

— Ніхто не імкнецца адразу рабіць поўны метр, як гэта адбываецца ў Беларусі. Людзі рыхтуюцца да яго гадамі. Менш ёсць больш. Гэта ў цэлым маё жыццёвае крэда, і тым больш яно актуальнае да кінавытворчасці. Мяркую, што чым болей у кіно распавядаеш праз візуальны шэраг, імкнешся перадаць стан — тым лепш. Меней словаў — больш жыцця. Я спрабаваў так рабіць і ў “Возеры радасці”, і буду далей прытрымлівацца такога правіла.

— Як вы ставіцеся да таго, што вам прыходзіцца быць і прадзюсарам сваёй карціны?

— Гэта рэчаіснасць ХХІ стагоддзя! Сёння зняць фільм можа кожны — тэхніка ёсць, усё ёсць. Зараз не часы Феліні, калі стужка выдзялялася пад подпіс. Калі што здольнае дэманстраваць сур’ёзныя намеры — так гэта твая зацікаўленасць, адказнасць. Калі ты становішся прадзюсарам сваёй карціны — значыць, ты лічыш яе вартай інвестыцый. Ты за яе адказваеш.

— Дзе вы шукаеце, у прыватнасці, сродкі на вашы фільмы?

— На пітчынгах, падаю заяўкі ў адпаведныя кінаінстытуцыі ў Германіі… Здымаю прома-ролікі для тэатраў і оперы — гэтым зарабляю, і ўкладваю ў сваё кіно. Іншага шляху пакуль не бачу. Знайсці сродкі на сваё кіно ва ўсім свеце нялёгка, але ў Беларусі ўсё ж тое ў разы цяжэй.

— Прызнайцеся, думаеце пра поўны метр?

— Ужо над ім працую (усміхаецца). Але бяруся за вялікі праект таму, што добры кароткі метр ужо маецца. Ёсць што прад’явіць патэнцыйным інвестарам.

— І апошняе пытанне, Аляксей. Вы родам з Баранавічаў, і не магу не адзначыць, што ў гарадку нарадзіліся ўжо цэлая плеяда рэжысёраў: Сяргей Лазніца, Андрэй Куціла, Аляксандр Міхалковіч… Цалкам дарэчы казаць пра “баранавіцкую кінахвалю”, як бы жартоўна гэта ні гучала…

— І сапраўды нямала… (смяецца). Мяркую, што з гэтым трэба штосьці зрабіць. Можа быць, варта запусціць ідэю кінаальманаха пра Баранавічы, у якім сваю гісторыю распавёў бы кожны з гэтых рэжысёраў. Так, сапраўды, цікавы феномен, але даць яму тлумачэння пакуль не магу.

P.S. Пасля паказу на “Лістападзе” стужка “Возера радасці” з 13 лістапада выходзіць у мінскі пракат. Таксама фільм Аляксея Палуяна будзе паказаны ў Брэсце, Магілёве, Баранавічах і Ляхавічах.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"