Творчае сумоўе рэстаўратараў

№ 44 (1431) 02.11.2019 - 09.11.2019 г

80 гадоў Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь
Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь — 80 гадоў. Усё, што гэтымі днямі робіцца ў сценах нашай скарбніцы, мае святочнае падсвятленне. Вось і прэзентацыя зборніка матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў: сучасны стан і перспектывы развіцця”, якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім 30 кастрычніка, вельмі пасавала юбілейным урачыстасцям.

/i/content/pi/cult/769/16604/1.jpgНа прэзентацыі прысутнічалі тыя, хто мае да гэтай справы непасрэднае дачыненне — спецыялісты Нацыянальнага мастацкага і іхнія калегі з рэгіёнаў. Згаданая канферэнцыя праходзіла сёлета ў сакавіку. Пляцоўкай творчага сумоўя рэстаўратараў былі Нацыянальны мастацкі музей і Музей “Замкавы комплекс “Мір”. Выява Мірскага замка змешчана на вокладцы кнігі, бо замкавы комплекс у гэтым праекце не толькі адзін з арганізатараў, але і выдавец зборніка. Дарэчы, Мірскі замак калісьці быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея. Сёння ж гэта дзве самастойныя ўстановы культуры, звязаныя плённымі партнёрскімі стасункамі.

/i/content/pi/cult/769/16604/02.JPGВыхад у свет зборніка матэрыялаў канферэнцыі вельмі пасуе музейнаму святу. Але паколькі наша мастацкая скарбніца нават у святочныя дні не выходзіць з рабочага рэжыму, гаворка на імпрэзе ішла не толькі пра дасягненні, якімі па праве ганарацца беларускія рэстаўратары, але і пра не вырашаныя яшчэ праблемы.

Прамаўляў на прэзентацыі ў якасці вядучага намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па фондавай рабоце і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. Ён нагадаў, што беларускай рэстаўрацыі хранічна не стае кадраў. Паводле афіцыйных звестак ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству культуры, працуе крыху болей за семдзясят рэстаўратараў. Раз на пяць гадоў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў набіраецца курс рэстаўратараў, рыхтуе спецыялістаў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Але абедзве ВНУ не закрываюць усіх спецыялізацый рэстаўрацыйнай справы. Так што калі-некалі па навуку даводзіцца выпраўляцца ў замежжа. Проста неабходна, каб у сталіцы меўся Нацыянальны цэнтр рэстаўрацыі, які мог бы аказваць дапамогу спецыялістам у рэгіёнах, чыя матэрыяльная база сталічнай саступае па вызначэнні.

Існуе і праблема атэстацыі кадраў. Здавалася б, якая розніца, што ў спецыяліста запісана ў працоўнай кніжцы — абы працаваў добра. Але пры адсутнасці, так бы мовіць, “зорак на пагонах” цяжка кантактаваць з замежнымі калегамі, якія папросту не разумеюць, з кім маюць справу. Гэта першае. А па-другое, пераатэстацыя, якую ў савецкі час рэстаўратары мусілі праходзіць недзе раз на пяць гадоў, была і падсумаваннем дасягненняў, і абмеркаваннем праблем, і магчымасцю суаднесці ўласны досвед з досведам сваіх калег. Адмысловая інстытуцыя надавала спецыялісту кваліфікацыю, праз пэўны час яе пацвярджала і, калі былі на тое падставы, надавала “новую зорку на пагон”. У нас жа склалася ненармальная сітуацыя, калі па атэстацыю рэстаўратару трэба ехаць за мяжу. Да прыкладу, у Расію.

Прымаць нашых рэстаўратараў на вучобу згодны Кітай. Але толькі тых, хто спецыялізуецца на мастацтве Усходу. Каб потым яны рупіліся пра кітайскае мастацтва ў тых музеях Беларусі, дзе яно ёсць. Плённыя кантакты нашы спецыялісты маюць з калегамі з Украіны і Літвы. У межах трансгранічнага супрацоўніцтва “Беларусь — Украіна — Польшча” з’явілася магчымасць абсталяваць на грошы Еўразвязу рэстаўрацыйныя майстэрні ў Гродне. Нашых спецыялістаў гатовы прымаць на стажыроўкі ў музеях Польшчы. Нам жа запрашаць да сябе замежных калег цяжэй з прычыны адсутнасці адпаведнай матэрыяльнай базы. Тое, што нам неабходны Нацыянальны рэстаўрацыйны цэнтр, які адпавядаў бы сусветным стандартам, дзе меўся бы комплексны падыход да работы з мастацкімі артэфактамі, гаварылі ўсе ўдзельнікі прэзентацыі.

/i/content/pi/cult/769/16604/03.JPGУ зборніку матэрыялаў канферэнцыі змешчаны даклады, якія прагучалі на секцыях “Рэстаўрацыя атрыбуцыя музейных прадметаў”, “Тэхніка-тэхналагічныя даследаванні музейных прадметаў” і “Рэстаўрацыя скульптуры, манументальнага жывапісу, археалогіі”. Сярод удзельнікаў канферэнцыі спецыялісты з Беларусі, Расіі, Украіны. У гэты час у музеі праходзіла выстава “Адкрыццё сапраўднага”, на якой нашы рэстаўратары прадстаўлялі плён сваёй працы. Мабыць, асаблівую цікавасць для спецыялістаў мела прадстаўленая ў экспазіцыі праца Фізіка-хімічнага аддзела рэстаўрацыі.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"