Першая спроба стварэння нацыянальнага кінематографа
Іх было некалькі — амбіцыйных, але няўдалых. Бо пачыналі звыкла і не з таго: са стварэння чынавенскага апарата, а не з вытворчай базы, творчых задач і адпаведных кадраў.
Так было ў 1920-м: кінафотасекцыя ў Віцебску на канфіскаванай два гады таму ў “буржуяў” апаратуры здымала ля Заходняй Дзвіны часткі Чырвонай Арміі. Але ні досведу, ні сродкаў апрацоўкі адзнятай стужкі не было.
Так сталася і ў 1922-м, калі найперш стварылі “кіраўнічы орган”: Упраўленне па справах кінематаграфіі “Кінарэспбел”. Орган праіснаваў каля года без вытворчай базы, а потым яго ліквідавалі.
Так было з узніклай у траўні 1924 года новай арганізацыяй “Беларускае пралеткіно”. Ізноў: ні кадраў, ні базы. Знікла і яна.
Аднак перад бальшавіцкай уладай Беларусі красаваў так і не выкананы дасюль ленінскі запавет: “Пакуль насельніцтва ў масе сваёй непісьменнае, з усіх мастацтваў для нас найважнейшым з’яўляецца кіно і цырк”.
Цытуючы правадыра, сёння звычайна апускаюць першую — да коскі — частку закліка і апошняе слова.
Але вось, згодна з рашэннямі ХІІІ з’езда РКП(б), Саўнаркам БССР 17 снежня 1924 года выдае пастанову “Аб урэгуляванні кінасправы ў БССР”. Дзе пастанаўляе:
1. Арганізаваць пры НКА БССР Упраўленне па справах кіно (Белдзяржкіно), якому належыць дзейнічаць ва ўмовах гаспадарчага разліку з правамі юрыдычнай асобы.
2. Прадаставіць Упраўленню па справах кіно манапольнае права на пракат кінафільмаў па ўсёй тэрыторыі БССР.
Пастанова не прадугледжвала адступлення — яе трэба выконваць, патрэбны канкрэтныя захады. Улічваючы папярэднія няўдалыя спробы, іх зрабілі.
Вось таму ад 17 снежня 1924 года беларускае кіно і адлічвае сваю гісторыю, замацаваўшы гэтую дату як прафесійнае свята.
Але ў Мінску ангараў для здымачных павільёнаў так і не з’явілася — як і абсталявання для вытворчага працэсу. А капрызлівыя творцы ехаць у сталіцу Беларусі адмовіліся, дазнаўшыся, што адпаведных кватэр ім не прадугледжана, таму жыць ім давядзецца ў гатэлі “Еўропа”. Абяцанні засяліць іх у люксы ход справы не змяніла.
Цяпер ужо не дазнацца, каму ў галаву прыйшла светлая думка абсталяваць студыю “Белдзяржкіно” ў Ленінградзе: і спусцелых барскіх палацаў там досыць, і тэхніку можна пазычыць, а з кадрамі ўвогуле праблемы няма.
Так і вырашылі.
У “Крывым люстры”
Ад заснавання і на ўсе даваенныя гады беларуская студыя абсталявалася ў Ленінградзе.
Ёй аддалі шыкоўнае памяшканне ў цэнтры горада: былы тэатр “Крывое люстра”, цяперашні адрас — Канал Грыбаедава № 88 — 90. Сёння там аб’яднанне Ленканцэрт.
Першая кіназдымка адбылася ў Мінску на ўрачыстасцях з нагоды 1 траўня 1925 года, затым зафіксавалі VII Усебеларускі з’езд Саветаў, услед за ім — IX з’езд КП(б)Б, 2-ю сесію ЦВК БССР, адкрыццё Сельгасакадэміі ў Горках. Адзняты матэрыял для праяўкі і друку пракатных копій вазілі, вядома ж, на базу — у Ленінград.
А першымі фільмамі, што выпусціла “Белдзяржкіно”, сталіся кінанарысы 1925 года “У здаровым целе — здаровы дух” і “Беларуская вёска”, а праз пару гадоў — “Калгас”.
Стварэнне ўласных фільмаў, натуральна, пацягнула за сабой пашырэнне сеткі кінатэатраў ва ўсім СССР — у тым ліку, і ў Беларусі.
…І на вуліцы Мясніцкай
Перадгісторыя такая.
У Віцебску першыя сеансы прайшлі ў 1898 годзе, у Гомелі годам пазней, у памяшканні чыгуначнай школы. У тыя часы кіно ў нас круцілі ў якіх-заўгодна прыцемненых залах. Але ў 1911 годзе ў Гомелі адкрылі кінатэатр “Художественный”, — здаецца, першы ў Беларусі.
У Гародні напярэдадні Першай Сусветнай вайны адстаўны штабс-капітан Манастырскі прадставіў уладам горада праект пабудовы “для ўладкавання кінематографа”. Двухпавярховы цагляны кінатэатр назвалі неяк незразумела: “Эдэн”.
Ён існуе і сёння. З пасляваенных гадоў называецца “Чырвоная зорка” — “зорачка” па-народнаму. Яго стогадовая гісторыя адлюстраваная на музейных стэндах у фае. Шмат гістарычных дакументаў, фота і асабістых рэчаў заснавальніка перадалі нашчадкі Манастырскага, якія жывуць у Гародні і сёння.
Дырэктар “Зорачкі” Жэні Баглык разам з супрацоўнікамі нястомна папаўняе выставу-музей, рупліва збіраючы ўсё новыя экспанаты.
Я ў юнацтве быў тут сваім чалавекам у будцы кінамеханікаў. У перапынках паміж сеансамі мне дазвалялі гасіць святло, і я, адматаўшы кінастужку, пераздымаў на негатыўную фотастужку кадрыкі з выявай улюбёных акцёраў. Затым дома іх павялічваў і друкаваў на фотапаперу: збіраўся пісаць сусветную гісторыю кіно…
“Зорачка” — мой першы кінаўніверсітэт.
Хворыя на кіно
Першым кінатэатрам у Мінску ў 1900-м годзе стаў “Ілюзіён”. Праіснаваўшы дзевяць гадоў, ён згарэў, пасля чаго ў кінатэатрах дзяжурылі пажарнікі, а гледачам забаранілі смаліць.
Уладальнік тае залы Рыхард Штрэмер займаўся, да таго ж, і здымкамі. Ён паказваў свае кароткаметражкі: “Экскаватар — пякельная машына за Брэсцкім вакзалам”, “Пажар у Мінску на паліцэйскай вуліцы”, “Манёўры МВПО” — Мясцовай супрацьпаветранай абароны, якая з’явілася ўжо пасля пачатку вайны.
Другі “хворы на кіно” — уладальнік залы “Мадэрн” Фрумкін — таксама здымаў. Сюжэты: з жыцця яўрэяў у Беларусі.
І вось, апрача прывазных стужак, тутэйшая публіка магла бачыць на экранах і свае: “Палёты авіятара Утачкіна над Камароўскім полем у Мінску”, “Крушэнне цягніка на станцыі Руднікі”, “Цар палюе ў Белавежскай пушчы”.
Напачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі дзейнічалі 56 кінатэатраў.
Улічваючы вялікую колькасць непісьменных гледачоў, тытры фільмаў чыталі гучнагалосыя “зазывалы”, часам перакрыкваючы ігру тапёра — піяніна гучала абавязкова.
Як і ў якой атмасферы ствараліся першыя нямыя ленты, узноўлена Мікітай Міхалковым у фільме “Рабыня кахання”.
Праз руканне ад Пратазанава
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі класік расійскага кіно рэжысёр Якаў Пратазанаў разам з вялікім шэрагам паплечнікаў эмігрыраваў. Але неўзабаве вярнуўся і стаў класікам савецкага кіно, зняўшы “41-шы” з Адай Войцык і Ковалем-Самборскім, “Безпасажніцу” з Нінай Алісавай, “Насрадзін у Бухары” з Львом Свердліным.
У кніжцы пра рэжысёра я ўбачыў фота рабочага моманту здымак “41-шы”. Сярод скал — два ягоныя цалкам аголеныя асістэнты: Юлій Райзман і Леў Голуб.
На фільмах Льва Уладзіміравіча “Міколка-паравоз” і “Дзяўчынка шукае бацьку” я працаваў памочнікам. Голуб у маладосці паціскаў руку мэтра, а ў пажылым веку — маю, падлетка. Значыцца, я — праз адно руканне ад Пратазанава.
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр