Родны для ўсіх Якаў Навуменка

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

“Дзякуй Богу, што ў беларускай песеннай культуры была такая выдатная асоба!” — гэтымі словамі дырыжор Міхаіл Казінец завяршыў праграму Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча на канцэрце “Успамінаючы Якава Навуменку”, што прайшоў на сцэне Белдзяржфілармоніі 22 кастрычніка.

/i/content/pi/cult/768/16601/018.JPGКанцэрт адбыўся з ініцыятывы аркестра, у якім Якаў Навуменка працаваў апошнія гады свайго жыцця, дзе быў вядучым салістам, дзе яго цанілі і любілі, і дзе замены яму, падобна, дагэтуль і не знайшлося. Ды й не толькі ў аркестры — ва ўсёй нашай музыцы, думаю, спеваку няма замены — чым больш часу мінае, тым больш відавочным гэта робіцца. І за тыя сем гадоў, як Якава Навуменкі з намі няма, я неаднойчы лавіла сябе на думцы — мала, рэдка яго згадваюць, не прысвячаюць фільмы, канцэртныя праграмы, не святкуюць гучна юбілей. Так, аркестр імя Жыновіча ў 2013-м зладзіў усё ў той жа філармоніі канцэрт, праз год пасля смерці артыста. А сёлета ж — яшчэ ўвесну — было 60-годдзе Якава Навуменкі, і яно прайшло амаль незаўважна. Удава артыста Ала Навуменка, якая многа гадоў працавала рэжысёрам на тэлебачанні, кажа, што проста няма рухавіка, які будзе ўсё гэта прасоўваць, пастаянна нагадваць і арганізоўваць, а яна сама не той чалавек — і боль страты не сціх, і сціпласць не дазваляе. Загінуў Якаў Навуменка ў 2012-м ад рук выпадковага мінака ў Севастопалі, незадоўга да гэтага атрымаў званне Народнага артыста Беларусі, меў вялікую армію прыхільнікаў, будаваў розныя планы — быў адданы не проста музыцы, і нават не проста песні — а беларускай песні.

Але аркестр імя Жыновіча не забыўся на 60-гадовы юбілей, проста запланаваў канцэрт на восень. Дарэчы, складалася праграма з дзвюх частак, у першай — выступленне аркестра і яго салістаў, у другой — ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, адным са стваральнікам якога ў свой час быў Якаў Навуменка і ў якім ён захоплена прасоўваў менавіта беларускую народную песню. З часоў, калі спявак быў і голасам, і тварам, і ідэйным натхняльнікам “Бяседы” калектыў, канешне, моцна змяніўся. Другое аддзяленне праграмы “Успамінаючы Якава Навуменку” прайшло пад фанаграму мінус адзін і з сінтэтычнымі рытмамі, і рэпертуарам мала было звязана з памяццю спевака. За выключэннем моманту, калі саліст ансамбля а-капэльна выканаў народную баладу “Што ж ты, салавей” — якую спяваў і сам Якаў. А напрыканцы кампазітар, мастацкі кіраўнік “Бяседы” Леанід Захлеўны сказаў шчырыя і вельмі пранікнёныя словы пра свайго колішняга калегу і расчуліўся да слёз. На гэтай кранальнай ноце канцэрт скончыўся.

А пачынаў вечар аркестр імя Жыновіча прэм’ерай у гонар Якава Навуменкі — прагучала фантазія Аляксандра Крамко на тэмы рок-оперы Эндру Лойла Уэбера “Ісус Хрыстос суперстар”, нумар выклікаў працяглыя апладысменты. Далей вакалісты аркестра Андрэй Коласаў, Ігар Задарожны, Анастасія Рачыцкая і Наталля Брацлоўская выканалі песні з рэпертуару Якава Навуменкі, у тым ліку тыя, што ён напісаў для іншых артыстаў — у яго аўтарскіх твораў таксама выразная беларуская інтанацыя, часта многа гумару, але няма пошласці. Ёй не дазваляла праяўляцца сама асоба чалавека - інтэлігентнага, глыбокага, дзе за знешняй усмешлівасцю, проста сонечным абаяннем і вобразам блізкага і зразумелага так званым простым слухачам артыста хавалася сур’ёзная духоўная работа. Якаў Навуменка быў і пранізлівым лірыкам, і нават стваральнікам патэтычных, гімнавага характару твораў. Напрыклад, адной з лепшых песень яго аўтарства я лічу твор на верш Рыгора Барадуліна “Колькі год Беларусі”, які выконваўся калісьці ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, але потым чамусьці забыўся. Не прагучала песня і на гэты раз. Дарэчы, як і многія іншыя, папулярныя ў слухачоў, бо такіх у Якава Навуменкі было вельмі многа. Але паслухалі мы і “Зорачка мая” Леаніда Захлеўнага на словы Уладзіміра Карызны — у свой час самую папулярную песню на Беларускім радыё, гэта быў дуэт з Наталляй Раманскай, і “Край мой крынічны” Васіля Кандрасюка на словы Пятра Ламана, і “Кума” Алега Молчана на народныя словы, і песні аўтарства самога Якава Навуменкі. Дзве з іх выканала Надзея Мікуліч, для якой яны і былі напісаныя, і сарвала, як кажуць, шквал апладысментаў. Дарэчы, па абаянні на сцэне, па здольнасці быць для слухачоў сваёй менавіта Надзею Мікуліч можна параўнаць з Якавам. Паэт-песеннік Валянціна Паліканіна прачытала “Прысвячэнне Якаву Навуменку”, і таксама паэтычным радком сказала “…был как родной для всех”.

/i/content/pi/cult/768/16601/019.JPGНе Якаў, а Яша — так часцей за ўсё называлі артыста і калі згадвалі яго ў гэты вечар, згадвалі як свайго блізкага. Для жонкі ж ён быў Ясенька. Ала Навуменка прысутнічала на канцэрце, і як усе ў зале, не магла стрымаць слёз, калі загучаў голас самога Яшы — ён спяваў “Колькі ў небе зор” у жывым суправаджэнні аркестра: Міхаіл Казінец дырыжыраваў, музыканты ігралі, а Яша быццам бы проста адыйшоў за кулісы.

“Творчыя пуцявіны Якава Навуменкі атрымаліся настолькі сугучнымі інутрументальнаму голасу аркестра, што наш саюз быў нібы прадказаны часам. Песня Якава абуджала самыя цеплыя душэўныя ўспаміны, сагравала слухача паэтычнасцю і роздумам”, — кажа мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Міхаіл Казінец. Нечакана трагічна саюз гэты склаўся ў самым канцы жыцця артыста, якое ён прысвяціў песні, прычым, паўтаруся — беларускай песні. І ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры, і ў ансамблях “Свята” і “Бяседа” шанавалася і адраджалася народная музыка, у далейшай сольнай дзейнацсі ці ў складзе аркестраў Якавам заўсёды выбіраліся беларускія вершы, беларускія мелодыі. Ён нават пачаў праект па стварэнні электроннай бібліятэкі беларускіх песень. Усю яго музычную спадчыну можна спяваць і сёння, і заўтра, маладымі галасамі і з сучаснымі аранжыроўкамі, бо ёсць і сэнс, і мелодыя, і беларуская душа. І як бы было выдатна, калі б і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, у якім Якаў Навуменка бліскуча адпрацаваў 9 гадоў, таксама стварыў песенную праграму памяці народнага артыста.

Тэлеканал “Беларусь 3” пакажа дзве часткі канцэрта “Успамінаючы Якава Навуменку” 27 кастрычніка і 17 лістапада.