Праблемны аспект сакральнага аб’екта

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Як ратаваць гістарычныя могілкі?
15 кастрычніка ў Мінску адбыўся круглы стол “Закон і могілкі”, прысвечаны пытанням аховы гістарычных могілак Беларусі, які быў арганізаваны Беларускім камітэтам ІКАМОС сумесна з ініцыятывай “Добры горад” і альманахам “Гарадскія тактыкі”. Мерапрыемства сабрала спецыялістаў у галіне аховы спадчыны, археолагаў і некрапалістаў. Асаблівая ўвага была звернута на ролю і магчымасці ўдзелу грамадства ў заканатворчай дзейнасці па рэгуляванні аховы, інвентарызацыі і даследвання гістарычных могілак.

/i/content/pi/cult/768/16591/05.JPGНадмагілле як архіўны дакумент

Прадстаўнік ІКАМОС Цімафей Акудовіч адзначыў, што праблема захавання пахаванняў апошнім часам расце і набывае актуальнасць, што тлумачыцца ростам узроўню свядомасці грамадства ў гэтай сферы. Калі яшчэ паўстагоддзя таму ў некаторых рэгіёнах Беларусі было нормай, што чалавека хавалі пад сціплым крыжам нават без надпісаў, і яго пахаванне страчвалася ўжо праз два — тры пакаленні — часта ўнукі не ведалі, дзе пахаваныя іх дзяды. Цяпер жа нават на побытавым узроўні пахаванні прынята даглядаць, надмагіллі робяцца больш трывалымі і даўгавечнымі, людзі імкнуцца ведаць пра сваіх продкаў, цікавяцца радаводам — таму пытанне захавання могілак робіцца яшчэ больш надзённым. Аб гэтым сведчыць і рост колькасці праблемных сітуацый вакол гістарычных могілак, якія ўзнікаюць апошнім часам у розных кутках краіны. Таму мэтай круглага стала было вырашэнне пытання — ці можа грамадская супольнасць прапанаваць дзяржаўным органам канкрэтныя парады ў паляпшэнні заканадаўчай базы па ахове могілак?

Цімафей Акудовіч звярнуў увагу, што гістарычныя пахаванні, а менавіта надмагіллі як іх наземная частка, важныя і цікавыя для даследчыкаў таму, што часта ўяўляюць з сябе таксама своеасаблівыя архіўныя дакументы, якія з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі пра пахаваных асоб — прытым, што такая інфармацыя можа быць унікальнай, калі адсутнічаюць згадкі пра гэтых асоб у звычайных пісьмовых крыніцах. Таксама пахаванні нясуць у сабе інфармацыю пра асаблівасці матэрыяльнай культуры і пахавальных абрадаў, характэрных для таго ці іншага часавага перыяду і мясцовасці.

Прытым ясна, што старых пахаванняў вельмі шмат, і такая колькасць аб’ектаў проста не можа быць змешчаная ў спіс помнікаў. Таму ў межах круглага стала прагучала таксама прапанова ўдасканаліць тэрміналогію ў галіне аховы пахаванняў. Так, Цімафей Акудовіч прапанаваў паразважаць над магчымасцю ўвядзення тэрміна “некрапалістычны аб’ект” — па аналогіі з “археалагічным аб’ектам”, які згадваецца ў Кодэксе аб культуры. Да некрапалістычных аб’ектаў, на думку Акудовіча, маглі б быць аднесеныя надмагіллі і агароджы, старэйшыя за 100 гадоў. Таксама прагучала прапанова ўвесці тэрмін “гістарычны могілкавы ўчастак” — для ўчасткаў могілак, дзе колькасць вышэйзгаданых некрапалістычных аб’ектаў перавышае 50 працэнтаў.

Ініцыятыва мусіць сыходзіць знізу

Археолаг Мікалай Плавінскі звярнуў увагу, што пахаванні варта разглядаць таксама як патэнцыйныя археалагічныя помнікі. Ён адзначыў, што Закон аб пахаваннях рэгулюе выключна маёмасныя пытанні, таму варта звярнуць увагу на гістарычныя пахаванні як асобную групу помнікаў, даць ім канкрэтнае вызначэнне, замацаваць іх статус заканадаўча і распрацаваць правілы добраўпарадкавання, бо часта энтузіясты альбо нават сваякі пахаваных, імкнучыся прывесці пахаванні ў належны стан, могуць ім несвядома нашкодзіць.

Прадстаўніца моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Таццяна Пятрова звярнула ўвагу ўдзельнікаў круглага стала на Палажэнне аб парадку і ўмовах надання статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 18 жніўня 2015 года. Яна прапанавала працаваць у кірунку ўдасканалення згаданага палажэння - напрыклад, дадаць у яго пункты аб крытэрыях надання статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, а таксама аб правілах утрымання такіх месцаў. У якасці паспяховых прыкладаў прымянення палажэння былі згаданыя нядаўнія прэцэдэнты надання статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання яўрэйскім могілкам у Магілёве і ў аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Прадстаўніца “Гісторыкі” адзначыла, што плюс ініцыятывы па ахове могілак у рамках згаданага палажэння палягае ў тым, што праца па наданні статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання мусіць весціся на мясцовым узроўні. У такім выпадку лакальныя супольнасці больш ахвотна ўспрымаюць і ўсведамляюць каштоўнасць аб’екта, які знаходзіцца ў іх мясцовасці, чым калі ахоўны статус проста канстатуецца вышэйстаячымі органамі і ініцыятыва сыходзіць зверху. Таксама Таццяна Пятрова звярнула ўвагу на праблему вызначэння паняцця пахавання, удасканаленне тэрміналогіі і неабходнасць комплекснага падыходу, бо ў заканадаўстве часта разглядаецца як пахаванне толькі падземная частка магілы з парэшткамі, а не надмагілле.

Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым

На круглым стале таксама разгарнулася дыскусія наконт неабходнасці стварэння ў сістэме дзяржаўных органаў пэўнай інстытуцыі, якая займалася б рэгуляваннем палітыкі ў дачыненні да гістарычных пахаванняў і, уласна, пытаннямі аднясення пахаванняў да ліку гістарычных. На прапанову Цімафея Акудовіча аб стварэнні адпаведнай камісіі ці аддзелу пры Нацыянальнай акадэміі навук, колішні начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі адзначыў, што на яго думку, мусілі б з’явіцца Дзяржаўная інспекцыя аховы спадчыны і Інстытут аховы спадчыны, якія займаліся б, у тым ліку, і пытаннямі аховы гістарычных пахаванняў. Што ж тычыцца апошніх, то ў першую чаргу, на думку Чарняўскага, варта на сённяшні дзень звярнуць увагу на інвентарызацыю гістарычных могілак, перадусім фіксуючы такія іх асаблівасці, як характар надмагілляў, персанальны склад пахаваных (у тым ліку знакамітых асоб), на надмагіллі з адметным і выразным мастацкім вобразам, альбо такія, што яскрава адлюстроўваюць традыцыі пахавання, уласцівыя для сваіх часу і мясцовасці. Такая праца па інвентарызацыі стала б добрым падмуркам для далейшай дзейнасці па рэгламентацыі аховы і нагляду за гістарычнымі пахаваннямі.

На падсумаванне круглага стала Цімафей Акудовіч дадаў, што пытанне статусу гістарычных пахаванняў важна вырашыць цяпер, каб не ствараць на будучыню праблемы, калі інстанцыі пачнуць атрымліваць усё новыя і новыя звароты аб вырашэнні лёсу такіх аб’ектаў. Даследчык адзначыў, што ў гэтым прысутная ў тым ліку і эканамічная мэтазгоднасць, бо інвентарызацыя пахаванняў і стварэнне адкрытага каталога гістарычных пахаванняў можа прыцягнуць у краіну турыстаў, якія шукаюць памерлых сваякоў з Беларусі.