Праз гісторыю — да нацыянальнай бяспекі

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

17 — 18 кастрычніка ў Мінску адбыўся IV Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі “Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні”, прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Кангрэс сабраў звыш 200 гісторыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і ЗША. На форуме былі разгледжаны тэмы даследвання археалогіі Беларусі, гістарычнай тапаграфіі, гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Асаблівая ўвага ўдзельнікаў звярнулася на гісторыю ўдзелу Беларусі ў войнах і ваенных канфліктах, таксама былі прадстаўленыя даследванні ў галіне сусветнай гісторыі.

Падчас урачыстага адкрыцця кангрэса дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч зрабіў агляд станаўлення і развіцця гэтай даследчай установы, адзначыўшы, што на лёсах Інстытута трагічным чынам адбіліся як падзеі палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, так і страты, панесеныя падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але тым не менш, прайшоўшы ўсе складаныя этапы грамадска-палітычнага жыцця, Інстытут гісторыі здолеў зрабіць значны ўнёсак у развіццё беларускай гістарычнай навукі. Толькі за апошнія дзесяць гадоў супрацоўнікі Інстытута апублікавалі больш за трыста кніг і каля чатырох тысяч гістарычных даследаванняў, сярод якіх такія фундаментальныя работы, як пяцітомная “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, заключны том якой акурат рыхтуецца да друку, “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” і многія іншыя.

Старшыня прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што Інстытут гісторыі мусіць зрабіцца арганізуючым і каардынацыйным цэнтрам па выпрацоўцы гістарычнай палітыкі нашай дзяржавы, роля якога заключаецца ў тым, каб абгрунтаваць прысутнасць беларусаў у еўрапейскай і сусветнай гісторыка-культурнай прасторы і давесці іх унёсак у сусветную культурную спадчыну. Таксама старшыня прэзідыўма НАН падкрэсліў важнасць удзелу Інстытута ў навуковым суправаджэнні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць стварэння археалагічнай карты Беларусі, якая ўтрымлівала б інфармацыю аб усіх археалагічных помніках краіны і зонах іх аховы.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка звярнуў увагу на патрэбу супрацоўніцтва гісторыкаў і педагогаў у супрацьстаянні распаўсюджванню недаставернай інфармацыі, маніпуляцыі фактамі і адвольнай трактоўцы гістарычных падзей, асабліва падкрэсліўшы важнасць узважанага падыходу да асвятлення гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Узаемасувязь паміж гісторыяй і нацыянальнай бяспекай краіны падкрэсліў у сваім выступе і намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Уладзімір Арчакоў. Праблему ўзаемасувязі абароназдольнасці краіны і сфарміраванасці яе гістарычнай палітыкі таксама акрэслівалі ў сваіх прывітальных прамовах старшыня грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Генадзь Давыдзька і намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл па навуковай рабоце палкоўнік Мікалай Бузін.

З прывітальнымі прамовамі з нагоды адкрыцця кангрэса выступілі таксама прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства фінансаў, дырэктар дэпартамента па архівах Віктар Кураш і загадчыкі рэспубліканскіх архіваў, дэканы гуманітарных факультэтаў БДУ і іншых вышэйшых навучальных устаноў з усёй краіны. З ліку замежных гасцей прывіталі ўдзельнікаў кангрэса дырэктар Інстытута расійскай гісторыі Расійскай Акадэміі навук Юрый Пятроў, дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Альвідас Нінжактайціс, дырэктар Інстытута археалогіі Татарстана Айрат Сітдзікаў. А член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Уладзімір Рычка дасціпна адзначыў у сваім выступе, што Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі можа прэтэндаваць на ролю “старэйшага брата” — бо з’яўляецца найстарэйшым сярод аналагічных устаноў трох усходнеславянскіх краін.