Подзвігу народа жыць!

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

18 кастрычніка у Доме прэсы адбылася прэс-прэзентацыя навукова-даследчага і мемарыяльнага выдання “Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941 — 1944 гг.)”.

/i/content/pi/cult/768/16589/1_opt.jpeg— Гэта ўнікальнае выданне — абагульненне эпахальнай сямігадовай працы, хаця аўтарскі калектыў пачаў падрыхтоўку яшчэ раней, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Армен Гевандзян. — Праца, што была праведзена над мільёнамі дакументаў, надае вялікае значэнне гэтаму даследаванню.

У кнізе ўпершыню сабраныя разам біяграфічныя звесткі пра 3429 воінаў-армян, што загінулі, зніклі без вестак на тэрыторыі Беларусі. Асобна вылучаны спісы армян-абаронцаў Брэсцкай крэпасці (101 чалавек) і персаніфікаваныя звесткі аб 654 партызанах і падпольшчыках. Таксама выданне змяшчае вытрымкі з узнагародных лістоў на 2228 армян за баявыя подзвігі на тэрыторыі Беларусі, кароткія біяграфічныя нарысы аб 30 выдатных палкаводцах і камандзірах, 15 Героях Савецкага Саюза, 2 поўных кавалерах ордэна Славы армянскага паходжання і два тэматычныя нарысы, прысвечаныя 51-й гвардзейскай стралковай Віцебскай дывізіі ім. К.Я. Варашылава і танкавай калоне “Давід Сасунскі”. Выкарыстаны фотаздымкі, дакументы з архіваў і музеяў Арменіі, Беларусі, Расіі, Украіны, сямейных архіваў. Спецыяльна для гэтага выдання распрацавана ўнікальная карта, на якой адзначаны месцы пахавання воінаў-армян.

Праектам займаліся Фонд развіцця і падтрымкі арменаведчых даследаванняў “АНИВ” разам з Інстытутам гісторыі НАН і ўпраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Беларуская Нацыянальная акадэмія навук высока ацаніла праект і выдаткавала сродкі на публікацыю 500 экзэмпляраў кнігі, другую палову выдзеліў фонд “АНИВ”, і кнігу аб’ёмам каля 1000 старонак надрукавалі ў выдавецтве “Беларуская навука” тыражом у 1000 экзэмпляраў.

— Прэзентуемае сёння выданне — не першае, прысвечанае памяці прадстаўнікоў народаў Савецкага Саюза ў баях на тэрыторыі Беларусі, але выдадзеныя раней кнігі не мелі такога аб’ёму, — распавёў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. — Сёння бачым: так, мы аддалі вельмі шмат часу, гады спатрэбіліся на падрыхтоўку, але цяпер ганарымся гэтым выданнем.

Пра доўгі творчы працэс і навуковыя даследаванні распавёў генеральны дырэктар Фонда развіцця і падтрымкі арменаведчых даследванняў “АНИВ”, кіраўнік праекта Армен Хечаян:

— Мы працавалі над кнігай больш за шэсць гадоў, але ідэя ўзнікла яшчэ раней — дзесяць гадоў таму. Спачатку мы думалі падрыхтаваць толькі спіс загінуўшых, накшталт “Кніг памяці”, якіх у Беларусі ўжо больш за сто тамоў. Потым вырашылі ўключыць у тым ліку імёны партызан, інфармацыю пра ўзнагароджаных за баі на тэрыторыі Беларусі. Мы наведвалі брацкія могілкі і фатаграфавалі тысячы прозвішчаў, каб потым іх звяраць. Дзякуючы працы над гэтай кнігай, каля сарака чалавек знайшлі загінуўшых ці прапаўшых без вестак сваякоў, не толькі армян. Напрыклад, да мяне звярнуўся мой таварыш, яго сябар з Расіі шукаў свайго дзеда, капітана Крукава. Мы знайшлі месца пахавання, яго сваякі прыехалі і паставілі помнік на могілках і выбілі на гэтым помніке не толькі імя свайго дзеда, а і імёны яго сяброў, якія тады загінулі разам з ім. Таксама ў працэсе працы ўзнікла ідэя паставіць помнік маршалу Баграмяну, яго ўсталявалі летась у г. Гарадке, а сёлета ў гонар 75-годдзя вызвалення Віцебска мы сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і абласной адміністрацыяй прысвоілі імя І. Х. Баграмяна самай вялікай школе Віцебска. Прыкладу працы над нашым праектам ужо гатовыя паследаваць кіргізы, казахі, узбекі, азербайджанцы, чачэнцы — і мы гатовыя падзяліцца сваім вопытам і метадычнымі напрацоўкамі.

Арганізатары праекта плануюць распаўсюдзіць кнігу “Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941 — 1944 гг.)” па ўсіх раённых бібліятэках, зрабіць яе максімальна даступнай. Таксама частка тыражу паступіла ў кніжныя крамы.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ