Імёны “Лістапада”

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

Грозева, Далан, Мастраяні ды іншыя
Фільмам адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю стане балгарская стужка “Бацька” — лаўрэат галоўнай узнагароды кінфоруму ў Карлавых Варах.

/i/content/pi/cult/768/16583/opt.jpegСтужкі Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай не першы раз прымаюць удзел у праграме мінскага кінафоруму. Іх работа “Урок” атрымала “Золата “Лістапада” ў 2015 годзе, карціна “Слава” была ўганаравана прызам глядацкіх сімпатый у 2016-м. “Кінатворы гэтых аўтараў — спалучэнне кіно фестывальнага і глядацкага, — падкрэслівае дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў. — “Бацька” ў гэтым плане не выключэнне. Стужка — кранальная, містычная, у ёй шмат гумару і іроніі, а таксама нечаканая канцоўка — тое, што адрознівае творчаць гэтых рэжысёраў. Кіно Грозевай і Вылчанава ўяўляе з сябе ўзор кінематографа, які распавядае пра сямейныя повязі, бытавыя нелады, веру ў цуд і любоў”.

Патрапіць на ўрачыстыя цырымоніі ў кінатэатр “Масква” можна будзе за 20 рублёў. Стандартныя месцы на вячэрнія сеансы ў “Фалкон Клаб Буцік Кіно” каштуюць 8 рублёў. Білеты на Нацыянальны конкурс у кінатэатр “Беларусь” прадаюць за 6-ць, і самыя танныя — на стужкі конкурсу “Лістападзік” у “Піянеры” — за 2,5 рублі. 6 рублёў каштуюць месцы на пазаконкурсныя паказы фестывалю.

Адзначу, што пералік апошніх — пазаконкурсных — праграм на “Лістападзе” як ніколі прадстаўнічы. Напрыклад, “Кінамова. Новы сінтаксіс”, у якой будзе паказаная новая стужка латышскай рэжысёркі-дакументалісткі Лайлы Пакальніня “Лыжка”. Падборка “Жаночыя гісторыі” з фестывальнымі хітамі і навінкамі — “Партрэт дзяўчыны ў агні” Селін Ш’ямы, “За морамі” Юн Сон-А. “Кіно пра кіно”, што запрашае на “Форман супраць Формана” Гелены Тршэшцікавай, Якуба Гейна, карціну “Хуцыеў. Матор ідзе!” Пятра Шапацінніка. Ды, вядома, нельга прапусціць выдатны “Майстар-клас”, дзе сабраны слынныя работы выбітных кінарэжысёраў гэтага года — “Спыненне” Лава Дыяса, “Маціас і Максім” Ксаўе Далана, “Праўда” Хіракадзу Корэ-Эда, “Анталогія горада-прывіда” Дэні Катэ, “Адной цудоўнай ноччу” Крыстафа Анорэ з К’ярай Мастраяні, дачкой Катрын Дэнёў і Марчэла Мастраяні, у галоўная ролі…

Цікава, што ўжо зараз добра карыстаюцца попытам у гледачоў сеансы фільмаў беларускіх рэжысёраў: “ІІ” Улады Сяньковай, “Стрыптыз і вайна” Андрэя Куцілы. Паспяшайцеся.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"