Дарагія аўтографы

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Перш чым зайсці ў рабочы кабінет Івана Шамякіна, згадваеш чыстыя і ўтульныя вулачкі і дамы ў Карме, краі, дзе нарадзіўся славуты пісьменнік і дзе давялося калісьці пабываць. Гэткая ж стрыманая прыгажосць пануе (як у тамтэйшай прыродзе) і ў пакоі Шамякіна.

 /i/content/pi/cult/173/1658/Shamyakin.jpg

Стол. Кніжная паліца. Белыя аркушы паперы. Ручка. Што яшчэ патрэбна для плённай творчасці? Відаць, натхненне і багаты жыццёвы матэрыял, якога ставала Івану Шамякіну, а таксама спрыяльная атмасфера навокал, разуменне блізкіх людзей.
Для Шамякіна, як відаць, і для іншых пісьменнікаў, вялікую каштоўнасць мелі таксама і кнігі з персанальнымі аўтографамі як яго сяброў — Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Максіма Танка, Петруся Броўкі, так і класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа ды многіх іншых айчынных і замежных літаратараў. Гэта тамы, у якіх сапраўды захоўваецца энергетыка іх аўтараў, іх пачуцці і настрой. Так і хочацца дастаць гэтыя фаліянты з паліцы, пагартаць іх, задумацца над шчырымі словамі, звернутымі, у першую чаргу, не да калегі, старшыні Саюза пісьменнікаў, а да сябра.
Апрача кніг, можна заўважыць і акуратна складзеныя вялікія папкі, у якіх захоўваюцца рукапісы пісьменніка. Іван Пятровіч, кажуць яго родныя, ніколі не здраджваў сваёй звычцы пісаць аповесці і апавяданні, раманы і п’есы, нават публіцыстыку выключна ад рукі. Рукапісы 1990-х і пачатку новага стагоддзя зберагаюцца малодшай дачкой пісьменніка, Алесяй Іванаўнай, якая захоўвае абстаноўку і атмасферу кабінета, дзе жыў і тварыў Іван Шамякін.