Таямніцы роду Рэйтанаў

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Нашчадкі сарматаў
Жыхары беларускай сталіцы маюць дадатковую падставу для гонару: калі б на геаграфічнай мапе ВКЛ не было Менскага ваяводства, падзеі, аб якіх пойдзе гаворка, папросту б не здарыліся. Як вы думаеце, што агульнага паміж такімі вядомымі ў свеце асобамі, як Тадэвуш Рэйтан, Адам Міцкевіч, Анарэ дэ Бальзак, Аляксандр Пушкін, Генрык Жавускі? Агульны продак? Дзень нараджэння? Пол? Адказ вышэй. Зрэшты, пра ўсё па парадку. У нашай рубрыцы прыйшоў час раскрыць некаторыя таямніцы яшчэ аднаго знанага шляхецкага роду — Рэйтанаў.

/i/content/pi/cult/767/16579/018.JPGПяць дзён нараджэння

4 кастрычніка 1739 года ў цэнтры Менску віраваў натоўп святочна ўбраных спадарынь і апранутых у лепшыя кунтушы і жупаны вусатых спадароў. Вядома ж пры шаблях. Браў шлюб Дамінік Рэйтан, сябра троцкага ваяводы і вялікалітоўскага польнага гетмана Міхала-Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”.

На той час Рэйтан, кар’ера якога толькі-толькі пачалася, менаваўся даволі “сціпла” — наваградскі стражнік. Але меў ён і вайсковы чын — харужы гусарскай харугвы польнай булавы. Пазней, калі Рыбанька пайшоў “на падвышэнне” — то-бок, зрабіўся віленскім ваяводам і вялікім гетманам літоўскім — змяніўся і статус яго пратэжэ. Дамінік Рэйтан стаў харужым самай прэстыжнай гусарскай харугвы ВКЛ — “Вялікай булавы”.

Паколькі Рэйтаны спрадвеку належылі да кола сімпатызантаў нясвіжскай галіны Радзівілаў, жонка Дамініка Тарэза — дачка менскага стольніка Лявона-Паўла Валадковіча і Канстанцыі з Цэханавецкіх — таксама была з гэтага самага моцнага ў ВКЛ магнацкага клана. Дарэчы, ейны дзядзька Феліцыян-Піліп Валадковіч стане іерархам уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай і будзе вылучацца ня толькі сваёй неверагоднай фізічнай сілай, але і патрыятызмам. Зрэшты, гэта іншая гісторыя, нам жа час вярнуцца ў кастрычнік 1739 года.

Вось як зафіксаваў значную для нас падзею святар ці ягоны пісар у метрычнай кнізе катэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі: “Пасля папярэдніх зашлюбінаў, а менавіта першых (21), другіх (29), трэціх —чацвёртага кастрычніка найвялебны айцец Антоній Вайніловіч, рэктар менскага калегіюма з Таварыства Езусавага, паблаславіў сужэнства паміж найяснейшым вяльможным панам Дамінікам Рэйтанам, стражнікам Наваградскага ваяводства, і найяснейшай паннай Тарэзай Валадковічаўнай, стольнікаўнай Менскага ваяводства”.

Дарэчы, ксёндз Антон Вайніловіч — зводны брат Дамініка Рэйтана. Іх маці Ганна Людавіка з Расудоўскіх замужам была аж тры разы.

Пасля шлюбу маладыя адправіліся ў родавы маёнтак Рэйтанаў — Грушаўку. І, праз год, недзе блізу дня святога Тадэвуша-Юды (28 кастрычніка), у іх нарадзіўся першынец. Хлопчык быў хваравіты і двойчы знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці, аб чым занепакоены тата пісаў свайму сябру і патрону Міхалу Радзівілу, просячы, як у дасведчанага бацькі, карысных парадаў, чым лекаваць сына. Лекі, выпісаныя прыдворным радзівілаўскім лекарам Янам Малерам, аказалі цудатворнае ўздзеянне. Тадэвуш паправіўся, і 20 ліпеня 1742 года (як можна меркаваць з метрычнага запісу) адбылося дапаўненне хросту святым алеем.

Дарэчы, у розных крыніцах можна сустрэць мінімум пяць дат нараджэння Тадэвуша Рэйтана — 1741, 1742, 1746, 1752 і 1757. Як мы бачым, разлёт паміж крайнімі — 16 гадоў. Калі дата 20 жніўня 1742 тлумачыцца проста — сакратар Тадэвуша Касцюшкі ў часы паўстання, а пазней пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч прывёў яе ў першым жыццяпісе Рэйтана — то адкуль узяліся астатнія, цяжка даўмецца. Хіба што, з лікам “1746” больш-менш зразумела — Тадэвуш Рэйтан мусіў памерці ва “ўзросце Хрыста” (33 гады). Такую дату змясцілі на копіі помніка ў Кракаве, працягваючы лінію стварэння міфалогіі.

Хто ж прысутнічаў падчас хросту? Лявон і Канстанцыя Валадковічы — дзед і бабка Тадэвуша. Станіслаў Валадковіч — верагодна, стрыечны брат Лявона. Марыяна Вайніловіч — магчыма, будучая жонка Яна з Яксаў Быкоўскага. Але самы цікавы персанаж — прадстаўнік апазіцыйнага Радзівілам лагера Марцін Ратамскі. Фігура добра вядомая беларускім гісторыкам дзякуючы свайму палітычнаму актывізму на аршанскіх абшарах. Родная сястра Ратамскага Тэкля пайшла замуж за Людвіка Касцюшку і неўзабаве нарадзіла героя адразу некалькіх краін. Але больш цікава тое, што бацькамі Марціна і Тэклі былі аршанскі стольнік Станіслаў Ратамскі і Эмерцыяна (Марыяна) з Валадковічаў, родная сястра Лявона-Паўла Валадковіча. Такім чынам, Тадэвуш Рэйтан і Тадэвуш Касцюшка — браты. Хоць і ня родныя.

Словам, сёлета ў кастрычніку мы маем дзве цудоўныя нагоды ўзгадаць імя нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Настуны ж год увогуле юбілейны — 280 гадоў з дня нараджэння выбітнага сына Беларусі! І з гэтай нагоды хацелася б звярнуцца да дзеячаў культуры, гісторыкаў, уладных структур, каб 2020-ты стаў годам канчатковага вяртання імя Рэйтана на Радзіму. І сімвалічна, што менавіта ў юбілейны год у родавым маёнтку Рэйтанаў распачнуцца аднаўленчыя працы — пра гэта нядаўна было абвешчана прадстаўнікамі Ляхавіцкага райвыканкама.

А пакуль што мне б хацелася спыніцца на апошнім міфе з жыцця Рэйтана, развянчанне якога мае прыкладны характар — ён нібы кідае цень на знакавую постаць. Менавіта праз яго ў свой час у Ляхавічах не з’явілася вуліцы Рэйтана.

Міф самагубства

Якую б публікацыю, прысвечаную Тадэвушу Рэйтану, вы б не ўзялі, завяршаецца яна амаль аднолькава — “скончыў жыццё самагубствам”. Вар’іруюцца толькі спосабы сыходу з жыцця няшчаснага Тадэвуша. Я знайшоў пяць такіх варыянтаў — шкло, пісталет, скачок з гаўбца… Прычым, кожны з аўтараў, у тым ліку і з ХХ стагоддзя, апісаў гэта так, быццам бы стаяў побач і сам “падаваў патроны”.

Але тры куды больш аўтарытэтныя крыніцы — жыццяпісы Рэйтана аўтарства Нямцэвіча і Генрыка Жавускага, а таксама ліст пляменніцы героя Саламеі Рэйтан да вядомага пісьменніка з Пружаншчыны Язэпа Крашэўскага — вядуць да адной высновы: смерць Рэйтана была вынікам няшчаснага выпадку ці трагічным збегам абставінаў. І памёр ён як узорны хрысціянін, паспавядаўшыся і трымаючы ксяндза за руку да апошняй хвіліны. Таму і быў пахаваны, як напісаў Нямцэвіч, у Ляхавіцкім касцёле.

Дарэчы, падаецца, што сам час усё расставіў па сваіх месцах. Імя Рэйтана прайшло праз усе выпрабаванні, засталося ў гісторыі і з кожным годам у Беларусі становіцца ўсё папулярней. У той час, як многія “кан’юктурныя героі” аказаліся забытымі назаўсёды, або пасля адкрыцця іх сапраўдных учынкаў былі занесеныя сучаснікамі ў “чорныя спісы”.

З вялікакняскіх земляў

Думаю, вартыя карэкцыі таксама і міфы адносна “польскасці” і “прускасці” героя. Хоць Якуб фон Рэйтан — першы з вядомых на сёння продкаў Тадэвуша — і праявіў сябе ў 1467 годзе як прыхільнік Тэўтонскага ордэна, але ягонае паходжанне (немец, швед, прус, славянін) дакладна не высветлена. Тыя фаміліі, з якімі да 1620-х парадніліся Рэйтаны — гэта і выхадцы са славянскіх земляў Нямеччыны, і анямечаныя прусы. З моманту ж, калі прапрадзед Тадэвуша Ян Фрыдэрык Рэйтан, сваяк нясвіжскіх Радзівілаў, у 1620-х гадах перабраўся ў ВКЛ, Рэйтаны бралі шлюб з прадстаўніцамі мясцовых шляхецкіх родаў — а не прывозілі сабе жонак з Варшавы ці Кракава. Гэта было важна, каб хутчэй акліматызавацца на новым месцы і займець падтрымку з боку тутэйшых кланаў. Пра якую “прускасць” тут можна казаць?

Што да “польскасці”, то і тут нескладана расставіць належныя акцэнты. Вялікае Княства Літоўскае, ад часоў Люблінскай уніі (1569) звязанае канфедэрацкімі сувязямі з Каронай Польскай, ніколі не забывалася на той “люблінскі гвалт”, у выніку якога ад ВКЛ на карысць Польшчы былі адарваныя Падляшша, Валынь, Падолле… Сведчаннем таму — актыўнае супрацьстаянне далейшым спробам палякаў інкарпарыраваць ВКЛ у склад Польшчы. Тут і Статут 1588, і зрывы соймаў, каб не даць палякам навязаць невыгодныя ўмовы, і нават разрыў уніі ў 1655 годзе ды спроба заключыць новую — са Швецыяй.

Тры мужныя патрыёты — Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі — прадстаўлялі на Варшаўскім сойме Наваградскае і Менскае ваяводствы ВКЛ, з якіх і паходзілі. У той час з 87 паслоў з Польшчы такіх адважных не знайшлося.

Супраціў Рэйтана пачаўся з таго, што ён выступіў у абарону гонару і права ВКЛ. Сто гадоў пасля Люблінскай уніі нашы продкі дабіваліся права правядзення кожнага трэцяга сойму на тэрыторыі ВКЛ. Гэта было важна і для падвышэння прэстыжу, дэманстрацыі аўтаноміі, і з фінансавага боку, бо прыцягвала, а не “вымывала” грошы. Але палякі гэтаму ўпарта супраціўляліся ажно да 1673 года, разглядаючы ВКЛ, як сваю “губерню”.

І вось, у 1773 годзе чарга прымаць сойм перайшла каралеўскай Гародні. І маршалкам сойму, чыя ўлада на час яго правядзення станавілася ці не большай, чым меў кароль, мусіў стаць ліцьвін, якога адкрыта абралі б прысутныя на сойме паслы з ВКЛ. Але сойм прызначылі ў Варшаве, а маршалкам кулуарна, у Санкт-Пецярбургу, прызначылі вядомага прайдзісвета Адама Паніньскага, які меў польскае паходжанне.

Менавіта з супраціву чарговаму гвалту над ВКЛ з боку палякаў і распачалася барацьба Рэйтана і яшчэ 16 паслоў. Амаль усе яны былі з беларускіх земляў ВКЛ. Супрацьстаяла ж ім польская большасць — 76 (з 87) паслоў.

І менавіта таму, што з такой вялікай колькасці палякаў не знайшлося хаця б аднаго, роўнага мужнасцю Рэйтану, з цягам часу Рэйтана пачалі падаваць “як польскага патрыёта”, які “склаў жыццё за Польшчу”. Забываючыся на рэальныя факты.

Культ памяці Рэйтана, між іншым, быў запачаткаваны ў XVIII, а развіты ў ХІХ стагоддзя, таксама нашымі землякамі — віцьбічамі, менчукамі, гарадзенцамі, наваградчанамі… Сярод іх — паслы на Вялікі сойм, літаратары і мастакі Францішак Князьнін, Юльян Нямцэвіч, Генрык Равускі, Адам Міцкевіч, Людвік Горват, Францішак Смуглевіч. Падхапілі яго і нашы суседзі, перакручваючы гісторыю на свой капыл.

Пралог да другой часткі

Паколькі Тадэвуш Рэйтан так і не ажаніўся, бо пасля смерці бацькоў ён вымушаны быў падымаць на ногі шматлікіх братоў і сясцёр, род Рэйтанаў ледзь не перапыніўся. І толькі дзякуючы ўдалым шлюбам брата і сястры Тадэвуша — Міхала (нарадзіўся ў 1743 годзе) з Ганаратай з Багдановічаў, і Марыяны (нарадзілася ў 1751 годзе) з Яўхімам Рдултоўскім, гісторыя, якую я вам распавядаю, будзе мець працяг.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар