“Стары Ольса”: паміж Амерыкай, Еўропай і Кітаем выбіраем Беларусь

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Ці можа стаць папулярным гурт, які не іграе папулярную музыку? Адказ сваімі 20-цю гадамі на сцэне дае “Стары Ольса”. Калісьці ніхто не мог прадказаць, што калектыў з дзіўнымі старажытнымі інструментамі і з забытымі незразумелымі творамі, узятымі з глыбінь стагоддзяў, стане вядомым на ўсю Беларусь і пакладзе пачатак новай музычнай модзе. Больш за тое — будзе разрывацца паміж гастролямі па ЗША і Еўропе і прадаваць свае альбомы па ўсім свеце. І ўсё гэта з нашай беларускай спадчынай, нашымі мовай і гісторыяй. Юбілейныя канцэрты на Радзіме пройдуць у лістападзе — якраз у гэтым месяцы 20 гадоў таму з’явіўся калектыў з назвай “Стары Ольса”. Яго ўтварыў і да нашых дзён вядзе па жыцці Зміцер Сасноўскі — музыкант, гісторык, музыказнаўца, пісьменнік і проста чалавек, захоплены і апантаны беларускай мінуўшчынай.

/i/content/pi/cult/767/16578/017.JPG— Рознымі шляхамі людзі прыходзяць у музыку, але вы ў яе прыйшлі даволі незвычайна — праз гісторыю…

— Мне здаецца, у прынцыпе я і не павінны быў стаць музыкантам. Бо чым толькі не займаўся, але ж не музыкай! Аднак аднойчы прыйшло ўсведамленне, што гэта лёс, нейкая наканаванасць, і я перастаў супраціўляцца. На першым месцы ў мяне была гісторыя, у тым ліку гісторыя інструментаў — я на іх іграў, але толькі каб адчуць гучанне. Праўда, захапіла мяне дуда, менавіта яна стала такім паваротным пунктам, які моцна схіліў да музыкі. З дудой я адчуў не толькі гістарычную, навуковую цікаўнасць, але і жаданне ствараць музыку. Займаўся археалогіяй, палеаграфіяй, гісторыяй мастацтва, архітэктуры і філасофіі і доўгі час выбіраў той гістарычны накірунак, які найбольш падабаецца. Але як толькі зразумеў, наколькі музыка пранікае ў чалавека і наколькі яна дазваляе адчуць нейкі гістарычны перыяд, пачаў збіраць і рэстаўраваць інструменты. А потым і адкрыццё для сябе зрабіў — што музыкай пераканаць чалавека можна ў тысячу разоў хутчэй, чым аргументамі, гістарычнымі фактамі ці лагічнымі довадамі. Бо адгукаліся нават тыя, на каго я ніякім чынам гадамі не мог паўплываць у сэнсе патрыятызму, хто нічога не хацеў чуць пра Беларусь і яе гісторыю, а тут прасякаўся павагай і цікавасцю. Вось такая сіла эмацыйнага ўздзеяння, сіла мастацтва, якая аднаўляе памяць продкаў, памяць крыві, вяртае адчуванне Айчыны.

— Давайце ў гонар круглай даты згадаем, з чаго ўсё пачалося, якімі былі першыя крокі “Старога Ольсы”, што натхніла на стварэнне групы.

— На той час я выкладаў гісторыю філасофіі ў Полацкім універсітэце, і калі-нікалі мяне запрашалі ў розныя месцы паказаць сваю калекцыю інструментаў, паіграць на іх. А яшчэ я супрацоўнічаў з клубам “Княжыч” і ездзіў з ім выступаць — на дудзе, акарыне, гуслях, ліры. Так я прыехаў у полацкі археалагічны летнік, якім кіраваў Марат Клімаў. І там увечары каля вогнішча са студэнтамі і навукоўцамі адзін момант мяне, можна сказаць, прабраў да касцей: Марат прапанаваў, каб я распавёў нейкую баладу, легенду з летапісу пад гуслі, і я пачаў перабіраць акорды і распавядаць. А гэта ж вельмі даўняя традыцыя, вельмі архаічная форма — рэчытатыўнае, распеўнае апавяданне пад нейкі акампануючы інструмент. Дагэтуль памятаю тое адчуванне: у мяне дрыжыкі па руках пабеглі. Бо нешта адбылося — археолагі, хоць напачатку і паглядалі на мае інструменты здзіўлена, слухалі зачаравана, а я прасякнуўся вобразам, знаёмым з рознай гістарычнай літаратуры, успрыняў сябе ў гэтай ролі — апавядальніка пад гуслі, ажывіў гісторыю. І менавіта там у мяне ўзнікла ідэя з кім-небудзь разам паіграць.

— А калі адбыўся першы канцэрт пад назвай “Стары Ольса”? — Вось юбілейныя канцэрты ў Мінску, Гомелі, Брэсце і Гродне пройдуць у лістападзе. Дарэчы, не ўсе і ведаюць, хто такі стары Ольса, думаюць, што гэта нейкі чалавек.

— Пасля таго выпадку ў археалагічным летніку да мяне далучыліся два музыканты, і ў верасні 1999-га года нас запрасілі выступіць на Свяце пісьменства ў Полацку. Тады пад помнікам Скарыну мы ўпершыню зайгралі — нас паказалі па тэлебачанні, я даў інтэрв’ю. Але назвы яшчэ не было. А калі мы нарэшце сабраліся выступіць са сваім сольным канцэртам у маім родным Гомелі, трэба было нешта напісаць на афішы — і гэта ўжо лістапад. Я прыдумаў афішу ў выглядзе сівога старога са скураной павязкай на галаве. Так з’явілася слова “стары”. А брат мой падказаў узяць нейкі беларускі гідронім, бо ўсе яны вельмі старажытныя, балцкія. І я згадаў назву ракі на Магілёўшчыне Ольса. Атрымаўся “Стары Ольса”. Дарэчы, я і сам ніяк не магу прызвычаіцца да дзіўнасці гэтай назвы (смех). Але потым запісваць першы альбом мне давялося практычна ў адзіноце, бо музыкі сышлі, ім гэта было нецікава. Увогуле, у першыя гады “Стары Ольса” практычна нідзе не выступаў. Хаця быў і першы склад, і другі, але з сезоннымі музыкантамі. Усё ў гэтым праекце было так няпэўна!

 — Вы, мабыць, і не ўяўлялі, што будзеце адзначаць 20-годдзе групы, пры гэтым вярнуўшыся на Радзіму пасля трохмесячных гастроляў па ЗША, і робячы выбар паміж Еўропай і Амерыкай. Можна пажартаваць, што засталося толькі Кітай скарыць. Думалі тады пра 20 гадоў?

— І пра два гады не думаў! А калі б мне хто пра Амерыку сказаў, дык я паглядзеў бы як на вар’ята. А хто чакаў, што мы атрымаем Нацыянальную музычную прэмію? Таксама ж неверагодна. А пра Кітай гэта і не жарт, насамрэч зараз ужо два месяцы вядуцца перамовы. І дзесяць гадоў таму кітайцы прапаноўвалі кантракт, але нам ён не спадабаўся. І зараз яны хочуць атрымаць нас ажно на два гады, з рэдкім наведваннем Беларусі. Але мы ставім умовы, што адзін выезд у Кітай з канцэртамі павінны быць не даўжэйшы за два месяцы. Бо за тры апошнія гады, калі “Стары Ольса” пастаянна гастраліраваў па Амерыцы, мы практычна згубілі сваю еўрапейскую публіку, сваё імя ў Еўропе, кантакты і кантракты, і цяпер даводзіцца ўсё аднаўляць. А найперш жа хочацца выступаць не тое, што ў Еўропе — у Беларусі! Ніколі не чакалі, што нам давядзецца выбіраць паміж ЗША, Кітаем і Еўропай, нерэальнае нешта! (смех)

Але перад усім самы важны чыннік — Беларусь. Як нядаўна сказаў бармен у кавярні “Грай”, убачыўшы мяне: “Вось цяпер веру, што вы сапраўдныя патрыёты!” Я не зразумеў, а ён тлумачыць: маўляў, як так — тры гады пастаянныя канцэрты па Амерыцы, а вы ўсё роўна ў Беларусь вярнуліся!

— Мабыць, такое меркаванне даволі распаўсюджанае — што ў рэшце рэшт “Стары Ольса” пераедзе ў ЗША.

— Скажу шчыра, такія размовы былі, але не з нашага боку — з боку амерыканскага прадзюсара. Таму што пералёты туды-сюды гэта дорага, асабліва з інструментамі. Нам прапаноўвалі і сем’і ў Амерыку перавезці, і жыць там настала, а на еўрапейскія і беларускія канцэрты лятаць з Амерыкі. Але мы падобныя размовы не падтрымліваем. Акрамя таго, што Радзіма вабіць, ёсць і такая рэч, што менавіта Беларусі, нашай гісторыі, нашым продкам мы абавязаны існаваннем групы і тым рэпертуарам, які выконваем: мы проста перадатчыкі творчасці мінулых стагоддзяў у нашы дні. Аднойчы бубнач Сяргей Тапчэўскі, параўнаўшы колькасць канцэртаў дома і за мяжой, сказаў, што ненармальна, калі тут толькі тры канцэрты на год. Сказаў, давайце іграць хоць дабрачынна — абы іграць у Беларусі, бо мы ж карыстаемся яе гістарычнай спадчынай. За гэта мы адчуваем удзячнасць і адказнасць.

— А як у ЗША з сярэднявечнай музыкай, чаму група “Стары Ольса” выклікала такую цікавасць? Зразумела, што на першым этапе атрымаў розгалас ваш вельмі паспяховы альбом кавераў класічных твораў рок-музыкі — Medieval classic rock, але ж на тры гады і болей яго б не хапіла.

— Мы практычна не выконваем там творы з альбома рок-кавераў — іграем свой уласны рэпертуар. Апынулася так, што ў Амерыцы медыявальнай музыкі няма, два—тры гурты можна назваць на ўсю краіну. Хаця ў яе ёсць свая тагачасная гісторыя і гіганцкія сярэднявечныя фестывалі. Некалькі гадоў таму я думаў, што самы вялікі фестываль гэта Minnesota Renaissance Festival, дзе да 30-ці тысяч наведвальнікаў кожны дзень, — а цягнецца ён паўгода, па выхадных. Але самы вялікі — гэта Нью-Ёркскі, дзе па 70 тысяч штодня. Вось такія амерыканскія памеры і аб’ёмы. Для Еўропы ж гэта нерэальна, каб фестываль ішоў палову года.

На такіх фэстах будуюцца цэлыя сярэднявечныя гарады і замкі, ладзяцца рыцарскія конныя турніры і многае іншае. Але чамусьці ў музычным плане там неразвітыя ні публіка, ні выканаўцы. У асноўным выконваецца фальклорная музыка, кшталту кантры — шатландская, нямецкая, ірландская. А медыявальнай традыцыі ў іх няма — музыкі, агульнай для ўсёй Еўропы, адарванай ад канкрэтнай дзяржавы ці нацыянальнасці, музыкі гарадской, якая закумулявала ў сабе ўсё на свеце — камерную, народную, ваярскую. І таму ў Амерыцы мы сутыкнуліся практычна з той жа сітуацыяй, якая была ў Беларусі 20 гадоў таму — усе глядзяць вялікімі вачыма і пытаюцца “А што гэта такое? Нейкае дзіва”. Першыя тры гады працы пайшлі менавіта на тое, каб набываць прыхільнікаў. Паказчык таго, што мы рухаемся паспяхова, — нас пачалі запрашаць ва ўніверсітэты. А ў ЗША для музыканта выступаць ва універсітэтах лічыцца вялікім гонарам, гэта адразу запісваецца ў партфоліа.

— Хоць 20 гадоў таму ў нас практычна не існавала такой музычнай плыні, як медыяваль, у “Старога Ольсы” былі асобныя папярэднікі? Але ўсё роўна менавіта ваш гурт даў пачатак цэлай плыні. Па першым часе з рэпертуарам было, мабыць, нялёгка, і ўсё пачыналася з фальклорных песень.

— Сапраўды, тады рэпертуар у асноўным складаўся з архаічнага фальклору, у якім ёсць рысы дахрысціянскай эпохі. Але збіралася паступова і еўрапейская музыка сярэднявечча, пра якую тады мы даведваліся ад розных праектаў кшталту Blackmore’s Night ці шведскіх выканаўцаў. Рабіў я і свае аўтарскія стылізацыі. У Беларусі ў “Старога Ольсы” былі, канешне, асобныя папярэднікі. Можна згадаць і Зміцера Сідаровіча з групай “Камэлот” — медыяваль у стылі фэнтэзі, “Ліцьвіны” і “Guda” адраджалі архаічны фальклор — што таксама адносіцца да медыявальнай музыкі. “Кантабіле” першы пачаў выконваць “Полацкі сшытак”, які для нас стаў невычэрпнай крыніцай працы і натхнення. Але магу пагадзіцца, што менавіта “Стары Ольса” задаў моду і па яго слядах пайшлі многія групы. Думаю, што галоўная наша заслуга — прыцягненне ўвагі да старой музыкі. Мы вярнулі ва ўжытак забытае, правялі вялікую адукацыйную працу — праз тэлебачане, радыё і газеты — а не толькі праз канцэрты. Плённа папрацавалі і на ніве музыказнаўства. Канешне, і ролю ў развіцці патрыятызму і любові да гісторыі Айчыны мы таксама адыгралі. Але не хочацца казаць пра ўсё ў мінулым часе — творчая дзейнасць вельмі насычаная, і многае ў нас яшчэ толькі будзе.