Пяць вечароў з Грузіяй

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Мінулы тыдзень у РТБД можна было ў поўнай меры назваць грузінскім: пяць вечароў на яго сцэне ішлі спектаклі двух тэатраў Грузіі, была разгорнута фотавыстава.

/i/content/pi/cult/767/16576/016.JPGЧастка спектакляў праходзіла ў рамках Міжнароднага тэатральнага форуму TEART, увайшоўшы ў праграму Школы TEARTа. А частка ладзілася проста як гастролі. Год таму быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Кутаіскім дзяржаўным драматычным тэатрам імя Ладо Месхішвілі. Першы плён той дамовы не прымусіў сябе чакаць: у маі нашы артысты выправіліся ў падарожжа і паказалі ў Кутаісі тры свае спектаклі: “Пелікан”, “А калі заўтра няма” і “Гэта ўсё яна”. Таму цяперашні прыезд гасцей можна было ў поўнай меры назваць “візітам у адказ”.

Як заведзена, на ўрачыстасці з гэтай нагоды сябры абмяняліся падарункамі. Мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў уручыў гасцям шыкоўны альбом пра нашу краіну — “Беларусь сінявокая”. Папяровыя выявы былі дапоўнены жывымі: усе ўдзельнікі гастрольных спектакляў атрымалі белыя хрызантэмы — нашы “восеньскія рамонкі”, бо гэтая кветка — сімвал Кутаісі. А нашаму тэатру грузінскія госці прывезлі абраз святой Ніны — асветніцы і заступніцы Грузіі, каб тая, трымаючы ў руках атрыманы ад Багародзіцы крыж з вінаграднай лазы, бараніла цяпер наш тэатр і ўсю Беларусь.

Ды ўсё ж галоўным падарункам былі самі спектаклі. Часткай TEARTа стала псіхалагічная драма “Дуплет”, пастаўленая Канстанцінам Абашыдзе. Гастрольную палітру дапоўнілі камедыя “Праўда” і прэм’ерная абсурдысцкая трагікамедыя “Вецер шуміць у таполях”. Апошні спектакль невыпадкова быў названы А. Гарцуевым, які выйшаў на сцэну са словамі падзякі, сапраўдным “пиршеством” акцёрского мастерства”.

Тры акцёры цягам усяго дзеяння, што ідзе больш як дзве гадзіны з антрактам, знаходзяцца на амаль пустой сцэне — акрамя іх, там яшчэ вялізны, з чалавека ростам, гіпсавы сабака. І вельмі стары вулічны трэнажор “Лыжная хада”, які на кульмінацыі яны раптам засвояць адразу ўтрох, сімвалізуючы адзінства, што не парушае іх індывідуальнасцяў. Нічога знешняга — толькі размовы на фоне аблачынкаў ці поўнага месяца як сімвалаў вечнасці прыроды і космасу. Ніякіх сюжэтных выкрунтасаў — адно інтрыга, што фарміруецца ў канцы першай дзеі і трымаецца да канца другой: ці пойдуць усё ж насельнікі ветэранскага прытулку ў горы да таполяў. Але перад намі — не тры “гаваркія галовы”, а яркі зменлівы малюнак, што складаецца з трох ніткаў-лёсаў і дзе знойдзена цікавая сваёй хісткай няўстойлівасцю раўнавага між іранічным абсурдам і тонкім псіхалагізмам. Ролю Рэнэ сыграў дырэктар тэатра — вядомы акцёр Сулхан Гогалашвілі, сведчаннем рознабаковага таленту якога стала таксама фотавыстава, разгорнутая ў фае тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"