Згадваючы Аўцюкі

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Прыемна, што сёлетні верасень у Аўцюках зноў сабраў шчодры ўраджай увішнага Гумару. Цудоўна, што зноў з’ехаліся сябры ў гэтую вёсачку, каб расказаць смешнае іншым, самім пачуць мудрае. Добра, што фестываль стаў нават рэспубліканскім мерапрыемствам народнага гумару.

Уражвае, што на раздарожжы Малых і Вялікіх Аўцюкоў сёлета быў адкрыты ўнікальны аб’ект у сталіцы палескага гумару — памятны знак “Аўцюкоўскі глобус”. Многім прыйшоўся даспадобы ўдалы сюжэт гумарыстычнага аўкцыёну продажу зямлі на “Аўцюкоўскім Глобусе” — для будаўніцтва сваіх гарадоў з уласнымі назвамі. Цікава, што раней тут знаходзілася адна вёска Селішча, якая ў час гістарычных вандровак раздзялілася на Малыя і Вялікія Аўцюкі. Ды Селішча і было якраз на ростанях дзвюх вёсачак.

Жыхары Калінкавічаў — і малыя, і вялікія — ставяцца да фестывалю, як да шыкоўнай спадчыны. Мне неаднойчы даводзілася атрымліваць асалоду ад згаданага гумарыстычнага праекта, бачыць шчаслівыя, вясёлыя твары яго ўздельнікаў. І, наадварот, я не разумею, чаму многія нашы суайчыннікі нейкія пахмурныя, хамавітыя, ім не ўласціва пачуццё добрага, здаровага гумару. Хіба што пачынаюць апавядаць нейкія тупавата-агідныя анекдоцікі. Чаму людзі забылі пра лекавыя ўласцівасці смеху? Чаму часопіс “Вожык” стаў мала запатрабаваным? Чаму на старонках многіх СМІ сёння наогул не з’яўляюцца сатырычныя, гумарыстычныя творы, смешныя малюнкі, карыкатуры?

Нельга забываць, што калі чалавек умее хораша жартаваць — ён умее і прыгожа жыць. А навучыцца добраму гумару можна і ў Вялікіх і Малых Аўцюках. Упэўнены, народны гумар палешукоў — іскрысты, невычэрпны, класічны. На Палессі жывуць сапраўдныя майстры жартаў. Нездарма тут папулярнае выказванне “Калі хочаш весела жыць — не лянуйся Калінцы кветкі дарыць!” Дарэчы, першы фестываль гумару тут адбыўся яшчэ ў 1995 годзе. На фестываль сюды прыязджаюць госці з розных краін свету. Тут шмат драўляных скульптур з гумарыстычным падтэкстам. Многія пабывалі ў карчме “Ганарысты парсюк”, дзе месціцца музей народнага гумару.

Упэўнены, кожны з удзельнікаў традыцыйных “Аўцюкоў” — Паэт у душы з вялікай літары. Таму што ўдалыя, вясёлыя эмоцыі дарагога каштуюць. Больш за тое, наш народ, палешукі — Паэт у сэрцы і ў душы. Скажу больш, палешукі — сапраўдны феномен славянскага свету. Фалькларыст Ісаак Сербаў пісаў: “Рэзка вылучаючыся сваім выглядам і гаворкай сярод іншага насельніцтва, яны ўяўляюць надзвычай цікавы этнаграфічны тып. Аўцюк першым чынам паўднёвец, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Кажа ён бегла, з паўднёва-рускім акцэнтам, адвольна скарачаючы словы”. Мне ж хочацца дадаць, што палешукі — не толькі прыгожыя людзі знешне, але ж і валодаюць прыгожым духоўным светам, умеюць адкрыць свае шчодрыя сэрцы перад гасцямі.

Мне падумалася: у Беларусі шмат неперспектыўных вёсак, як кажуць, забытых Богам і людзьмі. Усё больш з’яўляецца драўляных крыжоў на вокнах хат. А ў Малых Аўцюках каля сямі соцень жыхароў. Значыць, смех, гумар аб’ядноўвае людзей, землякоў, дапамагае жыць. Вось і не збягаюць вяскоўцы ў сталіцы, ім і тут добра.

І сёння тут што ні вясковец, то сапраўдны валадар гумару, трапнай гаворкі, вельмі каларытнай і іскрамётнай. Напрыклад, дзвюхручную пілу тут называюць “цешчын язык”. Я ўпэўнены, што і надалей радзіма Каласкоў і Калінак (Каласок з Калінкаю — так у Аўцюках пяшчотна называюць адзін аднаго мужчыны з жанчынамі) будзе працягваць радаваць як жыхароў, так і шматлікіх гасцей. Сёння Аўцюкі знаходзяцца ў Калінкавіцкім раёне, а раней было наадварот — Калінкавічы належалі да Аўцюкоўскай воласці. І таму тутэйшыя старажылы на пытанне: Калінкавічы — гэта дзе? — упэўнена адкажуць: — Пад Аўцюкамі!

Якія ўрокі для сябе я прайшоў у Аўцюках. Пачуццё гумару - гэта надзвычай важная ўмова спасціжэння складаных медытатыўных практык. Нельга жыць толькі “вельмі сур'ёзна”, баючыся, што смех пазбавіць вас аўтарытэта. Смех зніжае стрэс, дазваляе хутка скінуць напружанне, расслабіцца. Смяяцца з іншых і з сябе вельмі карысна для псіхічнага здароўя.

Не сумняваюся, што ў Аўцюкі зноў і зноў будуць прыязджаць госці. Чаму? Каб “абсмяяцца ды й не ўстаць, каб і мёртвага падняць”…

Канстанцін КАРНЯЛЮК