Каменьчыкі, прынесеныя хваляй

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Выстава мастацкай керамікі Ірыны Шчаснай у сталічным Цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) мела немудрагелістую назву “Калекцыя”. Усе мы нешта збіраем. Хто маркі, хто тэхнічныя прылады, хто вінтаж і антыкварыят, хто эксклюзіўныя самаходы. У каго на што грошай хапае. І яшчэ — чаго душа прагне. У матэрыяльным аспекце калекцыяніраванне — памкненне зрабіць свой побыт утульным, а ў ментальным сэнсе — пабудова псіхалагічнага камфорту.

/i/content/pi/cult/767/16572/013.JPGВось і назвай выставы аўтар, як здаецца на першы погляд, падводзіць гледача да думкі, што творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, могуць пры жаданні стаць часткай ягонай прыватнай калекцыі — аздобіць побыт і падараваць станоўчыя эмоцыі. Але калі пільна прыгледзешся да яе керамікі, разумееш, што ў дадзеным выпадку спадарыня Ірына сама сабе калекцыянер. А характар выставы абумоўлены натуральным для паслядоўнага збіральніка жаданнем зрабіць свой набытак чыннікам грамадскай культурнай прасторы, наладзіць сумоўе з дасведчанай аўдыторыяй і высветліць, наколькі тое, што хвалюе цябе, цікава іншым. Хтосьці збірае рэчы, яна ж калекцыяніруе ўражанні, пачуцці і эмоцыі, каб потым перавесці іх у адпаведныя настрою і сэнсу формы ды фактуры.

Як у кожнага майстра ў Ірыны Шчаснай ёсць свае ўлюбёныя вобразы, якія ў залежнасці ад абранага кантэксту могуць набываць розны сэнс і фармаваць розны асацыятыўны шэраг. Гэта як перабіраць на далоні марскія каменьчыкі і ўзгадваць, на якім узбярэжжы яны падабраныя, якая хваля іх прынесла. Параўнанне з марскімі каменьчыкамі невыпадковае. Яе дэкаратыўныя пласціны насамрэч нагадваюць прыродныя аб’екты, але адмыслова апрацаваныя. У такім кірунку сёння працуюць многія, бо на гэта ёсць попыт. Такая эстэтыка сёння ў трэндзе. Ды і поле для творчых і тэхнічных эксперыментаў тут, лічы, неабмежаванае. Але там, дзе ў іншых пануе спантанасць, у Ірыны Шчаснай вобразы маюць канцэптуальную аснову. Яна ведае, якога выніку хоча дамагчыся. Праўда, усе нюансы прадугледзіць усё адно немагчыма, бо кераміка — гэта спалучэнне стыхій агню, вады і зямлі. А кіраваць стыхіямі не дадзена нікому.

Спадарыня Ірына часта звяртаецца да вобразаў, якія можна трактаваць як канструктывісцкую версію Вавілонскай вежы. Калі гэтыя канструкцыі перавесці ў іншы маштаб і выканаць у больш трывалым матэрыяле, дык гэта была б ужо не кераміка, а скульптура. А ў дэкаратыўнай аздобе фасадаў будынкаў вельмі эфектна глядзеліся яе “марскія каменьчыкі”. Закладзены ў яе работах форматворчы патэнцыял дазваляе, як мне падаецца, даволі проста пераходзіць умоўныя цэхавыя межы. Гэта сведчанне сапраўднага таленту.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"