Лялькі мёртвыя ці жывыя?

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Гастролі абласных тэатраў у сталіцы — добрая традыцыя. Гомельскі ж тэатр лялек прыязджае ў Мінск, бадай, часцей за іншых, за што яму можна толькі падзякаваць. Бо афіша Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, дзе гастралююць госці, адразу папаўняецца новымі найменнямі, якія не могуць не прыцягнуць гледачоў.

/i/content/pi/cult/767/16571/012.JPGНа гэты раз гамяльчане прывезлі дарослы спектакль “Бурнае жыццё Лазіка Райтшванеца”, які паказалі двойчы, і дзіцячы — “Дзе жыве Некукарэка?”, што прайшоў ажно чатыры разы. Кожны з паказаў атрымаў сваю долю глядацкага поспеху. А вось зірнуўшы на спектаклі прыдзірлівым поглядам крытыка, можна было заўважыць не толькі іх плюсы, але і, на жаль, мінусы.

У чым Гомельскі тэатр заслугоўвае вялікай павагі, дык гэта ў выбары матэрыялу. Першы спектакль пастаўлены паводле аднайменнага рамана Іллі Эрэнбурга, які ў п’есу ператварылі Аляксандр Левенбук і Міхаіл Ушац. Пастаноўку, ажыццёўленую Юрыем Вута і Дзмітрыем Гарэлікам, аздобілі шматлікія песні Барыса Раўчуна на вершы Міхаіла Таніча. Праз гэта спектакль наблізіўся да музычнага — тым больш, што артысты не толькі спяваюць, але і танчаць (харэаграфія — Варвары Каменскай). Песні-каментары вымушалі згадаць не брэхтаўскія зонгі, а працяг традыцый кабарэ: драматургія нагадвала мазаіку, складзеную з каларытных сцэнак-прыгод, адасобленых адна ад другой песенна-танцавальнымі ўстаўкамі адпаведнай стылістыкі. Атмасферу першых савецкіх гадоў добра перадавалі-дапаўнялі плакаты тых часоў, развешаныя абапал сцэны (сцэнаграфія, лялькі — Кацярыны Марцінкевіч). Гэта яшчэ больш вымушала згадаць жанр кабарэ, уласцівы тым дзесяцігоддзям. У стылістыцы кабарэ, набліжаючыся да распаўсюджаных у часы нэпа шаржыраваных тыпажоў, зроблены і даволі простыя ў абыходжанні планшэтныя лялькі.

Ды ўсё ж самым моцным бокам спектакля падаўся яго размоўны складнік: галасы артыстаў імгненна адгукаліся на кожнае, нават дробнае, змяненне настрою, перадавалі характары герояў і іх унутраны стан куды лепей, чым даволі статычныя лялькі, якіх проста перасоўвалі-пераносілі з месца на месца. Спрыяе і зварот да мікрафонаў: гарнітура, з якой артысты пачуваюць сябе цалкам натуральна, дазваляе не фарсіраваць гук і нават шэптам даносіць не проста ўсе словы, але і найдробныя інтанацыйныя тонкасці. Выкарыстаны і такі прыём, як “стоп-кадр”, уласцівы кіно: артыст пакідае сваю ляльку і распавядае падрабязнасці — наўпрост у залу, звяртаючыся непасрэдна да гледачоў. Усё гэта яшчэ больш нагадвае радыётэатр ці модныя сёння аўдыёкнігі. А хочацца ж, каб і лялькі “папрацавалі”!

У прывезеным дзіцячым спектаклі “Дзе жыве Некукарэка?”, на жаль, прысутнічалі ўсё тыя ж “недзіцячыя” праблемы: статычнасць лялек, няўменне ці нежаданне “ажыўляць” іх, а не толькі дэманстраваць, адсутнасць працы з прадметамі, праз якія павінен узнікаць вобразна-асацыятыўны змест. Менавіта гэтыя рысы і складаюць эстэтыку тэатра лялек! Калі ж іх няма, застаецца хіба побытавая “гульня ў лялькі”, з якой кожны сутыкаўся ў дзяцінстве, прычым часам на больш фантазійным узроўні, “ператвараючы” ў цацку любую рэч, што патрапіла ў рукі.

Дадаліся і іншыя хібы: дрэннае маўленне артыстаў, спевы пад фанаграму, нецікавая, даволі прымітыўная музыка. Дый лялькі маглі б быць куды больш выкшталцонымі! Больш тэатральна, а не праз звыклую постаць артыста ў якасці “гаваркой галавы”, трэба было вырашаць вобразы такіх дзеючых асоб, як Лес і Поле.

Спектакль быў пастаўлены ў 2008-м, а два гады таму адноўлены. У яго аснове — казка вядомага гомельскага літаратара Васіля Ткачова, з якім, дарэчы, плённа супрацоўнічаюць і іншыя тэатры. Зварот да сваіх аўтараў заслугоўвае толькі ўхвалення, але, шчыра кажучы, над тэкстам таксама можна было папрацаваць: часам ён звернуты больш да бацькоў, чым да дзяцей, хаця спектакль пазначаны як 3+.

А ўсё відовішча цалкам — прывітанне з савецкіх 1950-х. Артысты, праўда, не хаваюцца за шырмай, што па тых часах было б “ноу-хау”, але часам іх вельмі хочацца туды схаваць. Разам з лялькамі, пакінуўшы хіба смешнае Кураня. Думаеце, у Гомелі час прыпыніўся? Дык не! Прыкладам — шматлікія ў гэтым горадзе спектаклі Юрыя Дзівакова, што ёсць, між іншым, і ў афішы тамтэйшага тэатра лялек (“Пліх і Плюх”, “Fable (Басня)”). І гэты кантраст не проста пастановак, а суцэльных эпох дазваляе спадзявацца, што насамрэч не ўсё так сумна, як можа здацца за пару гастрольных дзён. Хаця… лялек “ажыўляць” усё ж трэба!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"