Супрэматычная архітэктура як брэнд Беларусі

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

Сто гадоў таму вучань Шагала і Малевіча Лазар Хідэкель прыўнёс рэвалюцыйныя ідэі ў архітэктуру. Хідэкель увайшоў у гісторыю як мастак і як архітэктар-супрэматыст. Ягоныя раннія, “касмічныя” працы 1919 года, ягонае імкненне знайсці дакладныя ўзаемаадносіны паміж развіццём цывілізацыі і захаваннем прыроды перараслі ў праекты гарадоў будучыні. Лазар Хідэкель заўсёды казаў, што архітэктура — вельмі добрае мастацтва, бо задача архітэктара — абараніць чалавека, але і зямлю таксама, каб яна заставалася некранутай і мы перадалі яе наступным пакаленням. А чалавек мог жыць у аэрагарадах і “не падымаючы галавы, бачыць неба”.

/i/content/pi/cult/767/16569/011.JPGКанцэпцыі аэрагарадоў, плывучых гарадоў, гарадоў на апорах, экалагічнае мысленне і касмічныя інавацыі Лазара Хідэкеля апярэдзілі дзейнасць і архітэктараў-метабалістаў, і футурыстаў. Ёсць у Хідэкеля і малюнкі з арбітальнымі гарадамі, якія лунаюць на арбіце Зямлі і Месяца. Сёння прыватныя кампаніі імкнуцца ў космас, каб будаваць арбітальныя станцыі, і гэтыя станцыі вельмі падобныя да праектаў супрэматыста…

Супрэматызм увогуле з’яўляецца бясконцай крыніцай натхнення і для зорак, кшталту Даніэля Лібескінда і Захі Хадзід, і для пачаткоўцаў, бо ў ім паядналіся філасофія, новыя тэхналогіі і мастацтва. Маладыя айчынныя архітэктары таксама распрацоўваюць інавацыйныя і экалагічныя праекты, ацаніць якія можна было падчас фестывалю “Архітэктурная восень — 2019”. А лепшыя з праектаў былі адзначаны Міжнароднай архітэктурнай прэміяй Лазара Хідэкеля. Ініцыятары падзеі — Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны пры падтрымцы Міжнароднага таварыства Лазара Хідэкеля, Беларускага Саюза архітэктараў, Міжнароднага Саюза архітэктараў, Амбасады ЗША ў РБ і кампаніі А1.

У склад журы Прэміі ўвайшлі сын Лазара, архітэктар і дызайнер Марк Хідэкель, доктарка мастацтвазнаўства і куратарка Рэгіна Хідэкель, іх сын, архітэктар Раман Хідэкель, зорныя архітэктары Рык Бэл і Даніэль Лібескінд, швейцарская фінансістка Марціна Бігліярдзі, а таксама суддзі Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў “Леанарда” на чале з прэзідэнтам Міжнароднага саюза архітэктараў Томасам Ваньерам.

Лаўрэаты Прэміі абіраліся сярод удзельнікаў Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў “Леанарда” (узнагароду атрымала студыя WXCA з Варшавы — за праект польскага павільёна для сусветнай выставы “ЭКСПА — 2020”) і Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў сярод студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ. Праект тэхнічнага цэнтра аўтамотаспорту ў Раўбічах (аўтар — Сяргей Быкаў, БНТУ) стаў фаварытам сяброў журы, якія арыентаваліся ў першую чаргу на супрэматычныя выявы ў архітэктуры і шукалі вытанчаную, дасканалую лінеарную арганіку. Навучэнка Віцебскага тэхнічнага каледжа Аляксандра Арасланава распрацавала канцэпцыю архітэктурна-археалагічнага комплексу на плошчы 1000-годдзя Віцебска: гэта старажытны горад у горадзе з архітэктурна-археалагічным паркам, музеямі архітэктуры, археалогіі і фатаграфіі, гасцініцай, горадам рамеснікаў і Домам архітэктара. У гэтым праекце журы ацаніла “нефармальнае супрэматычнае бачанне” і “філасофію дзеяння над рэальна існуючай прасторай”.

Дарэчы, прыз-узнагарода Прэміі ўяўляе з сябе крышталёвы паралелепіпед, унутры якога — кампазіцыя Лазара Хідэкеля “Рассячэнне чорнага квадрата”. “Малевіч стварыў “Чорны квадрат” і сказаў, што гэтага хопіць, але ягоныя студэнты запярэчылі: “Не, мы пойдзем далей”, і мой бацька зрабіў вось такую кампазіцыю. Малевіч гэта вельмі ўпадабаў. Гістарычны артэфакт мы змясцілі ўнутр прыза”, — тлумачыць Марк Хідэкель.

Уручэнне прэміі — першая падзея ў шэрагу мерапрыемстваў, што адзначаць стагоддзе УНОВІСу ў 2020-м. Міжнародная навуковая канферэнцыя ў Віцебску і маштабная выстава твораў Лазара Хідэкеля ў Нацыянальным мастацкім музеі стануць вехамі на шляху вяртання імя знакамітага архітэктара на Беларусь — радзіму новага мастацтва і самага радыкальнага кірунку ў авангардзе.

Нельга не звярнуць увагу і на значэнне мецэнацкай справы, калабарацыі камерцыйных кампаній, грамадзянскай ініцыятывы і дзяржавы ў правядзенні міжнародных падзей такога ўзроўню.

Спадарыня Марціна Бігліярдзі (яе Марк Хідэкель прадставіў як “фінансавую легенду Швейцарыі”) адзначае важнасць ролі, якую адыгрывае мецэнацтва бізнесу ў развіцці культурнай сферы: “Я перакананая, што гэта ёсць абавязкам прыватных кампаній, якія з’яўляюцца часткай грамадскай супольнасці і мусяць рабіць у гэтую супольнасць унёсак, падтрымліваючы маладых творцаў і культурныя праекты. Сацыяльна адказныя кампаніі можна назваць добрымі грамадзянамі, бо кампанія як сацыяльны інстытут прыпадабняецца да чалавечай істоты. І як добрыя грамадзяне, кампаніі клапоцяцца пра грамадства, а не проста зарабляюць грошы і раздаюць сваім акцыянерам. Падтрымка мастацтва — не толькі абавязак перад грамадствам, але і важная частка маркетынгавай стратэгіі самой кампаніі. Сёння многія фірмы і банкі збіраюць уласныя мастацкія калекцыі, набываюць творы маладых мастакоў і размяшчаюць у сваіх штаб-кватэрах і галаўных офісах. Такім чынам, падтрымка мастацтва робіцца абліччам кампаніі ці, так бы мовіць, вопраткай, па якой сустракаюць”.

Кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў падкрэсліў, што кампанія і раней падтрымлівала культурныя праекты: “Але сёння мы імкнёмся выйсці на новы ўзровень звароту да ўсяго грамадства — праз мастацтва. Разам з нашымі дзяржаўнымі партнёрамі, экспертамі ў сферы культуры, грамадскай супольнасцю мы ўдзельнічаем у фармаванні культурнага ландшафту Беларусі. Стагоддзе УНОВІС — падзея планетарнага маштабу. Супрэматызм нарадзіўся на віцебскай зямлі сто гадоў таму, і да гэтага часу сілкуе сусветны авангард. Рабіць сёння з думкамі пра будучыню — адзін з прынцыпаў Лазара Хідэкеля…”

 

Алена КАВАЛЕНКА