Вяртанне скарбу Берасцейскай Бібліі

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

10 кастрычніка ў музеі кнігі, што месціцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, адбылося адкрыццё выставы “Выхад з ценю: невядомы арыгінал Берасцейскай Бібліі”. Прадстаўлены на выставе асобнік унікальнага выдання 1563 года знаходзіцца ў прыватнай калекцыі і ніколі раней не экспанаваўся, застаючыся невядомым нават для спецыялістаў.

/i/content/pi/cult/767/16566/1_opt.jpegУладальнікам асобніка з’яўляецца калекцыянер Сяргей Пуцілін, які паходзіць з Гомеля. Кніга на выставе знаходзіцца пад шклом — часам супрацоўнікі будуць адгортваць яе на найбольш адметных старонках. Але атрымаць уяўленне аб выглядзе старонак Берасцейскай Бібліі можна і з дапамогай размешчанага побач камплекта рэпрадукцый з выявамі гравюр. Таксама на выставу неўзабаве мусіць вярнуцца з замежнай паездкі асобнік факсімільнага выдання Берасцейскай Бібліі, аб якім мы пісалі ў адным з мінулых нумароў — яго зможа пагартаць кожны наведнік.

Акрамя галоўнага экспаната, на выставе прадстаўленыя яшчэ два рэдкія выданні берасцейскай друкарні, а таксама іншыя кнігі той эпохі, як з тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і з Заходняй Еўропы — каб паказаць кантэкст, у якім стваралася і распаўсюджвалася Берасцейская Біблія. Варта адзначыць, што тутэйшыя выданні нічым не саступаюць у якасці заходнееўрапейскім. Таксама на выставе змешчаныя рэчы, звязаныя з родам Радзівілаў, якія даюць уяўленне аб фундатарах выдання і тых часах, у якіх яны жылі і дзейнічалі.

Пазнакі на палях

Асобнік Берасцейскай Бібліі, які можна пабачыць цяпер у музеі кнігі, не зусім поўны — у ім адсутнічаюць пэўныя аркушы, многія старонкі даволі моцна пацярпелі, але тым не менш, акурат гэта і з’яўляецца адной з найбольшых вартасцяў асобніка — кніга не праходзіла рэстаўрацыю, а таму захавала багата адметных рысаў, якія сведчаць аб яе выкарыстанні: паметаў, запісаў на палях і гэтак далей. Парадаксальна, але часта сярод калекцыянераў кошт кнігі ўзрастае, калі яна выглядае “лепей” — таму трэба хіба падзякаваць уласніку, які ўсведамляе каштоўнасць індывідуальных рысаў гэтага асобніка, і не пажадаў набіваць яму цану, калечачы кнігу не зусім дарэчнай рэстаўрацыяй.

Кніга налічвае каля паўтысячы старонак і важыць каля пяці кілаграмаў. Пераплёт асобніка кардонны, абцягнуты скураю, даволі пашкоджаны, але таксама арыгінальны — праўда, не XVI, а XVIII стагоддзя. Палі кнігі моцна абрэзаныя — гэта таксама сведчыць аб тым, што асобнікам актыўна карысталіся, і таму ўскрайкі старонак абтрапаліся. Таксама часам можна пабачыць на старонках сляды воску. Адна з найважнейшых адметнасцяў экспанаванага асобніка — кніга Псалтыр тут падзеленая паметамі на кафізмы, то-бок раздзелы. Гэта сведчыць аб тым, што канкрэтна гэтая кніга выкарыстоўвалася падчас богаслужэнняў, прытым не пратэстантамі, якія не ўжываюць такога падзелу, а ў праваслаўнай альбо грэка-каталіцкай царкве.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша адзначае, што Берасцейская Біблія была для свайго часу выданнем у пэўным сэнсе рэвалюцыйным. Пераклад зроблены з мовы арыгінала, кожная кніга Бібліі тут пачынаецца з анатацыі, тэкст падзелены на вершы, дададзены прадметны ўказальнік і нават ліст чытання па днях года, дзякуючы якому кожны мог чытаць пэўныя мясціны з Бібліі ў належныя дні года без кансультацыі са святаром. Цікава таксама, што ўсе тры першыя пераклады Бібліі з мовы арыгінала на польскую з’явіліся на свет на тэрыторыі сучаснай Беларусі — у Брэсце, Нясвіжы і Лоску.

Гісторыя страт і вяртанняў

У свеце на сёння налічваецца каля 130 асобнікаў Берасцейскай Бібліі. Зрэшты, ставіць пытанне аб вяртанні ў Беларусь асобнікаў, якія знаходзяцца за мяжой у дзяржаўных зборах, амаль нерэальна — бо яны трапілі туды альбо легальным шляхам, альбо пры не да канца высветленых абставінах, і давесці, што яны вывезеныя незаконна, фактычна немагчыма.

З пачатку 2000-х гадоў вяліся размовы і рабіліся захады ў кірунку вывучэння, набыцця, алічбавання і бібліяграфічнага ўліку ўсіх асобнікаў Берасцейскай Бібліі, якія захаваліся. Ужо больш за дзесяць гадоў у Брэсце ладзяцца канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы”, ініцыятарам якіх выступае Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага. Тым не менш, Берасцейская Біблія, хаця і з’яўляецца адным з ключавых помнікаў беларускай кніжнай культуры, доўгі час заставалася нявывучанай. У Беларусі з сярэдзіны мінулага стагоддзя не засталося нават ніводнага поўнага асобніка гэтага выдання — апошні асобнік, які захоўваўся ў кальвінскім зборы ў Дзяржынску і быў адтуль перавезены ў міжваенны час у Беларускі дзяржаўны музей, быў страчаны падчас вайны.

Толькі ў 1975 годзе на юбілей бібліятэкі Акадэміі навук БССР быў падараваны асобнік Берасцейскай Бібліі, што захоўваўся ў Вільні. У 2014 годзе фрагмент Бібліі здолела набыць Брэсцкая абласная бібліятэка. І, нарэшце, сёлета яшчэ адзін асобнік быў выкуплены мясцовымі спонсарамі і ўрачыста перададзены Брэсту з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падчас святкавання тысячагоддзя першай летапіснай згадкі Брэста. У немалой ступені гэта здарылася дзякуючы той зацікаўленасці жыхароў Брэста, якую абудзіла, у тым ліку, і леташняя выстава рэпрадукцый Берасцейскай Бібліі ў музеі гісторыі горада, створаная таксама пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі. Яшчэ адзін асобнік Берасцейскай Бібліі, акрамя таго, які можна пабачыць на выставе, знаходзіцца ў Беларусі ў прыватнай калекцыі. Цяпер адбываюцца перамовы аб пакупцы для Нацыянальнай бібліятэкі, уласна, таго асобніка, які экспануецца ў музеі кнігі.

Берасцейская Біблія сапраўды пакрысе выходзіць з ценю: як на сімвалічным узроўні, асэнсоўваючыся навукоўцамі і грамадствам — так і літаральна, вяртаючыся даўно забытымі асобнікамі ў грамадскую прастору. Спяшайцеся пабачыць адзін з гэтых унікальных фаліянтаў — выстава працягнецца да 17 лістапада.