Арганныя “Званы…”

№ 42 (1429) 19.10.2019 - 26.10.2019 г

24 кастрычніка ў Полацку ўрачыста адкрыецца ХХІV Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”. Паводле традыцыі, яго канцэрты расцягнуты больш як на месяц, а першы з іх адбудзецца яшчэ да афіцыйнага адкрыцця гэтага музычнага форуму.

20 кастрычніка публіка зможа паглыбіцца ў традыцыі эпохі Барока, прычым з беларускім адценнем. І не толькі таму, што гэты фестываль праходзіць у Сафійскім саборы, але і таму, што выступаць будуць нашы маладыя, але ўжо знаныя музыканты. Слухачы пачуюць не толькі арганнае выкананне Калінікі Мядзведзевай, але і мяккае, пяшчотнае сапрана вядомай опернай салісткі Таццяны Гаўрылавай. А яшчэ — барочную трубу, на якой сыграе Аляксандр Ахрэмка. Барочныя трубы пачалі вырабляць некалькі дзесяцігоддзяў таму, максімальная капіруючы сапраўдныя інструменты даўніны, але ўсё ж з невялікім удасканаленнем, каб пазбавіцца фальшывых нот, уласцівых для тых часоў.

Не проста беларускія, а менавіта полацкія рысы набудзе канцэрт адкрыцця. Бо яго ўдзельнікамі стануць заслужаная артыстка нашай краіны, арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая (дарэчы, у адным з канцэртаў лістапада яна выступіць з нямецкай выканальніцай на блок-флейце і кларнеце Сюзанай Эрхардт), а таксама камерны аркестр “Еўропа-Цэнтр” на чале з Раілем Садыкавым, складзены з выкладчыкаў і студэнтаў музычных навучальных устаноў рэгіёна. Далучыцца да іх і Камерны хор Гомельскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Алены Сакаловай.

Астатнія канцэрты амаль цалкам аддадзены гасцям — арганістам з Польшчы, Расіі, Францыі, Японіі. Будзе і незвычайнае спалучэнне аргана з саксафонам, і нават дуэт арганістаў, што сустракаецца даволі рэдка. Афіша фестывалю багатая на цікавосткі. І складзена так, каб на самыя адметныя канцэрты можна было без цяжкасці прыехаць з іншых куткоў Беларусі. Што ні кажыце, а гэты фестываль — яшчэ і добры турыстычны праект.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"