Крэатыў імпэтных палешукоў, або Як ператварыць аўтэнтыку ў прывабны турпрадукт?

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Пінскі раён: новыя ўстановы культуры, перавыкананне планаў і супрацоўніцтва са спонсарамі
Як для мяне, дык Піншчына і аўтэнтыка — словы-сінонімы. Тут, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, у маляўнічым у любую пару года кутку Беларускага Палесся, традыцыі, што складаліся стагоддзямі, яшчэ жывуць, развіваюцца і “дыхаюць” так, як і шмат гадоў таму. З аўтэнтычнай своеасаблівасці Піншчыны вынікае іншы заканамерны факт: адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця сферы культуры раёна — адкрыццё ўстаноў культуры новага тыпу, а таксама стварэнне розных праектаў, скіраваных, у першую чаргу, на папулярызацыю таго здабытку, што назапасілі мінулыя пакаленні. Тым больш, што, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Людмілы Галавач, дзейнасць па захаванні народных традыцый часам не менш важная за працу па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна.

/i/content/pi/cult/766/16554/015.JPGДык што такое жакі?

І пачну я менавіта са стварэння ўстаноў культуры новага тыпу, звязаных з захаваннем мясцовых традыцый. Не так даўно, у кастрычніку 2016 года, у вёсцы Мерчыцы Пінскага раёна адбылася адметная для паселішча падзея — тут адкрыўся Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту. Установа ўяўляе з сябе сапраўдны музей, дзе сабраны ўнікальныя прадметы побыту і народных рамёстваў беларусаў-палешукоў.

— Ідэя стварэння Цэнтра ўзнікла ў нас ужо даўно, — кажа кіраўнік раённай сферы культуры Людміла Галавач. — Народныя святы і абрады, непаўторны фальклор, самабытныя рамёствы, нацыянальны касцюм, кухня Піншчыны — усю гэту багатую спадчыну неабходна захаваць, адрадзіць і, вядома, запрасіць гасцей. Я ўпэўнена, што з цягам часу наш Цэнтр будзе запатрабаваны і ў замежных турыстаў, якія змогуць бліжэй пазнаёміцца з жыццём палешукоў.

Работнікі культуры ўсяго раёна доўгі час збіралі для Мерчыцкай установы культуры прылады працы, прадметы быту, вырабы майстроў і нематэрыяльную спадчыну — абрады, песні, мясцовыя звычаі, гульні, рэцэпты страў і многае іншае. Сабранае сапраўды ўражвае. Сёння ва ўстанове функцыянуе шэсць экспазіцыйных залаў, у якіх размешчаны больш за 200 экспанатаў. Прычым, многія з іх — папраўдзе ўнікальныя.

/i/content/pi/cult/766/16554/016.JPGСкажам, тут можна пабачыць вялізныя, сплеценыя з лазы кошыкі, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, прылады для лоўлі рыбы, пра якія мясцовыя супрацоўнікі могуць распавядаць гадзінамі, дэманструючы той ці іншы загадкавы прадмет з калекцыі. Я, скажам, толькі ў Мерчыцах даведаўся, што такое палескія жакі, лубяшкі ды клуні.

Хтосьці з гасцей можа зацікавіцца драўлянымі вырабамі, а нехта са здзіўленнем наведвае залу ткацтва, дзе пабачыць на свае вочы старадаўнія ткацкія станкі і іншыя прылады для апрацоўкі тканіны, а таксама вясельныя, побытавыя, абрадавыя ды святочныя рушнікі. Дарэчы, за ткацкім станком можна нават папрацаваць, сваімі рукамі і нагамі адчуўшы нялёгкую працу ранейшых ткачых. Як кажуць супрацоўнікі ўстановы, сядзець за ткацкім станком асабліва любяць дзеці. Прычым, не толькі дзяўчынкі, але і хлопцы.

А яшчэ ва ўстанове ёсць зала ганчарных вырабаў, зала нацыянальнага касцюма, у якой размешчаны адзін з унікальных экспанатаў — вясельная сукенка даваеннага часу, а таксама іншыя залы, уключаючы экспазіцыю хаты селяніна-палешука.

Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту размясціўся ў будынку былой Мерчыцкай сярэдняй школы, які быў перад “улазінамі” капітальна адрамантаваны. Як распавяла мне майстар народных промыслаў Вольга Капліч, сёння тут арганізуюцца выставы народных умельцаў, фальклорна-гульнявыя праграмы, ладзяцца народныя святы, семінары, пленэры, форумы з удзелам фальклорных калектываў. Напрыклад, сёлета ў жніўні на тэрыторыі Цэнтра адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Фальварак мінулага”, у рамках якога ўпершыню прайшоў пленэр рэзчыкаў па дрэве — майстроў, якія прыехалі не толькі з Піншчыны, але і з іншых куткоў Беларусі.

Пытанне на перспектыву

— Акрамя таго, да нас часта прыязджаюць турысты не толькі з Брэсцкай вобласці ці бліжэйшых санаторыяў, але і з розных краін СНД і Еўропы, — кажа Вольга Капліч. — Балазе, не толькі для дарослых людзей, але і для дзяцей тут сапраўднае раздолле. Скажам, у нас можна не толькі паглядзець на розныя старадаўнія палескія прылады, але і апрануць нацыянальны касцюм, станцаваць беларускі нацыянальны танец, а пасля яшчэ і прадэгуставаць гарачы зёлкавы чай, сабраны з лекавых раслін і духмянага разнатраўя.

Важнасць і актуальнасць тэмы развіцця турыстычнага патэнцыялу Піншчыны ў Мерчыцах ведаюць не на словах, а на справах. Таму плануюць пашыраць дзейнасць Цэнтра ў розных кірунках.

— Нядаўна на тэрыторыі Цэнтра мы зрабілі казачны Домік Бабы-Ягі, — распавядалі мне супрацоўнікі ўстановы пра свае крэатыўныя “ноу-хау”. — З’явяцца тут з цягам часу і іншыя казачныя хаткі, каб з іх дапамогай можна было пасля ладзіць разнастайныя дзіцячыя квэсты, конкурсы, гульні.

/i/content/pi/cult/766/16554/017.JPGАле што ні кажы, гэта толькі пачатак той вялікай справы, якую плануецца зрабіць у Мерчыцах. Скажам, на мой погляд, вельмі не стае на тэрыторыі Цэнтра кавярні ці нават сталоўкі, а таксама невялікай гасцініцы, дзе маглі б жыць тыя ж заезджыя турысты, ахвочыя да маляўнічых краявідаў Палесся. Тым больш, будынкі былой школы, у якіх усё гэта можна было б абсталяваць, знаходзяцца за два крокі ад установы культуры.

Як кажа Людміла Галавач, планы па далейшым развіцці Цэнтра, у аддзеле, натуральна, ёсць, і яны сапраўды прадугледжваюць, у тым ліку, стварэнне кавярні ды іншыя крэатыўныя цікавосткі. Але ж, натуральна, спачатку трэба адрамантаваць усе наяўныя памяшканні, давесці да ладу вялізную тэрыторыю Цэнтра, за якой пастаянна патрабуецца пільны нагляд, ды зрабіць гэтае месца яшчэ больш прывабным для турыстаў.

Зразумела, на ўсё гэта патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі, якія ў раённым бюджэце пакуль што пад гэтыя мэты не прадугледжаны. Таму цяпер у аддзеле актыўна шукаюць спонсараў ці мецэнатаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маглі б або аказаць фінансавую дапамогу ўстанове, або размясціць на тэрыторыі Цэнтра сваю кавярню. Карацей, хоць развівацца ёсць яшчэ куды, пытанняў пакуль у гэтым кірунку больш, чым адказаў.

Мяркую, пры належным фінансаванні і крэатыўным падыходзе да справы Мерчыцкі Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту можа з цягам часу стаць прыцягальнай турыстычнай “фішкай” на карце не толькі Пінскага раёна, але і ўсёй Брэстчыны. І, мажліва, адабраць лаўры самай крэатыўнай установы культуры ў Музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, што на Драгічыншчыне.

Там, нагадаю, ужо працуе многае з таго, пра што толькі цяпер мараць пінчукі: і невялічкая гасцініца, і мажлівасць харчавання турыстаў прадуктамі з музейнага зямельнага надзелу, і цікавыя квэсты ды прыцягальныя музейныя экспанаты. Але ж музейшчыкі з Драгічынскага раёна пачыналі ўсё гэта яшчэ 10 — 15 гадоў таму. Так што ў Пінскім раёне цалкам могуць улічыць крэатыўны вопыт суседзяў і стварыць свой непаўторны аб’ект культуры. Прынамсі, менавіта на гэта і спадзяюцца як мясцовыя жыхары, так і кіраўніцтва Пінскага райвыканкама.

Як зарабляць без праблем?

Па дарозе ў Стытычаўскі СДК наша “культасветная” машына зрабіла невялікі круг, завітаўшы ў вёску Лапаціна, дзе сёння ў адным з пакояў мясцовай бібліятэкі размешчаны невялічкі музей Аляксандра Блока. Як вядома, рускі паэт-сімваліст калісьці наведваў гэтыя мясціны падчас службы ў арміі ў гады Першай сусветнай вайны, калі Пінск ужо быў акупаваны германскімі войскамі.

Па словах мясцовых супрацоўнікаў, турысты з Расіі з задавальненнем прыязджаюць у Лапаціна, каб пабываць у невялічкім музейчыку, што захоўвае сотні экспанатаў, якія расказваюць пра жыццё і творчасць вялікага паэта Сярэбранага стагоддзя. А яшчэ расіяне і іншыя замежныя госці любяць пад’ехаць да праваслаўнай каплічкі ў суседняй вёсцы Калбы, якую ў свой час маляваў Аляксандр Блок.

Да таго ж, хто-ніхто з цікаўных прыезджых таксама вандруе да вялікага дуба, пад якім, як гавораць мясцовыя жыхары Калбоў, паэта неаднойчы бачылі за пісаннем вершаваных твораў. Праўду кажа гэта легенда ці маніць, сцвярджаць дакладна не буду. Але, як бы там ні было, думаю цікавых турыстычных мясцін на Піншчыне хопіць для гасцей з любой краіны.

І менавіта пра турыстаў адразу зайшла гаворка ў Стытычаўскім СДК, у які я завітаў адразу пасля паездкі ў Калбы і Лапаціна. Справа ў тым, што ўстанова культуры за восем месяцаў гэтага года зарабіла шэсць тысяч рублёў. Гэта 114 працэнтаў ад даведзенага плана платных паслуг.

Сума, пагадзіцеся, немалая. Прычым, значны ўнёсак у план прынесла праца культработнікаў з народнага ансамбля народнай песні “Рабіначкі” на багатай турыстычнай “дзялянцы”. Балазе, умовы для гэтага створаны самыя прыдатныя.

— Большасць грошай у план платных паслуг мы займелі з дапамогай канцэртаў, якія ладзім на цеплаходзе “Белая Русь”, што вандруе па Прыпяці ад Брэста да Мазыра, заязджаючы, натуральна, і на Піншчыну, — патлумачыла мне кіраўнік установы культуры, а таксама стваральнік “Рабіначак” Ніна Шыманская. — Са сваім калектывам мы робім для гэтых “рачных” турыстаў цікавыя творчыя праграмы. Можам і станцаваць, і праспяваць, і зладзіць конкурсы, і развесяліць пад прыпеўкі. Карацей, забаўляем турыстаў як толькі можам. Мабыць, таму нас і пастаянна запрашаюць выступаць для наведвальнікаў водных палескіх маршрутаў.

Да слова, каб спяваць і танцаваць для турыстаў на рачным караблі, які, як вядома, толькі нядаўна распачаў свае круізныя туры па Прыпяці, трэба прайсці своеасаблівы “кастынг”: паказаць журы творчую праграму, прадэманстраваўшы з яе шэраг нумароў. Змаганне за “месца пад сонцам” адбываецца сярод некалькіх падобных фальклорных калектываў Брэсцкай вобласці, якія імкнуцца выйграць тэндар на абслугоўванне турыстаў. Але “Рабіначкі” пастаянна перамагаюць у гэтым конкурсе — дамова заключаецца з працадаўцам штогадова — і з поспехам ды, як бачна, значным фінансавым вынікам выступаюць для замежных гасцей.

— Дарэчы, тэндар выйгралі не толькі “Рабіначкі”, але і яшчэ адзін наш калектыў з Аснежыцаў, — дадае загадчык сектарам ідэалагічнай работы і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Сяргей Падшывалаў, які суправаджаў мяне падчас усёй паездкі па раёне. — Так што турыстычны водны маршрут вельмі спрыяе нашым супрацоўнікам у выкананні планаў платных паслуг адразу для некалькіх устаноў культуры раёна.

За адно выступленне калектыў Стытычаўскага СДК зарабляе ў скарбонку плана платных паслуг неблагую “капейчыну” — каля 200 рублёў. Прыкладна дваццаць пяць разоў ладзяць свае выступленні на палубе рачнога круізнага лайнера пінчане за летні сезон — і вось ужо пяць тысяч рублёў пералічваюцца на рахунак установы культуры.

Праўда, удакладню: не на рахунак самога Стытычаўскага СДК, а на спецрахунак аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама. Але гэтыя грошы не знікаюць без следу ў “агульным катле” аддзела, а вяртаюцца ва ўстанову. Так, менавіта за гэтыя даходы, як распавяла Ніна Шыманская, былі набыты новая гукаўзмацняльная апаратура, ноўтбукі, прынтар і ксеракс, касцюмы для калектыву (ажно чацвёрты камплект!).

Нягледзячы на гэта, грошай усё адно не стае: трэба, як кажуць супрацоўнікі СДК, абавязкова набыць новыя музычныя інструменты, бо старыя ўжо даволі зношаныя. Ды і за, без перабольшання, ударную працу па павелічэнні пазабюджэтных даходаў, удзельнікі калектыву хацелі б мець і бачыць у сваіх разліковых лістках дадатковыя прэміі. Што ж, законнае патрабаванне, тым больш, што менавіта гэтыя пытанні хвалююць супрацоўнікаў Дома культуры найбольш. Як кажа Людміла Галавач, да якой я звярнуўся па каментарый, усе агучаныя праблемы паступова будуць вырашаны ў рабочым парадку.

Што да самога калектыву “Рабіначкі”, у якім пастаянна ўдзельнічае восем — дзесяць чалавек — прычым, гэта не толькі жыхары Стытычава, але і Пінска — дык ягоныя выступленні ўжо адбыліся не толькі ў многіх кутках Пінскага раёна, але і ў некаторых райцэнтрах Беларусі ды за мяжой, напрыклад, у польскім горадзе Сандамір. Так што творчасць палескага калектыву ўжо перасягнула межы Беларусі. Як кажуць, паглядзім што будзе далей…

“Красачкі” — красуюць

Парахонская дзіцячая школа мастацтваў, куды мне давялося завітаць напрыканцы камандзіровачнага дня, уражвае сваімі брэндавымі, не пабаюся гэтага слова, калектывамі. Хаця і без таго тут ёсць на што паглядзець: установа мае ў сваім складзе не толькі музычнае, але і харэаграфічнае аддзяленні. Напрыклад, дзеці тут засвойваюць нотную грамату для баяна і акардэона, фартэпіяна і скрыпкі. Але пра знакавыя ансамблі ў ДШМ гаворка асобная.

— Так, мы маем ажно шэсць дзіцячых і тры выкладчыцкіх творчых калектывы, — адзначыў мне ў размове дырэктар Парахонскай ДШМ Пётр Саламянюк. — Два дзіцячыя калектывы маюць званне “ўзорны” — гэта ансамбль песні і музыкі “Красачкі” і дзіцячы духавы аркестр.

Пра “Красачкі” спачатку і пагаворым. Гэты калектыў пад кіраўніцтвам Тэрэсы Еўтух унікальны не толькі тым, што мае граматы і дыпломы Міністэрства культуры Беларусі ці Брэсцкага аблвыканкама, але і сваімі выступленнямі як на Піншчыне і Брэстчыне, так і за мяжой. Так, летась “Красачкі” пабывалі ў Польшчы, а сёлета прынялі ўдзел і “пакрасаваліся” ў Міжнародным конкурсе “Новыя вяршыні — 2019”, дзе атрымалі дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

Стваральнікам і кіраўніком яшчэ аднаго калектыву — дзіцячага духавога аркестра — з’яўляецца сам Пётр Саламянюк. Дзякуючы і яго нястомнай працы, і майстэрству ўдзельнікаў ансамбля, дзіцячы духавы аркестр двойчы станавіўся дыпламантам І ступені на фестывалі духавой музыкі “Фанфары”, адзначаўся Граматай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, а таксама іншымі ўзнагародамі.

Натуральна, за ўсімі гэтымі дасягненнямі стаіць велізарная праца педагогаў і выкладчыкаў Парахонскай ДШМ. Прычым, творчы імпэт супрацоўнікаў школы падтрымліваецца і матэрыяльнымі стымуламі.

— Не магу не сказаць пра тое, што вялікую дапамогу ў дзейнасці не толькі названых калектываў, але і ўсёй дзіцячай школы мастацтваў аказвае мясцовае прадпрыемства “Парахонскае” і ягоны кіраўнік Уладзімір Храленка, — адзначыў Пётр Саламянюк. — Скажам, за кошт прадпрыемства былі набыты інструменты для духавога аркестра. Таксама Уладзімір Храленка заўсёды ідзе нам насустрач, калі трэба выдаткаваць транспарт на паездкі “Красачак” на конкурсы і фестывалі. Акрамя таго, для гэтага ж калектыву за кошт прадпрыемства мы пашылі новыя касцюмы. Так што іх спонсарская дапамога для нас вельмі важная.

На балансе таварыства

На жаль, самога дырэктара прадпрыемства падчас майго візіту на месцы не аказалася. Але пра мецэнацтва, якое, як бачна, паспяхова прыжылася на ўрадлівай палескай глебе, я пагаварыў са спецыялістам па ідэалогіі ААТ “Парахонскае” Людмілай Малышчыцкай. І ў першую чаргу запытаўся ў яе пра тое, што штурхае прадпрыемства да аказання спонсарскай падтрымкі мясцовай сферы культуры.

— Найперш мы выдатна разумеем, што ў ДШМ вучацца і нашы дзеці, што гэта дзеці нашых супрацоўнікаў, — кажа Людміла Малышчыцкая. — Таму наш кіраўнік, Уладзімір Фёдаравіч Храленка, заўсёды імкнецца падтрымаць навучэнцаў школы мастацтваў, калі да яго звяртаюцца па дапамогу.

У сваю чаргу, калектывы Парахонскай ДШМ часта выступаюць на мерапрыемствах, якія ладзяцца прадпрыемствам, скажам, да Дня сельскага работніка або падчас ушанавання перадавікоў вытворчасці і гэтак далей.

Дарэчы, на балансе ААТ “Парахонскае” таксама знаходзіцца вакальны калектыў “Вясёлка” з мясцовага цэнтральнага Дома культуры. Ансамбль выступае на самых розных мерапрыемствах, што ладзяцца ў паселішчы, а таксама з’яўляецца ўдзельнікам як абласных, так і раённых конкурсаў аматарскай творчасці.

А зусім нядаўна, за кошт сродкаў прадпрыемства, вакальная група пабывала на фестывалі гісторыі і народнай творчасці “Новамаліньска Любава” на Украіне. Так што, як бачна, культура і бізнес на Піншчыне ідуць заўсёды побач, плячо ў плячо, актыўна ўзаемадзейнічаючы на карысць усіх зацікаўленых бакоў.

Праграма ў дзеянні

Натуральна, пра ўсе цікавосткі Пінскага раёна згадаць у адным артыкуле наўрад ці атрымаецца. Прынамсі, не сказаў я пра тое, што сёння ў Міністэрства культуры Беларусі ўжо накіраваны дакументы па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны элемента “Традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень, Правадную нядзелю і “Провады зімы” ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна. Ці пра тое, што многія аматарскія калектывы Піншчыны пастаянна прымаюць удзел у мерапрыемствах, што ладзяцца з нагоды надання Пінску статусу Культурнай сталіцы Беларусі — 2019…

А вось яшчэ адна “цікавостка” ад палешукоў: нядаўна раён папоўніўся адразу трыма калектывамі са званнем народны. Ганаровы статус займелі вакальны ансамбль “Явар ды каліна” Красіцкага СДК, фальклорны калектыў “Грымата” Дабраслаўскага СДК ды інструментальны ансамбль “Мяцеліца” Пінкавіцкай ДШМ. Усяго ж на сёння 23 творчыя калектывы Піншчыны займелі званне “народны” і “ўзорны”. Лічба, як кажуць, гаворыць сама за сябе.

Шмат робіцца ў раёне і ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, паказчыкі якой у раёне выконваюцца і нават перавыконваюцца. Напрыклад, па словах Людмілы Галавач, на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржпрагарамы за кошт раённага бюджэту сёлета выдаткавана звыш 3 мільёнаў 400 тысяч рублёў. На гэтыя грошы, напрыклад, прайшлі рамонтныя работы ў шэрагу ўстаноў культуры, паляпшалася іх матэрыяльна-тэхнічная база, былі набыты і адрамантаваны шматлікія музычныя інструменты, закуплялася неабходнае абсталяванне, ладзіліся фестывалі, конкурсы ды іншыя мерапрыемствы.

— Увогуле, старшыня Пінскага райвыканкама Ігар Брылевіч звяртае на сферу культуры раёна самую пільную ўвагу і аказвае нам пастаянную падтрымку, — кажа Людміла Галавач. — Але, натуральна, перад сферай ставяцца і адпаведныя задачы на перспектыву. Напрыклад, сёння мы думаем пра тое, каб ладзіць у кожным сельсавеце раёна сваё брэндавае мерапрыемства, знакавае для ўсёй Піншчыны.

Скажам, менавіта ў рамках агучанай ініцыятывы не так даўно ў гонар Дня сям’і ў Парахонску адбыўся раённы конкурс “Шчаслівыя разам”, у якім прынялі ўдзел маладыя сем’і раёна. А больш за 15 танцавальных калектываў Піншчыны спаборнічалі ў конкурсе сучаснай харэаграфіі Little stars, які прайшоў у Лагішынскім маладзёжным Цэнтры культуры.

Так што паспяховы пачатак многіх культурных ініцыятыў на пінскай зямлі — навідавоку.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"