Арганны сімпозіум пройдзе ў Пінску

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

З 13 па 24 кастрычніка ў Пінску пройдзе Рэспубліканскі арганны сімпозіум. “Ажывіць” старажытны інструмент прыедуць арганісты і студэнты музычных навучальных установаў з усёй Беларусі, а таксама госці з Масквы.

/i/content/pi/cult/766/16552/70617819_1292173951195_opt.jpegПерадгісторыя

Пінск вядомы не толькі сваёй шматвекавой гісторыяй, але і такім жа гістарычным арганам. Інструмент быў пабудаваны ў 1836-м годзе Віленскім майстрам Адальбертусам Градзіцкім. У 1936 годзе арган быў перабудаваны Вацлавам Бярнацкім з захаваннем старога барочнага корпуса і некалькіх соцень старых труб. Арган мае 28 рэгістраў. Зараз інструмент гучыць на кожнай урачыстай святой Імшы. У гэтым годзе ён быў адрамантаваны.

Што падштурхнула арганізаваць сімпозіум менавіта ў Пінску? Арганізатар мерапрыемства Аляксандр Бурдзялёў узгадвае пачатак гэтай гісторыі.

“У красавіку я размаўляў са сваёй знаёмай выкладчыцай з Масквы, якая прыехала ў Пінск, каб паглядзець на завяршэнне рамонту аргана. Яна паабяцала, што калі Пінская дзіцячая школа мастацтваў і Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў атрымаюць ад спонсара фестывалю, Юрыя Зісера, электронныя аганы, яна запросіць сюды легендарную настаўніцу Маскоўскай арганнай школы — Сямёнаву Галіну Васільеўну. І сапраўды, за некалькі дзён да фестывалю школа і каледж атрымалі ў падарунак электронныя арганы, а Сямёнава згадзілася прыехаць у Пінск”.

Напрыканцы вясны-лета ў Пінску ўжо праходзілі канцэрты арганнай музыкі ў межах арганнага фестывалю памяці Кардынала Казіміра Свёнтка. Гэты фестываль “адкрыў” супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам, мясцовымі ўладамі і мецэнатам Юрыем Зісерам. Сімпозіум — своеасаблівы працяг такога супрацоўніцтва.

Аляксандр Бурдзялёў з’яўляецца складальнікам незвычайнай энцыклапедыі “Арганы Беларусі” і нават удзельнічаў у экспедыцыі, дзе вывучаў гэты інструмент у розных касцёлах Беларусі. Па словах арганіста, ёсць вялікая патрэба развіваць арганную адукацыю на Беларусі, таму і асноўнай мэтай сімпозіума з’яўляецца адукацыйная.

“У Беларусі мала выкладчыкаў ігры на аргане, і ёсць патрэба ў абмене вопытам з аўтарытэтнымі спецыялістамі. Мы распланавалі, што гэта будуць майстар-класы. Калі я паведаміў маладым арганістам і беларускім выкладчыкам аргана, яны вельмі абрадаваліся, і нават самі захацелі паўдзельнічаць”, — гаворыць Аляксандр.

/i/content/pi/cult/766/16552/70168317_1292167651195_opt.jpegІніцыятыву майстра падтрымаў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, ксёндз Андрэй Рылка, які дазволіў размясціць удзельнікаў фестывалю ў гасцявым доме Пінскай семінарыі, якая прымыкае да катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Праграма фестывалю

Усе канцэрты ў межах сімпозіума будуць адбывацца на гістарычным аргане XIX стагоддзя. Сур’ёзныя акадэмічныя творы выканаюць арганісты з Масквы — Аляксей Шмітаў і Анастасія Сідзельнікава, а таксама беларускія музыканты і студэнты розных музычных навучальных установаў з Беларусі. Акрамя гэтага, у Пінскай школе мастацтваў пройдзе серыя майстар класаў ігры на аргане, якія правядуць Аляксей Шмітаў і Галіна Сямёнава, а Аляксандр Бурдзялёў прачытае лекцыю пра беларускую арганалогію.

На сімпозіум прыедуць навучэнцы розных музычных установаў Беларусі разам са сваімі выкладчыкамі. Яны наведаюць адмысловыя майстар-класы арганісткі з Масквы Галіны Сямёнавай, а напрыканцы іх дадуць выніковы канцэрт у Пінскай катэдры.

Таксама ў Пінскай школе мастацтваў, у межах сімпозіума, адбудзецца канцэрт народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава. Усе арганныя канцэрты ў Пінскім катэдральным касцёле будуць бясплатнымі для слухачоў.

Марына ВАЛАСАР

Фота Аляксандра БУРДЗЯЛЁВА