— Гэта, мусіць, ХХІ стагоддзе… Толькі любоў можа ўратаваць усіх нас сёння. А хто любіць мацней за ўсіх? Дзеці… І я падумала, як мне адгукнуцца на гэты дзіцячы позірк у наша дарослае, паўсядзённае жыццё… Казкай, фантастычнай гісторыяй, якія дадуць алегорыі, роздум, палёт. Ці заменіць для сучасных дзяцей кніга камп’ютэр, Інтэрнет?.. Мо і не, але ж дакладна дазволіць ім пабыць дзецьмі даўжэй. Ужо дзеля таго, каб захацелася палюбіць Радзіму, прыроду, вершы, прозу. Бачыце, я сама паэтэса, а стала пісаць прозу — фантастычныя казкі для дзяцей.
— Цікава, а якая з незвычайных гісторый найбольш упадабана самой казачніцай?
— Кніжка “Казкі з гербарыя” — адна з маіх любімых. Там ёсць прадмова, эцюд пра адну з найпрасцейшых раслін — эспаруэт пясчаны… Найпрасцейшая, але і яна ў казцы таксама просіць любові. Што да мяне, дык калі ёсць кніжка, дык ёсць і надзея, што маленькі чалавек успрыме распаведзенае. А затым дадасць і свае пачуцці пасля таго, што прачытаў у творы…
— Ці не пашкадавалі вы, што сталі празаікам?
— Наадварот, бо усялякая проза для дзяцей — вершы! Цяпер наспеў такі час, калі не толькі я, але і мноства паэтаў усвядомілі гэта.
— Ведаю, што вы атрымалі прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ці не за казкі для дзяцей?
— Так! Вельмі шчодрая падзяка за маё слова. Гэта за “Казкі старога астранаўта”. Там я распавядаю пра касмічнае падарожжа беларусаў. Здзівілася, што акурат тады, калі пісала казку пра космас, нашы запусцілі “БЕЛКУ”… Але, мусіць, галоўнае: веру, што ўсё — наперадзе!
У Дзень беларускага пісьменства Раісе Баравіковай уручаецца прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі за кнігу вершаў “Дрэва для райскай птушкі” (з серыі “Залатое пяро”), якая была прызнана кнігай года.
Фота Юрыя ІВАНОВА