Квартэт, які цягне і штурхае шоу-бізнес

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Да юбілею гурта “Тяни-Толкай”
Гады сапраўды ляцяць стралой. Яшчэ ўчора зусім хлапчукамі яны так не па-дзіцячы, так імкліва і весела-няўрымсліва ўварваліся ў свет беларускай поп-музыкі, а цяперашняй восенню, будучы ўжо самавітымі дзядзькамі, гэтыя мужчыны спраўляюць юбілей свайго калектыву — 2 кастрычніка 1999-га адбыўся дэбютны канцэртны выхад ансамбля “Тяни-Толкай” да шырокай публікі. Мінская чацвёрка — Павел Клышэўскі (П.К.), Павел Тараймовіч (П.Т.), Андрэй Заяц (А.З.) і Кірыл Клішэвіч (К.К.) — сёння цалкам у вашым распараджэнні.

/i/content/pi/cult/766/16549/010.JPGГэтую песню не высекчы сякерай!

— Прапаную спачатку скончыць з афіцыйнай часткай інтэрв’ю. Такім чынам, 25-га кастрычніка ў Палацы Рэспублікі…

П.Т.: ...вялікім канцэртам “Праз 20 гадоў” сумесна з эстрадна-сімфанічным аркестрам імя Васілеўскага Гомельскай абласной філармоніі гурт адзначыць сваё дваццацігоддзе.

— А чаму, да прыкладу, не з іншым?

— Па-першае, таму што гамельчукоў ужо можна назваць нашымі сябрамі — мы двойчы выступалі з гэтым калектывам, які рабіў аранжыроўкі некалькіх песень “Тяни-Толкая”. І па-другое, вырашыўшы выпендрыцца, — гэта значыць, загарэўшыся ідэяй ажыццявіць менавіта такую праграму, шукалі ўсё ж такі варыянт, што лепей падыходзiць да нас. Больш гасцей-артыстаў не будзе, самі ж у нейкіх кампазіцыях трошкі падыграем.

— Цяперашняе пакаленне прыхільнікаў вашай каманды, магчыма, і не ведае, што не заўсёды яна была бойз-бэндам, а стартавала як вакальна-інструментальны склад.

П.К.: Пару гадоў таму мы праспявалі і сыгралі на дні нараджэння сябра. На наш погляд, гэта было жудасна. Народ жа балдзеў!

К.К.: У поўным аб’ёме немагчыма вярнуцца да таго фармату хоць бы з-за таго, што ў нашых канцэртах зараз хапае руху, нейкай, хай і невялікай, але драматургіі. Паша Тараймовіч, напрыклад, па зале бегае, публіку “заводзіць”. А ўласныя інструментальныя ўкрапванні, не выключана, будзем практыкаваць на канцэртах і надалей.

П.Т.: Пачынаючы і як інструменталісты, мы служылі благім прыкладам для іншых музыкантаў. Кодавыя словы пра наша... выканальніцкае майстэрства былі “граюць не вельмі”. І на студыі гукарэжысёры з намі мучыліся.

А.З.: Чаму мучыліся? Нейкі альбом гурт запісаў за пяць гадзін.

П.К.: Гукарэжысёр за галаву хапаўся: “Як можна?! Давайце вось гэта, і вось гэта, і гэта перапісваць! Усё перапісваць! Так не граюць!” Мы: “Усё добра. Так трэба”. Памятаю, запісваліся з запрошанымі музыкантамі, і яны вынеслі вердыкт, маўляў, наша ігра супярэчыць усёй логіцы музыкі. Але… iм было вельмi цяжка сыграць нашы партыi!

П.Т.: Увогуле, беларускі шоу-бізнес і публіка павінны, мабыць, сказаць нам дзякуй за тое, што мы своечасова перасталі граць.

— Паша, я да Клышэўскага звяртаюся. Між іншым, блытаніны не ўзнікае, калі хто-небудзь з сагрупнікаў кліча цябе, а адгукаецца Тараймовіч?

П.Т.: Хлопцы мяне Тарамам, Тарамычам “ахрысцілі”.

П.К.: А мяне можна называць Вялікі Белы Гаспадар.

— Вялікі Белы Гаспадар, даўно хацеў спытаць, бо вы з’яўляецеся зараз у Беларусі, на маю сціплую думку, сучасным рускамоўным паэтам-песеннікам № 1, чаму ў рэпертуары ансамбля няма кампазіцый на беларускай мове?

— Яны былі, але мала. Усё вельмі проста: як мастацкім інструментам, я ёй не занадта добра валодаю.

— Вы ж усе раслі ў адным двары?

К.К.: Усе набылі кватэры ў шматпавярхоўцы ў Каменнай горцы. Тарам наогул над Андрэем жыве, чуе, як ён распяваецца і з жонкай лаецца. Аднак год таму я сваю кватэру прадаў, цяпер сям’ёй вядзем гаспадарку за горадам, дзе купілі дом.

А.З.: А я і Паша з Тарамычам, праўда, раслі на вуліцы Каліноўскага. З Клышэўскім жылі ў адным доме, а Тараймовіч — па суседстве.

П.Т.: Уласна, гурт пачынаўся з дружбы трох хлопцаў. Потым пайшлі песні пад гітару, запісы ў Андрэя на бабінны магнітафон.

П.К.: Але пасля таго, як у яго дзверы стаў біцца сусед з сякерай, якому, мабыць, нашы рэпетыцыі не спадабаліся, то зразумелі, — трэба кудысьці ў іншае месца “ліняць”. Школа была, яшчэ нешта, у рэшце рэшт. А ў 2000-м годзе да нас далучыўся Кірыл.

К.К.: Ад агульных знаёмых да мяне дайшлі чуткі аб тым, што гурт шукае клавішніка.

П.К.: Спачатку з дзяўчынай спрабавалі граць, аднак штосьці не пайшло. Тады я з чыстага басіста ператварыўся ў басіста-клавішніка, гэта, вядома, дастаўляла нязручнасць. А праз тыдні два мелася быць паездка з турам маладых выканаўцаў — Кірыла ў яго і ўзялі. Па выніку аказалася, што ён і быў патрэбны. А да таго здарыўся наш першы фестываль — “Першая пляцоўка”, на якім мы занялi другое месца, з таго канцэрта і вядзем адлік уласнай гісторыі.

— Пераскочу наперад. Годзе ў 2011 — 2012-м не абы які крызіс накрыў калектыў: Клышэўскі паралельна з удзелам у ім вырашыў заняцца сольнай кар’ерай. Астатнія музыканты “Тяни-Толкая” захваляваліся: а ну як з часам Павел зусім сыдзе? Так усё было?

— Ты лепш за нас памятаеш падрабязнасці. Пасварыліся трохі, так.

К.К.: Канфлікт інтарэсаў месца меў, факт. Дзякуй Богу, своечасова ўсё, што накіпела, адзін на аднаго выплюхнулі, затым выцерліся, і такое адкрытае тлумачэнне, быць можа, і выратавала гурт.

Шоу-бізнес слязам не верыць

— Вас апошнім часам нешта не так шмат у тэле- і радыёэфірах…

П.К.: Назавеш мне беларускія музычныя тэлеперадачы галоўных каналаў, у якіх гурт мог бы гучаць? Іх няма. Добра, практычна няма. Нашы кліпы круцяць на RU.TV, мы пастаянна выкладваем новыя відэа і аўдыя на юцюбе — вось пляцоўкі распаўсюджвання творчасці “Тяни-Толкая”.

— А са зборных канцэртаў, што здымае тэлебачанне, прымеркаваных да розных дат, чаму зніклі?

— Часцяком такія мерапрыемствы накладваюцца на камерцыйныя канцэрты гурта, а гэта наш заробак. За выступы на “салянках”, пра якія ты сказаў, выканаўцы нічога не атрымліваюць. Натуральна, з’яўляемся там, дзе плацяць.

А.З.: Сёння тэлебачанне як інструмент, што спрыяе прасоўванню артыстаў, мае значна меншую ролю, чым нават у 2000-х — яшчэ і таму не імкнемся любымі шляхамі ўлезці ў “скрыню”. У гэтым плане цалкам хапае інтэрнэту.

П.К.: І радыё ён перамог.

— Хутка “нічога не будзе — ні кіно, ні тэатра, ні кніг, ні газет”. Адзін суцэльны інтэрнэт…

— Калі без жартаў, то для FM ужо надышлі нялёгкія часы, а далей прыйдуць значна горшыя. Але нас і цяпер мала круцяць. Для праграмных дырэктараў станцый песні гурта не з’яўляюцца фарматнымі, у іх, як нам сур’ёзна тлумачаць, перабор з гумарам, альбо яны залішне лірычныя, а яшчэ — увага! — там занадта шмат... эротыкі. Так i кiваюць адзiн музрэд на iншага.

— Чаго шмат?.. Дзіўна! Фарматней, у добрым сэнсе, музыкантаў, здавалася б, цяжэй адшукаць, а, ідзі ж ты. Але я працягну “цытаваць” фільм “Масква слязам не верыць”: а што наогул у айчынным шоу-бізнесе робіцца? Стабільнасці няма, рэпэры яго захапілі?

К.К.: Засілле рэпа ўжо трошкі напружвае — бессэнсоўнага і бязлітаснага.

П.К.: Акрамя Макса Каржа ўсё на самой справе стабільна — застой і балота. Новых хітоў няма, новых цікавых выканаўцаў няма — такіх, каб прама “вау”. “Руліць” па-ранейшаму “олд-скул” — тыя, хто былі ў топах у канцы 1990-х — пачатку 2000-х.

А.З.: А як жа Ціма Беларускіх?

П.К.: А, ну так, малайчына, “падарваў” інтэрнэт. З аднаго боку, цяпер маладым прасцей — няма залежнасці ад лэйблаў, можна быць самому сабе прадзюсарам. З іншага, столькі дзындры зараз вывальваецца ў “павуцінне”, зробленай “на каленцы”, што і адшукаць нешта небанальнае ва ўсім тым смецці складана, і прабіцца пачаткоўцам скрозь яго да слухачоў. Мы стараемся такім нерадавым выканаўцам дапамагаць — і я дуэты з імі спяваю, і з гуртом іх запісваем, і песні для іх пішу.

— Агучыш імёны?

— Лера Зверава. Рэпер RoMChe — вельмі таленавіты хлопец з Гароднi. Насцю Малашкевіч я лічу лепшай на сёння вакалісткай Беларусі.

— Сярод пералічаных табой ёсць тыя, якіх ты апекаваў у тэлешоу “Акадэмія талентаў”. Вычарпаў сябе гэты праект?

— Не гатовы даць адназначны адказ. Вядома, для маладых артыстаў ён быў толькі “ў плюс”, там яны рабілі першыя сур’ёзныя крокі і адразу на такую аўдыторыю. У прадзюсараў з’яўляўся шанец “вырабіць з паўфабрыката” нешта годнае. Але! У нашай маленькай краіне столькі выканаўцаў на кожны яе квадратны метр, што трэба сапраўды валодаць пэўнымі здольнасцямі, каб знайсці сваё месца на беларускай эстраднай паляне. Таму для многіх “выхлап” ад праекта апынуўся нулявым. Ты можаш мне хутка пералічыць тых выканаўцаў, хто дзякуючы “Акадэміі…” дамогся чагосьці ўражлівага?

— ...Віталь Варанко…

— Складана сказаць… Калі праект задумваўся як “фабрыка” па адкрыцці новых імёнаў, то задачу ён не выканаў. У такім выпадку, навошта тэлеканалу марнаваць на яго грошы?

— Бываючы ў камандзіроўках у вёсках, я нярэдка чую шкадаванні ад дырэктараў дамоў культуры, клубаў, што сталічныя артысты да іх не даязджаюць…

— Мы шмат ездзім па краіне — і кропкава, і турамі. У тым ліку і туды, дзе даўным-даўно ніхто з вядомых артыстаў не з’яўляўся. Часам канцэртуем амаль сабе ў страту, таму што адчуваем адказнасць перад беларускім гледачом з глыбінкі. Але не можа ж так быць пастаянна! У зале на трыццаць — пяцьдзясят чалавек гурт наўрад ці выступіць, бо арганізатары не змогуць прызначыць такую цану на білеты, каб гэта было для нас не зусiм “у мiнус”.

Працяг будзе?

— У хатніх бібліятэках маеце казку пра Айбаліта? Дарэчы, колькі ў музыкантаў квартэта дзяцей?

П.К.: У Кірыла — дзяўчынка. У нас траіх — па хлопчыку. І ў гукарэжысёра Аляксандра Каляды дзяўчынка. А казка, вядома, ёсць.

К.К.: У нас таксама.

П.Т.: І ў нас, але малы яе пакуль яшчэ не чытаў. І мы з жонкай яму не чыталі.

А.З.: А ў нашай сям’і гэтай казкі няма!

П.Т.: Ганьба!

— Падрастуць спадчыннікі і захочуць стварыць гурт “Тяни-Толкай 2”. Як вам такая фантазія?

П.Т.: Зараз усе яны мараць стаць блогерамі, у музыканты цяпер ніхто асабліва не імкнецца.

П.К.: А калі здарыцца так, як ты сказаў, то мы не будзем супраць. Так?.. Так!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"