Смаргонскі найгрыш “з рукі на руку”

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

У інвентары жывой спадчыны Беларусі захоўваюцца спеўныя, танцавальныя, кулінарныя, ткацкія і разнастайныя абрадавыя традыцыі. Сёлета Смаргонскі раён прапануе папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь істотна новым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад назовамі “Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі”. За складаным, здавалася б, наборам паняццяў хаваецца народная музыка — простая, родная і блізкая кожнаму.

/i/content/pi/cult/766/16548/08.JPGТрадыцыйныя найгрышы на тэрыторыі міжрэчча Віліі і Гальшанкі нязменна суправаджалі вольны час мясцовых сялян ХХ стагоддзя. Выканаўцы — музыкі-самавучкі — гралі ў вясковых хатах на вяселлях і на танцах, з лёгкасцю пераходзячы з адной мелодыі на другую.

Свой музыкант-саліст або ансамбль (капэла) быў амаль у кожнай вёсцы. Музыка заставалася ў асноўным танцавальнай, з элементамі імправізацыі, вельмі рытмічнай і бадзёрай.

На Смаргоншчыне капэлаў налічвалася шмат. Яны складаліся з саліруючай скрыпкі, часам узмоцненай кларнетам, гармоніка ці акардэона і барабана. Такая капэла — яскравы прыклад траістай музыкі — усходнееўрапейскага трохсастаўнага музычна-інструментальнага камернага гурта для суправаджэння традыцыйных танцаў і абрадаў.

У 1990-я гады выканальніцкую традыцыю капэлы траістай музыкі пераняў мультыінструменталіст, смаргонец Чэслаў Жых (кіраўнік узорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянок”) ад народнага музыканта Уладзіслава Будзько. Перайманне адбылося “з рукі на руку”. Методыка такой перадачы элемента захавалася з пачатку ХХ стагоддзя. Найгрышы перадаюцца ад носьбітаў да іх вучняў шляхам вуснага пераймання на ўсіх інструментах.

На жаль, з 1990-х гадоў музыка нашых дзедаў і прадзедаў з-за сацыяльна-культурных пераўтварэнняў на вёсцы стала незапатрабаванай. Сёння ж носьбіты традыцыі прыкладаюць усе намаганні, каб удыхнуць у народнае інструментальнае выканальніцтва новае жыццё, адрадзіць і на вякі зберагчы несправядліва забытую каштоўнасць.

На сённяшні дзень у Смаргонскім раёне налічваецца 14 носьбітаў элемента, а таксама 11 вучняў і пераемнікаў. Найгрышы гучаць у Смаргоні і ў аграгарадку Жодзішкі, дзе працуюць пераемнікі традыцыі. Любяць гэту музыку і ў Крэве, Сіньках, Вішневе, Валэйкавічах. Найгрышы суправаджаюць вяселлі, сямейныя святы, народныя і дзяржаўныя мерапрыемствы, вечарыны і конкурсы побытавых танцаў. Носьбіты ўдзельнічаюць у разнастайных канцэртных праграмах раённых акцый, шматлікіх рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.

Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі складаецца з шэрагу мелодый, адна частка з якіх актыўна выкарыстоўваецца, другая — знаходзіцца ў стадыі вывучэння, расшыфроўкі і асваення.

Узор выбітнай культурнай каштоўнасці на высокім узроўні прэзентуецца праз творчасць удзельнікаў узорнага ансамбля народнай музыкі “Гулянок” і ўзорнага фальклорнага калектыву “Нальшчаначка”. Сёння калектывы суправаджаюць рэгістрацыі шлюбаў і вясельныя абрады, прыцягваюць увагу зацікаўленай моладзі, дораць шмат пазітыўных эмоцый прадстаўнікам старэйшага пакалення, пераносячы іх у маладыя гады.

/i/content/pi/cult/766/16548/09.JPGМы маем унікальную магчымасць — арганізаваць свята ў традыцыйным стылі і не толькі цудоўна правесці час, але і дакрануцца да жывой спадчыны сваіх продкаў, адчуць яднанне з імі. Мы маем заслужанае права ганарыцца сваім народам і яго багатай, самабытнай нацыянальнай культурай.

Алена БОБІНА, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Смаргонскага раённага цэнтра культуры