Музейны форум: адмыслоўцам і грамадзе

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

4 — 6 кастрычніка ў Брэсце праходзіў IV Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. У ім бралі ўдзел больш як 120 музеяў нашай краіны. Пад форум была задзейнічана прастора Брэсцкай абласной школы алімпійскага рэзерву (лёгкаатлетычны манеж). Тут была разгорнута вялікая выстава, дзе кожны музей мусіў прадставіць сябе найлепшым чынам. А побач з экспазіцыйнай пляцоўкай у “Кабінеце дзелавой праграмы” спецыялісты абмяркоўвалі сённяшні стан і перспектывы музейнай справы Беларусі, суадносілі наш досвед з замежным, нашу рэчаіснасць з сусветнымі трэндамі.

/i/content/pi/cult/766/16547/06.JPGЖуры конкурсу, ацаніўшы стэндавыя экспазіцыі выставы, узнагародзіла ў намінацыі “За лепшую культурна-адукацыйную праграму” дыпломам І ступені Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (Дзіцячы музей). Дыплом ІІ ступені ў дадзенай намінацыі атрымаў Магілёўскі абласны музей імя Еўдакіма Раманава, а ІІІ ступені — Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага.

Да таго ж спецыяльныя дыпломы атрымалі музей “Гісторыя пасёлка Міханавічы” і Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Наступная намінацыя — “За навацыі ў музейнай дзейнасці”. Тут першае месца падзялілі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Дыплом ІІ ступені ў музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”, ІІІ ступені — у Бресцкага абласнога краязнаўчага музея. Спецыяльныя дыпломы ў Клічаўскага краязнаўчага музея і Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава.

Намінацыя “Лепшае музейнае выданне”. Дыплом І ступені — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ІІ ступені —Музей “Замкавы комплекс “Мір”, ІІІ ступені — Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Спецыяльныя дыпломы — Нацыянальны гісторыка-культурны музей —запаведнік “Нясвіж” і Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Намінацыя “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”. Дыпломам І ступені адзначаны Музей бітвы за Днепр, ІІ ступені —Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, ІІІ ступені — Музей гісторыі Магілёва. Спецыяльныя дыпломы ў сталічнага музея Янкі Купалы, Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, Калінкавіцкага краязнаўчага музея, музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”

Апошняя намінацыя — “За лепшы экспазіцыйна-выставачны праект”.

/i/content/pi/cult/766/16547/07.JPGДыплом І ступені — Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей, ІІ ступені — Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, ІІІ ступені — Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Спецыяльныя дыпломы — Музей-запаведнік “Нясвіж” і Замкавы комплекс “Мір”.

Таксама вызначаны пераможцы ў намінацыях на спецыяльныя прэміі. “За вернасць прафесіі” — Тамара Джумантаева, “За лепшую партнёрскую дзейнасць” — Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, “Ідэі маладых” — Нацыянальны гістарычны музей.

Як на маю думку, дэклараванага арганізатарамі раўнапраўя ўдзельнікаў конкурсу ўсё ж такі не атрымалася. Не могуць на роўных спаборнічаць хакеісты вышэйшай лігі і аматары. Так і “топавыя” музеі, у назве якіх прысутнічае слова “Нацыянальны” заўжды будуць мець перавагу над раённымі краязнаўчымі. Нездарма ў спісе сярод пераможцаў у розных намінацыях узгаданы менавіта яны — топавыя.

Магчыма, для конкурсу варта зыходна размяркоўваць музеі па групах, як гатэлі па зорачках, і не зводзіць у інтэлектуальным двубоі байцоў рознай вагі.

Сам форум і ягоныя вынікі яшчэ доўга будуць абмяркоўвацца музейнай супольнасцю. Я ж паспрабую распавесці пра пабачанае ў Брэсце з пазіцыі паспалітага гледача, ніякім чынам не ставячы пад сумнеў значнасць падзеі для беларускай грамады і яе каштоўнасць для прафесійнай супольнасці. Ведаю, што часам справу, на якую выдаткаваныя немалыя сродкі, скарыстана шмат часу і высілкаў, можа сапсаваць нейкая нібыта драбяза, якую зыходна не палічылі вартай увагі. Калісьці мне патрапілі на вока і запомніліся словы аднаго спецыяліста, што семінар ці канферэнцыя, на якой абмяркоўваецца надзвычай актуальная тэма, дзе сабраліся выбітныя асобы і зацікаўленая аўдыторыя, можа быць спляжанай толькі таму, што дзея адбываецца ў непрыстасаваным памяшканні. Гэта пра тое, што ў вялікай справе дробязей няма.

Выставачная ці музейная экспазіцыя, пэўным чынам выбудаваная, надае значнасці і не надта эфектнаму артэфакту. А ў іншым выпадку праз недапрацоўку мастака-экспазіцыянера нават вельмі каштоўная рэч апынецца на перыферыі ўвагі. Вось да прыкладу, музей “Бярэсце” — узор таго, як можна засяродзіць увагу грамады на рэчах, зыходна цікавых прынамсі прафесійным гісторыкам, і зрабіць археалагічны раскоп з рэшткамі небагатага жытла XIII cтагоддзя, у якое сучасны беларус папросту не ўціснуўся, прадметам гонару за наяўнасць на нашай зямлі старажытнай цывілізацыі. А вось экспазіцыя нацыянальнага музейнага форуму ў Брэсце, дзе былі прадстаўлены больш за 120 музеяў, мяне, шчыра кажучы, расчаравала. Ведаючы, наколькі тыя музеі цікавыя паасобку, ад вялікай выставы, дзе яны сабраліся пад адным дахам, чакаў большага.

Найперш зала лёгкаатлетычнага манежа, дзе была разгорнута экспазіцыя, не ў поўнай меры адпавядае характару форуму. Перарабіць спартыўны аб’ект пад выставачную пляцоўку даволі складана. Правесці ў такой прасторы культурніцкую акцыю з разлікам на інтэлектуальную аўдыторыю і з запрашэннем замежных гасцей, — а менавіта такім заяўляўся згаданы форум, апрыёры наўрад ці атрымалася. Брэсту, дарэчы, даўно наспела мець годны ўніверсальны выставачны цэнтр накшталт таго, што ў Мінску на праспекце Пераможцаў.

Экспазіцыя чымсці нагадвала кірмаш. Нібыта стандартныя “гандлёвыя рады” падзялілі на роўныя адрэзкі — “гандлёвыя кропкі”, дзе кожны выставіў свой “тавар”. У экспазіцыі адсутнічала інтрыга, якая робіць выставу прывабнай для паспалітага гледача. Магчыма, так было зроблена, каб экспаненты рознай вагі і статусу — дзяржаўныя і прыватныя, сталічныя і рэгіянальныя, трапілі ў роўныя ўмовы. Але некаторым музеям відавочна не хапала прасторы, каб паказаць сябе з найлепшага боку, а іншым стандартнай ячэйкі дык было і замнога. Ды і акцёры ў касцюмах розных эпох — традыцыйнай сялянскай вопратцы, шляхетных строях, касцюмах месцічаў ХІХ стагоддзя, вайсковай форме часоў Вялікай Айчыннай, у такім кантэксце нагадвалі зазывал. Я не адчуў у імпрэзе ні выбітнай рэжысуры, ні канцэптуальнай асновы. У лёгкаатлетычным манежы панавала спантаннасць.

Параўнанне відовішчнай часткі форуму з гандлёвымі радамі хтосьці можа палічыць абразай. Дарма. “Творчасць” (а музейная справа гэта творчасць) і “вытворчасць” словы аднакарэнныя. А дзе вытворчасць, там і гандль. На тое і існуе ў культурнай сферы менеджмент і маркетынг, каб найлепшым чынам прадставіць сваю прадукцыю спажыўцу, зрабіць з рэчы ці з’явы брэнд, як мага даражэй прадаць і пры гэтым дбаць пра ўласны статус.

Экспазіцыі музеяў-удзельнікаў форуму складаліся з матэрыяльных аб’ектаў і інфармацыйных стэндаў з тэкстамі і выявамі. Былі і ўзоры сучасных інфармацыйных тэхналогій, адпавядаючыя дэвізу форуму “Музей: навука, інавацыі, камунікацыя”. Але, на жаль, на іх не было зроблена адпаведнага візуальнага акцэнту. Іх даводзілася спецыяльна вышукваць вачыма. Зразумела, што натрэніраванае вока музейшчыка-прафесіянала адразу знаходзіла патрэбнае. Для дасведчанага гледача экспазіцыя якраз і была люстэркам рэальнага стану музейнай справы ў Беларусі. Але ўсё ж варта браць да ўвагі і звычайнага наведвальніка. Тым больш, што форум сярод іншага меў за мэту пашырыць цікавасць да музейных скарбаў сярод грамады.

Форум меў і дзелавую праграму. На ёй беларускія музейшчыкі і госці з блізкага замежжа абмяркоўвалі праблемы менеджменту, асветніцкія і адукацыйныя праграмы ў музейнай практыцы, ролю музейных камунікацый у развіцці міжкультурнага ўзаемадзеяння, а таксама практычныя пытанні кшталту пераваг скарыстання экспазіцыйнага абсталявання таго ці іншага вытворцы.

На форуме адбылася падзея, якая паводле значнасці можа стаць у адзін шэраг з выхадам у свет пілотнага нумара часопіса “Мастацтва” (тады “Мастацтва Беларусі”) у 1983 годзе і газеты “Культура” ў 1991-м. Я кажу пра прэзентацыю пілотнага нумара перыядычнага выдання “Беларускі музей”. Арыгінал-макет часопіса па замове Міністэрства зроблены ў рэдакцыйна-выдавецкай установе “Культура і мастацтва”. Таму лагічна, што менавіта яе дырэктар Ірына Слабодзіч прадставіла выданне музейнай супольнасці. Пашырылася поле для дыскусіі, з’явіліся новыя магчымасці для творчай самарэалізацыі людзей, задзейнічаных у культурніцкай сферы. Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшых нумарах новага часопіса прафесіяналы музейнай справы выкажуцца наконт значэння і вынікаў IV Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"