Не забавы дзеля

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Спроба віншавання
Ёсць прафесія, сутнасна скіраваная на фармаванне нацыі. Так, я — пра работнікаў культуры Беларусі. Цягам не аднаго дзясятка гадоў не стамляюся даводзіць пра іх высакароднае прызначэнне. І не стамлюся. Не дзеля забаўкі прыйшлі яны на гэты свет. Яшчэ, падаецца, Макіявелі казаў, што народ, які ўмее маляваць, чытаць, спяваць ды танцаваць, здольны на многае не толькі ў мастацтве, але і ў эканоміцы ды навуцы. Уменні гэтыя даюць не толькі дзіцячыя школы мастацтваў, але і клубы, бібліятэкі, музеі. Так, прынамсі, павінна быць. Апаненты запытаюцца: “Чаму ж ад гэтых высілкаў няма часам канкрэтнага выніку?” Барацьба дабра са злом — працэс працяглы. Дый кадравая праблема замінае. Ад яе і ў свята не схаваешся. Не ўсе ведаюць, што паміж масавіком-забаўнікам і, скажам, бібліятэкарам-асветнікам ці клубнікам-выхавальнікам такая ж розніца, як і паміж копіяй карціны ды яе арыгіналам.

Але не будзем пра людзей пабочных, выпадковых. Будзем пра тых, для каго прафесія — святое пакліканне. Прыклады падказвае жыццё. Пішу гэтыя радкі 8 кастрычніка і думаю вось пра што. Зранку ў сацыяльных сетках атрымаў пісьмо ад дырэктара Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Алены Капыток. Навіна наступная: установа ўдзельнічае ў конкурсе Social Weekend. Дакладней кажучы, на народнае галасаванне вынесены інклюзіўны праект уладкавання ў трохпавярховай бібліятэцы вертыкальнага пад’ёмніка для чытачоў з абмежаванымі магчымасцямі. Такую ідэю мог ініцыяваць толькі прафесіянал. Алена Сяргееўна, я вас заўжды лічыў менавіта такой.

Пастаянна здзіўляе праектамі метадыст Краснапольскага РЦК Валянціна Марчанка, яна — і паэт, і фалькларыст, і знаўца гісторыі роднага краю. Не магу не згадаць і намесніка дырэктара Веткаўскага музея Галіну Нячаеву, на якой сёння трымаецца ўся музейная навуковая дзейнасць, вынікам якой — выданне такой колькасці літаратуры, якой пазайздросціць любое выдавецтва… Спіс бібліятэкараў, клубнікаў і музейшчыкаў, якія не ўяўляюць сябе без клопату пра людзей, можна доўжыць бясконца. Іх місія менавіта ў тым, каб народ не губляў надзею. І толькі вось такі, духоўна акрылены народ становіцца нацыяй.

Вытокі нашай духоўнасці — у старадаўняй спадчыне: у ручніку, іканапісе беларускай школы, нават у драніках-калдунах. Я паважаю амерыканцаў, але мне іх шкада: з важкай нацыянальнай стравы ў іх — толькі яблычны пірог. У нас такіх страў — дзясяткі і сотні. Хто сумняваецца, наведайце фэст “Мотальскія прысмакі”. Нацыя, якая ўмее цаніць ды смачна есці тое, чым у ахвотку частаваліся продкі, — невынішчальная.

Мы маем і ўнікальныя фестывалі гумару ў калінкавіцкіх Аўцюках, бярозаўскім Спораве. І па сёння паслядоўнікі мазырскага ганчара Мікалая Пушкара працягваюць пераўтвараць палескі фальклор у гліняныя вобразы беларусаў, таленавітых, артыстычных і непасрэдных у праявах сваёй дабрыні. Гэтыя фігуркі свецяцца жыццярадаснасцю і гумарам. Нацыя, якая насуперак усяму ўмее пасмяяцца над сабой, — невынішчальная.

Літаральна ў кожнай вёсцы вам заспяваюць так, што вы захочаце тут застацца. Прычым, зробяць гэта не толькі бабулі, не толькі работнікі культуры, але і падлеткі. Знакаміты фэст “Берагіня” — яскравы таму доказ. Нацыя, якая спявае песні і выконвае танцы прабабуль — невынішчальная, бо за кожным яе прадстаўніком — постаць продка, як талісман, як абярэг з крыламі беларускамоўнага анёла-ахоўніка. А пасярэднікамі паміж беларускай спадчынай і беларускім народам былі, ёсць і будуць работнікі культуры. Менавіта яны нястомна наводзяць масткі паміж мінуўшчынай і будучыняй, паміж продкамі і спадкаемцамі. І не дай Бог спыніцца гэтаму працэсу.

“К” ганарыцца вамі, рупліўцы! І будзе ганарыцца бязмерна, калі колькасць работнікаў культуры Беларусі раз і назаўжды супадзе з колькасцю падпісчыкаў на нашу газету! Са святам, шаноўныя!

P.S. У конкурсе сацыяльных праектаў Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка прайшла ў чвэрцьфінал і заняла па выніках народнага галасавання другое месца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"