“Да радасці”: “Лістапад” набліжаецца

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Фалкон Клаб Буцін Кіно Мінскі Міжнародны кінафестываль аб’явіў асноўную частку сваёй праграмы.

Нагадаем, што сёлета галоўны кінафорум краіны пройдзе з 1 па 8 лістапада. У 26-м па ліку кінафестывалі прымуць удзел 154 фільмы з 50 краін.

У асноўным конкурсе ігравога кіно — “Цела божае” Яна Комаса (Польшча), “Уяўны воўк” Валерыі Гай-Германікі (Расія), “Размаляваная птушка” Вацлава Маргула (Чэхія) — тыя фільмы, якія адразу можна вылучыць. Конкурсная дакументальная праграма прапануе сустрэчу з “Краінай мёду” Тамары Катэўскай (Македонія), “На сувязі” Паўла Земільскага (Польшча, Ісландыя), “Стрыптызам і вайной” Андрэя Куцілы і “Абыходам” Віктара Аслюка (Беларусь). У конкурсе нацыянальных кінашкол, які зараз курыруе Марыя Касцюковіч, прымуць удзел 22 карціны студэнтаў-дакументалістаў са знаных еўрапейскіх інстытуцый. Асаблівым госцем гэтага года стане Акадэмія выканаўчых мастацтваў у Браціславе (Славакія) — яе маладыя кінематаграфісты абралі “Лістапад” як самую прывабную пляцоўку для стасункаў і абмену ідэямі.

Адзначу, што сярод асноўных пляцовак мінскага кінафоруму не стала кінатэатра “Мір”, дзе дэманстраваўся асноўны дакументальны конкурс. Але ў “ігру ўступае” Silver Screen у Galileo, які абяцае не толькі паказы дакументальнага кіно, але і адмысловую да фестывалю праграму культурных падзей.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця “Лістапада” традыцыйна адбудуцца ў кінатэатры “Масква”.

Падрабязны агляд праграм кінафоруму чытайце ў наступным нумары.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"