Венскі баль у Купалаўскім

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Гістарычна ў будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ладзілі не адно спектаклі. Яшчэ 130 гадоў таму будаўнікі прадугледжвалі магчымасць ператварыць глядзельную залу ў пляцоўку для грамадскіх танцаў. З дапамогай спецыяльных кранштэйнаў падлогу ўздымалі да ўзроўню сцэны — і распачыналі гарадскі баль. У свой соты сезон купалаўцы вырашылі адрадзіць традыцыю: 14 снежня ў яго сценах пройдзе дабрачынны Венскі баль. Саарганізатарам імпрэзы выступае кампанія А1 Беларусь. Мерапрыемства пройдзе пад патранатам Пасольства Аўстрыі ў Беларусі.

Для Беларусі сучаснай публічны баль — рэч вядомая. Штогод ладзіць танцавальныя сустрэчы Вялікі тэатр Беларусі, кавалераў і дам на балі заклікаюць Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Музей-сядзіба Агінскага.

— Што такое танец? Гэта не толькі ўменне добра рухацца. Гэта — адукацыя праз культуру, выхаванне адпаведных адносін паміж мужчынам і жанчынай, — адзначае сацыяльны аспект генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка. — Нам важна было падкрэсліць, што для Беларусі традыцыя баляў распачалася яшчэ ў XVIII стагоддзі. Вельмі важна, што мы працягваем гэты шматвекавы звычай.

Адметнасцю снежаньскай падзеі стане дабрачынны чыннік: 50 працэнтаў ад продажу білетаў будуць накіраваны на дапамогу праекту “SOS-дзіцячыя вёскі Беларусь” і яго падапечным — дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў ці рызыкуюць страціць яе з-за неспрыяльных сацыяльных фактараў.

— Спадзяюся, наш баль стане знакавай падзеяй у культурным календары Мінска. Мая задача як пасла Аўстрыі ў Мінску — даць гасцям свята магчымасць адчуць унікальную атмасферу венскага бальнага сезона, — аздначыла пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргеттэр.

Традыцыя правядзення венскіх баляў з 1956 года ўнесена ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА. Мінская імпрэза будзе праведзена ў адпаведнасці з усімі яе патрабаваннямі: з дапамогай Пасольства Аўстрыі ў Беларусі да падрыхтоўкі мерапрыемства прыцягнуты аўтарытэтныя аўстрыйскія эксперты. Яны акажуць кансультацыйную падтрымку і дапамогуць у рашэнні галоўнай задачы — вызначэнні і падрыхтоўцы дэбютантаў: юнакоў і дзяўчат, якім, згодна традыцыі венскіх баляў, належыць адкрыць праграму масавым выкананнем паланэза. Дарэчы, прыняць удзел у балі ў якасці дэбютантаў можна абсалютна бясплатна. Для гэтага да 16-га кастрычніка трэба запоўніць адмысловую анкету, якую можна знайсці на сайце тэатра ці мабільнага аператара.

200 лепшых кандыдатаў будуць запрошаны на вочны кастынг, дзе члены бальнага камітэта — прадстаўнікі арганізатараў, прафесійныя харэографы і іншыя спецыялісты, у тым ліку прадстаўнікі аўстрыйскага боку, якія маюць адпаведны досвед, — адбяруць 20 пар. У лістападзе шчасліўчыкаў чакае пачатак насычанай падрыхтоўкі і рэпетыцый. Патрабаванні да жадаючых паспрабаваць свае сілы класічныя: запрашаюцца незамужнія дзяўчаты ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў і нежанатыя маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 26 гадоў, якія дагэтуль ніколі не ўдзельнічалі ў балях.

Іншым жадаючым неабходна набыць білеты і падрыхтаваць бальныя строі адпаведна дрэс-коду: закрыты абутак, жанчынам — доўгія спадніцы, валасы прыбраныя так, каб была бачна шыя, мужчынам — белая кашуля, чорны касцюм і “матылёк”. Тэатр плануе распаўсюдзіць 250 білетаў, аднак тыя, хто не зможа трапіць у пералік шчасліўчыкаў, будуць мець магчымасць паглядзець баль на лічбавай платформе Voka.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"