Геніяльны інструмент!

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі з’явіўся новы канцэртны раяль, усталяваны на сцэне Вялікай залы. Першымі публічнымі выступленнямі, праведзенымі на новым інструменце, сталі два канцэрты ХІV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. А напярэдадні адбылося тэсціраванне раяля вядучымі піяністамі нашай краіны, куды былі запрошаны і прадстаўнікі СМІ.

/i/content/pi/cult/766/16542/04.JPG— Да канцэртных раяляў, — гаворыць мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Юрый Гільдзюк, — патрабаванні асобыя. Максімум іх эксплуатацыі ў канцэртнай зале — пяць — дзесяць гадоў, далей яны прыдатны хіба для рэпетыцыйнага класа. А ў нас апошні такі інструмент быў набыты ў 2006 годзе, ён ужо на 80 адсоткаў зношаны. Таму раяль нам быў вельмі і вельмі неабходны. І менавіта фірмы “Стэнвэй”, бо гэта — сусветны брэнд. Па апытах каля 2000 вядучых музыкантаў свету, амаль усе з іх (ажно 96 адсоткаў!) выкарыстоўваюць такія інструменты ў сваёй канцэртнай практыцы. І гэта зразумела: у раяляў “Стэнвэй” папраўдзе высокая якасць — можна сказаць, бескампрамісная, гэта вяршыня дасканаласці ў вырабе такога роду музычных інструментаў.

Таму мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву краіны: за ўсе гады гэта самы лепшы раяль, які ў нас быў. Раней мы куплялі іх у крамах, абіраючы адзін з пяці — шасці магчымых. А гэты паступіў да нас непасрэдна з фабрыкі, дзе яго выраблялі ўручную. Падобныя заказы на раялі выконваюцца толькі па дамове, мы маглі б атрымаць такі інструмент не раней за 2021 год, але фірма зрабіла для нас выключэнне.

Я быў першы, хто апрабаваў новы раяль. Эмоцыі — неверагодныя. А галоўнае — адчуванне неверагоднага адзінства з інструментам, калі пачынае здавацца, што гэта ён сам гучыць, сам іграе. Раяль тэсціравала камісія, у якую таксама ўвайшлі народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, выдатная піяністка Алена Асташкіна-Мысліўчык, малады выканаўца, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Данілаў, нашы настройшчыкі. І ўсе яны адразу заўважалі моц і прыгажосць гуку. Літаральна ў адзін голас гаварылі: такога цудоўнага раяля ў нас яшчэ не было.

Ды ўсё ж галоўным выпрабаваннем сталі першыя канцэрты. На новым раялі выступаў турэцкі піяніст і кампазітар Фазыл Сай, а ў наступны дзень сольны канцэрт даваў сусветна знакаміты Барыс Беразоўскі. Ён яшчэ на рэпетыцыі, ледзь дакрануўся да клавішаў, сказаў: “Геніяльны інструмент!” А выканаўшы на канцэрце заяўленую праграму, вельмі многа іграў на біс. Можа, яшчэ і таму, што не хацеў развітвацца з такім інструментам. Я чуў, як хтосьці ў зале на гэты конт пажартаваў: “Відаць, Бора спадабаўся раялю”. Мець у нашай філармоніі такі інструмент — сапраўднае шчасце.

Беларуская дзяржаўная філармонія выказала ўдзячнасць Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку праз нашу газету:

“Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі выказвае шчырую і сардэчную ўдзячнасць за ўвагу, якую Вы надаеце пытанням культурнай палітыкі Беларусі. Дынамічнае развіццё і падтрымку атрымалі ўсе галоўныя складнікі нацыянальнай культуры: гісторыка-культурная спадчына, мастацкая творчасць, клубная дзейнасць, бібліятэчная і музейная справы, кінематаграфія, народныя мастацкія рамёствы. Важным стымулам развіцця культуры Беларусі сталі стварэнне і дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Беларуская музычная культура славіцца сваімі акадэмічнымі традыцыямі, сярод якіх вядучае становішча займае айчынная піяністычная школа. Падобна на тое, як фартэпіянная музыка ўжо некалькі стагоддзяў з’яўляецца цэнтрам музычнага мастацтва, так піяністычная школа стала сэрцам нацыянальнай музычнай культуры. Сёння айчынная фартэпіянная школа з’яўляецца нацыянальным набыткам, якім мы можам па праве ганарыцца. Імёны многіх прадстаўнікоў беларускага фартэпіяннага мастацтва яркімі радкамі ўпісаны ў летапіс сусветнага піянізму: легенды пакалення, якое пайшло ад нас  — Ірына Цвятаева, Эла Альтэрман, Міхаіл Бергер, Уладзіслаў Эпштэйн, Ева Эфрон, Рыгор Шаршэўскі, Валерый Шацкі, Людміла Шаламенцева, Юрый Бліноў, гонар сённяшняга і надзея будучага пакаленняў — Ігар Алоўнікаў, Ірына Шуміліна, Зоя Качарская, Андрэй Сікорскі, Андрэй Паначэўны, Аляксандр Музыкантаў, Сяргей Смірноў, Марына Рамейка, Уладзіслаў Хандогій, Аляксандр Данілаў, Яўген Івашка і многія іншыя. Іх канцэртная дзейнасць звязана найперш са сцэнай Беларускай дзяржаўнай філармоніі — вядучай канцэртнай пляцоўкі нашай краіны.

Набыццё Канцэртнага раяля Steinway & Sons дзякуючы Вашаму непасрэднаму ўдзелу з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем клопату і ўвагі да ўмацавання і развіцця матэрыяльнай базы нацыянальнай культуры.

Мы высока цэнім праяўленую Вамі ўвагу да аднаго з важнейшых кірункаў нацыянальнай культуры на прыкладзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі — захавальніка акадэмічных традыцый прафесійнага музычнага мастацтва Беларусі.

З павагай,

генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі А.В. ГАРБАР,

мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі,
заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Ю.М. ГІЛЬДЗЮК”

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"