Апошні рамантык беларускага рока

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Не музыкант, не спявак, не гітарыст — але сапраўдны рокер. Паэт усім ладам жыцця, адданы адной прыгожай трыадзінай мары — Беларусь, беларуская мова і беларускі рок. 29 верасня споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння журналіста і музычнага даследчыка Вітаўта Мартыненкі. У 2016-м ён пакінуў гэты свет пасля цяжкай хваробы, і дагэтуль вечароў памяці не было. Спатрэбіўся час, каб адчуць страту больш поўна, каб пачаць лепей разумець асобу і яе значнасць у гісторыі, і каб музыканты, якім Вітаўт прысвяціў жыццё, змаглі сказаць словы ўдзячнасці і павагі. У мінскім Палацы культуры імя Мікалая Шарко прайшоў мемарыяльны канцэрт.

/i/content/pi/cult/765/16540/024.JPGНа сцэну ў гэты вечар выходзілі з акустычнымі спевамі многія знаныя артысты — Ігар Варашкевіч (на здымку), Алег Хаменка, Алесь Камоцкі, Аляксандр Памідораў, Андрэй Плясанаў, Алесь Таболіч, Кася Камоцкая… У кагосьці знаходзіліся і добрыя словы, а гледачы горача віталі любімыя песні і нават падпявалі. Дарэчы, зала менавіта гэтага Палаца культуры не выглядае выпадковай — тут у даўнія часы працаваў клуб філафаністаў, актыўным удзельнікам якога быў і Вітаўт Мартыненка. Увогуле, у 80-я і 90-я гады журналіст спрычыніўся да многіх знакавых для беларускай культуры спраў: разам са сваім верным паплечнікам Анатолем Мяльгуем у 1986-м годзе стварыў першы ў Беларусі рок-клуб “Няміга”. Бо ў тыя часы ўсе ведалі Ленінградскі рок-клуб, Свярдлоўскі, а ў нашай краіне гэты рух пачынаўся менавіта так — калі яшчэ і самой з’явы “беларускі рок”, за выключэннем асобных выканаўцаў, не было. Намаганнямі рок-клуба былі праведзеныя і сімвалічныя для нашай гісторыі фестывалі “Тры колеры”, калі ўпершыню на сцэну выйшлі такія групы як “Мроя”, “Бонда”, “Рэй”, “Тарнада” і нават “Бі-2”. І “Ляпіс Трубецкой” свой першы канцэрт адыграў менавіта на “Трох колерах”. Да з’яўлення славутага свята музыкі маладой Беларусі “Басовішча” Вітаўт таксама меў непасрэднае дачыненне. Увогуле, побач з яго імем можна многа разоў ужываць слова “першы”. Як журналіст, што з 1983-га года працаваў у газеце “Чырвоная змена” карэспандэнтам, адказным сакратаром і намеснікам галоўнага рэдактара, ён першым выводзіў на старонкі прэсы не самую ўхвальную і вядомую на той час рок-музыку, у сваёй рубрыцы “Нотны аркуш” адкрываў, а ў многім і ствараў свет беларускага рок-н-рола. Першы менавіта беларускі хіт-парад на старонках “Чырвонай змены” — гэта ізноў жа яго справа. І — што здавалася абсалютна неверагодным — яшчэ напрыканцы 80-х гадоў выдаў у Амерыцы сваю сумесную з Анатолем Мяльгуем кнігу “Праз рок-прызму”, і такім чынам перайшоў з рангу журналіста ў ранг музычнага даследчыка і архіварыўса. Справа была прадоўжана выданнем у 2006-м годзе каласальнай працы “222 альбомы беларускага року і не толькі”.

Арганізатар мемарыяльнага канцэрта Віталь Супрановіч, што многа гадоў працаваў з Вітаўтам у межах лэйбла “Беларуская музычная альтэрнатыва”, кажа, што лічыць яго адным з пачынальнікаў беларускага рока, які ў 80-я здзейсніў сапраўдную музычную рэвалюцыю.

У гэтай страсці журналіста было месца нават для ахвярнасці — часта ён падтрымліваў музыкантаў не толькі словам, але і фінансамі, сам прадзюсіраваў і выдаваў. На канцэрце падчас выступлення Алеся Лютыча згадвалася гісторыя, як Вітаўт прадаў машыну для таго, каб можна было надрукаваць тыраж альбома групы BN з Бярозы.

Але ў нейкі момант беларускі рок як цэльная хваля зорных груп рамантычна-адраджэнскіх часоў практычна перастаў існаваць, часы змяняліся, як і людзі — а Вітаўт заставаўся верным ідэалам, не ішоў на кампрамісы, не хацеў разумець, што традыцыйны рок саступае месца новым стылям, а песні на рускай мове гэта таксама “беларускі рок”... У новым стагоддзі як музычны журналіст ён, здаралася, не знаходзіў паразумення з героямі сваіх публікацый, чытачамі і калегамі, а калі палымяна змагаўся з ветранымі млынамі, выглядаў Дон-Кіхотам. Яго роля ў гісторыі забылася, і па вялікім рахунку ён аказаўся нікому непатрэбным і пры жыцці слоў удзячнасці ад музыкантаў асабліва не дачакаўся. А наведвальнікі канцэртаў апошняга дзесяцігоддзя, асабліва маладзейшыя, нават і не ведалі, што гэты дзядзька, які заўсёды сціпла сустракае іх на ўваходзе ў залу за сталом, поўным дыскаў беларускай музыкі, сам такі легендарны чалавек.

На вечары памяці з боку маладых вядучых прагучала нямала пафасных, але дзяжурных фраз, як пра нейкага стальнога, мужнага і суворага чалавека. Але хто быў знаёмы з Вітаўтам, ведае, што ён быў вясёлым, цікаўным і добразычлівым. І паэтам нават у літаральным сэнсе — пісаў вершы, песні, яго блізкі сябар мастак і музыкант Андрэй Плясанаў на канцэрце выканаў некаторыя творы. Чакае свайго выдаўца і аўтабіяграфічны раман. Ці можна згадаць яшчэ адзін адметны факт — Вітаўт Мартыненка зрабіў сваю рэдакцыю, з новай прадмовай і каментарыямі, перакладу на беларускую мову кнігі Генрыка Сянкевіча Quo vadis, ездзіў у Ватыкан і сустракаўся з Папам Рымскім.

— Такіх апантаных зараз, на жаль, не робяць, — сказаў Аляксандр Памідораў. — З часам усе сталеюць, становяцца канфармістамі. А Вітаўт быў сапраўдны ваяр, у тым ліку і за справядлівасць. Па вялікім рахунку і ад яго залежала, што я зацікавіўся рок-музыкай і пачаў спяваць па-беларуску.

Несумненна, так могуць сказаць і многія музыканты, і многія меламаны. Магчыма, патрэбны яшчэ час, каб акцэнты ў гісторыі былі расстаўлены правільна. І, як заўсёды, хочацца, каб добрыя словы і падзякі за свае справы людзі атрымлівалі яшчэ пры жыцці. Канцэрт быў сціплай падзякай Вітаўту Мартыненку за яго жыццё.