У штучным сэрцы селі батарэйкі

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Па шчырасці, ідэя першай у сучаснай гісторыі Беларусі міжнароднай арт-рэзідэнцыі (пра яе мы пісалі яшчэ ў маі) выклікала ў мяне пэўны скепсіс. Прызначыць ейным куратарам мастака па імені Вялікае сямейства чайнага грыба Камбуча-Дастаеўскі — гэта, вядома, прыкольна. І цалкам у рамках творчай практыкі цудоўнага расійкага аўтара Сяргея Катрана (у дадзеным выпадку ён называе сябе адно распарадчыкам волі згаданага мастака). Але ці магчыма распаўсюдзіць споры таго грыба па наваколлі, прышчапіць яго на іншую глебу?

/i/content/pi/cult/765/16538/022.JPGІ тым не менш, праект атрымаўся нечакана шматслойным, вынаходлівым і глыбакадумным. Ён паказаў менавіта тое канцэптуальнае мастацтва, якое здатнае прымушаць гледача на хвілінку згубіць паўсядзённую інтэлектуальную раўнавагу і адкрыць для сябе новыя мысленчыя далягляды.

Рэзідэнцыя сабрала самых розных па ўсіх параметрах аўтараў. Што цікава, большасць з іх раней наўпрост не мелі дачынення да сучаснага мастацтва, але наважыліся ўпершыню ступіць на гэтае поле з нейкіх сумежных сфераў. Прычым самых розных: архітэктуры, псіхалогіі, традыцыйных рамёстваў, кінематографа, сацыяльнага актывізму… Гэта засведчыла простую ісціну: калі табе ёсць што сказаць, знайсці адэкватныя моўныя сродкі ўрэшце атрымаецца. Асабліва калі для творчага росту будзе створанае спрыяльнае біялагічнае асяроддзе — пра што годна парупіліся арганізатары рэзідэнцыі.

Яны забяспечылі ўдзельнікаў не толькі пляцоўкай для працы над іх задумамі, але і ўсебаковай апекай. Праграма стракацела разнастайнымі лекцыямі і майстар-класамі. Прычым часам наведвальнікі “з вуліцы” стваралі новыя экспанаты будучай выставы — што цалкам адпавядае метаду размнажэння грыбоў.

Гештальт-тэрапеўт Валерыя Мартысюк цягам рэзідэнцыі не толькі ладзіла адмысловыя сеансы, вывучаючы ідэнтычнасць і сексуальнасць чайнага грыба (сама ідэя, здаецца, лепей за ўвасабленне), але і прадставіла першыя ў жыцці творы мастацтва. Адзін з іх — прапанова да ўсіх удзельнікаў стварыць з набору даволі выпадковых рэчаў свой псіхалагічны партрэт. Другі — мультымедыйны асамбляж, складзены з побытавых прадметаў, графікі і гуку, які забяспечыў вядомы саўнд-дызайнер Яўген Рагозін. Эфект сукупнасці розных “d” ловіцца проста на раз!

Як і ў адным з відавочных хітоў выставы — інсталяцыі Вольгі Салахеевай “Сацыяльны ліфт”. Здаецца, гэта таксама ейны дэбют: раней яна была вядомая хіба як VJ. Ты заходзіш у завіслы ліфт, усім сваім целам адчуваючы ягоную бессэнсоўную вібрацыю, бярэш навушнікі — і чуеш там тыя дурацкія фразы, якія людзі выслухоўваюць на сумоўях пры працаўладкаванні. Мэсэдж зразумелы: глеба пад намі зыбістая. Ніколі не быў вялікім прыхільнікам сацыяльна-праблемнага мастацтва, але гэты ягоны ўзор лічу папраўдзе шэдэўральным.

Іншая кагорта аўтараў патрапіла ў канцэптуальнае мастацтва з больш традыцыйнага. Керамістка Дар’я Мандзік стварыла рэплікі старадаўніх таблічак (з тымі думкамі, якія яна пачула ад сучаснікаў) і па-майстэрску ўвасобіла ў матэрыяле той самы грыб. Мастакі па шкле Алена Чэпелева і Жанна Марозава паспрабавалі выявіць тыя слаі сутнасці, якія з’яўляюцца агульнымі для грыба і чалавека.

Даўшы магчымасць для такіх цікавых дэбютаў, арганізатары пазнаёмілі айчынную публіку і з мэтрамі саенс-арт. Глеб Дзіваў, які прадстаўляецца міністрам гуку Рэспублікі Ужупіс, спарадзіў штучны інтэлект, здатны ствараць музыку. Цягам рэзідэнцыі ён даследаваў фізічныя параметры чайнага грыба, а камп’ютар канвертаваў іх у музычныя творы. Прэм’ера адбылася на адкрыцці — з удзелам струннага квартэта і тэрменвокса. Што цікава, музыка атрымалася і сапраўды добрая ды незвычайная. Чалавек бы, мабыць, такую не напісаў.

На жаль, не хопіць месца, каб распавесці пра ўсе творы выставы — бо ці кожны з іх таго варты. І “Спеўнае грыбное воблака” амерыканкі Хізер Каплоў, і новая абсурдовая камедыя кінарэжысёркі Алены Ясінскай, і тонкія даследванні феномена празрыстасці культуролага Аляксандра Адамава… І, вядома, перфарматыўная лекцыя Сяргея Марозава і Валерыі Хрыпач Ok, KUMU. Удзельнікі гэтага праекта імкнуліся зрабіць параўнаўчы аналіз існавання грамадства і біялагічных сістэм… сродкамі харэаграфіі.

На шчасце, гэтым разам паспяхова вырашыліся банальныя ды, на жаль, звыклыя для нас праблемы экспанавання “складаных” аб’ектаў. Шматлікія мультымедыйныя творы былі забяспечаныя патрэбнай тэхнікай, а жывы грыб, які суполка Monogroup набыла ў Інстытуце леса НАН Беларусі, каб паспрабаваць яго выкарыстаць у якасці архітэктурнага матэрыялу будучыні, паспяхова акліматызаваўся. Да ўсяго, разгорнутыя куратарскія эксплікацыі ствараюць той масток паміж інтравертным аўтарам і цікаўным гледачом, якога так бракуе многім падобным выставам.

Пабыўшы на адкрыцці, я шчыра парадаваўся, што культурны хаб здолеў рэалізаваць такі сур’ёзны ў плане задумы і арганізацыі праект. Ды, як выявілася, радаваўся зарана. Потым я выправіўся на выставу ў будні дзень, каб агледзець усё падрабязна. Але дзверы былі зачыненыя — насуперак раскладу. На выставу я, усё ж, патрапіў — пакручастымі шляхамі, праз тыльны ўваход. Ды, на жаль, некаторыя творы былі заўчасна дэмантаваныя — кажуць, каб не закрываць праход наведвальнікам піўнога фэста, які неўзабаве пройдзе ў Оk16. Ды і штучнае сэрца (“медыясябра”), створанае вядомай маскоўскай мастачкай Аленай Дзямідавай, на дотыкі маёй рукі ўжо не рэагавала — пэўна, у яго селі батарэйкі.

А шкада, вельмі шкада! Думаецца, многія цікаўныя мінакі (а па Кастрычніцкай іх дэфілюе багата) дзякуючы гэтай выставе здолелі б адкрыць новыя вымярэнні мастацтва — як беларускага, гэтак і наогул.