Блізкае да народа “Рэха”

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Колькі б новых і модных стыляў не з’яўлялася, як бы далёка не заходзіла ў эксперыментах папулярная музыка, застаецца вечная каштоўнасць — песня. У пошуках твораў, дзе ёсць і мелодыя і добрыя словы, якія хочацца і слухаць і спяваць самім, мы часцей зазіраем у гісторыю. А мінскі гурт “Рэха” — з нашага часу, яго песні гучаць у эфірах і на шматлікіх, хоць і не шматлюдных канцэртах па ўсёй Беларусі. Гэта не рэп, не рок, не танцавальная музыка ці яшчэ нешта такое ж востраактуальнае — гэта менавіта песні, лірычны герой якіх — блізкі і зразумелы любому беларускаму слухачу. Лідар “Рэха” — Андрусь Такінданг. Групе 17 гадоў, і, як ва ўсіх, былі ў яе і ўзлёты, і падзенні. Але на сённяшні дзень ёсць і пастаянны састаў, і два песенныя альбомы, і мноства канцэртаў, і рэнамэ непафаснага, свойскага для любой аўдыторыі калектыву. А ў Андруся Такінданга ёсць яшчэ і група “Гаротніца” — таксама вельмі заўважны праект з вакалісткай Валерыяй Валадзько, ёсць карціны і іншыя мастацкія праекты — бо акрамя іншага Андрусь мастак. Але галоўнае на гэты момант — “Рэха”.

/i/content/pi/cult/765/16533/015.JPG— У “Рэха” рэпутацыя майстра выступленняў на вольным паветры, на нейкіх нефармальных мерапрыемствах… Гэта ж нездарма?

— Сапраўды, атрымліваецца так, што зараз мы больш выступаем на местачковых святах, а не на вялікіх фестывалях. На жаль, выпалі з вялікага фестывальнага руху, але замянілі гэта канцэртамі ў гарадках, вёсачках, сядзібах, на хутарах і нават азёрах. У нас як выхадныя, асабліва летам, дык нейкі выезд, і гэта насамрэч цудоўна: самая розная публіка, вельмі цікавыя сустрэчы, асаблівая атмасфера, якую не паўторыш у канцэртнай зале. Успамінаць хочацца кожны канцэрт — і Оршу, і Лепель, і Жыткавічы, і Горкі, і многае іншае. Літаральна ў мінулую нядзелю адыгралі ў Альхоўцы пад Астраўцом канцэрт у падтрымку беларускага ласося. Адно з нядаўніх выступленняў было ў Чашніках на фэсце, які ладзілі касцёл і Полацкі раённы Дом культуры, прыехала многа гледачоў з навакольных гарадоў і вёсак. Яшчэ ў нас пачалося супрацоўніцтва з байкерамі — ігралі для іх пад Івянцом. Цудоўна з’ездзілі ў Тураў, дзе і канцэрт адпрацавалі, і з вельмі цікавымі мясцовымі цыганамі пазнаёміліся. У Навасадах пад Маладзечна выступалі — там адзін хлопец будуе сабе дом і збіраецца праводзіць сяброўскія музычныя фэсты. Альбо ў Поўсвіжы ёсць гаспадар з сядзібай, на якой ладзіць канцэрты. Канешне ж, і вуліцы Мінска нас неаднойчы чулі.

А яшчэ я і адзін езджу, і удвох можам. Вось нядаўна наведалі Іркуцк па запрашэнні Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Сыгралі канцэрцік на мясцовым радыё, выступілі ў вёсцы беларускіх перасяленцаў Тургенеўка — надзвычай кранальныя для нас моманты там былі. А яшчэ і на вялікім фестывалі Baikal-live з расійскімі гуртамі зайгралі.

— А чаму “Рэха” так падыходзіць для падобных выступаў, чаму паўсюль запрашаюць менавіта вас?

— Неяк мы патрапілі ў гэтую каляіну, завязалі сувязі з рознымі структурамі, і цяпер нас пастаянна клічуць на свае мерапрыемствы эколагі, байкеры, розныя асветніцкія арганізацыі, часта каталіцкі касцёл, часам праваслаўная царква. Па-першае, у нас не такі ўжо строгі тэхнічны райдар: можам і ў электрычнасці зайграць, і ў акустыцы, а можам нават не ўсёй камандай, а толькі дуэтам — маем такую цыганскую звычку іграць у любых умовах і нават без сцэны. Па-другое, у нас багаты рэпертуар, з якога можна падабраць песні для любой аўдыторыі — ёсць нізка лірычных, нізка танцавальных, жартаўлівых і гэтак далей. Ужо ведаем, што іграць для маладых, што для старэйшага пакалення, што на мінскіх гарадскіх святах, а што ў райцэнтрах — можам знайсці кантакт з любой публікай. Якраз для фестываляў гэта можа быць і мінус — там трэба прытрымлівацца нейкай адной лініі, песціць сваіх фанатаў, іграць модную сучасную музыку.

— А ёсць адчуванне, што “Рэха” не надта сучаснае?

— Вядома. Мы не на вастрыні сучаснай моды. Калісьці я казаў, што наш гурт выконвае беларускі шансон — у традыцыйным, французскім разуменні гэтага тэрміна. А такая акустычная і трохі іранічная музыка была ў фаворы гадоў 10 — 12 таму. Цяпер жа на кані іншыя жанры, а “Рэха” збольшага ведаюць як такі “народны” ансамбль, блізкі да народа калектыў.

— Магчыма, ваша вясковае дзяцінства паўплывала на тэмы песень і на ўменне быць сваім у так званай “простай” публікі?

— Дапускаю, што рацыя ў гэтым меркаванні ёсць, але нашы песні паходзяць хутчэй не з вясковай, а з даўняй гарадской традыцыі. У іх нават ёсць такі савецкі канструкт: акрэсленая мелодыя і зразумелы ясны тэкст. Зараз жа вельмі рэдка пачуеш дакладную мелодыю, усе імкнуцца яе неяк размыць, разарваць. А для нас гэта важна, мы любім і спяваць з усёй залай. “Рэха” быццам працягвае лінію песеннай спадчыны 50-х гадоў — гэта наша ніша, менавіта наша нямодная, але блізкая многім людзям музычная мова.

— А гурт “Рэха” адзін у гэтай нішы? У першую чаргу мне згадваецца яшчэ Зміцер Вайцюшкевіч, у вас з ім, дарэчы, нават галасы часам падобныя…

— Канешне, Зміцер Вайцюшкевіч — артыст для народа: мелодыі ўцямныя, тэмы зразумелыя, падабаецца жанчынам. А хто яшчэ? Адразу і не прыгадаеш. Хіба што Макс Корж — у яго ёсць такі жыццёвы сюжэт, ёсць мелодыя, куплет-прыпеў — песня ў традыцыйным фармаце, толькі трохі іншыя музычныя сродкі.

— І што ж вы з Каржом на такіх розных палюсах у сэнсе музычнай кар’еры?

— Проста нехта больш працавіты, таленавіты, больш трапляе ў нерв, ды й у падлеткавую публіку. Больш сучасны ў рэшце рэшт. На самай справе для мяне ўвогуле цуд, што з нашым аўтарскім матэрыялам у нас ёсць рэгулярныя канцэрты і карпаратывы, якія дазваляюць гурту існаваць. Я ўспрымаю гэта як перамогу і дасягненне.

— А хоць бы напачатку ў “Рэха” былі сур’ёзныя амбіцыі? Маладыя і дзёрзкія музыканты хацелі скарыць свет?

— Яшчэ ў Парнаце — школе-інтэрнаце для адораных дзяцей — падчас вучобы на мастака я быў фанатам беларускага рока, ведаў усе групы, усе альбомы. А сам музыкай пачаў займацца гадоў у 19, тады мы з сябрамі сабралі калектыў. Нам хацелася быць крутымі рокерамі, падабацца дзяўчатам, хацелася славы. З нахабнасцю маладосці мы лічылі, што іграем крута, хаця насамрэч зусім не ўмелі гэтага (смех). Цяпер разумею, што ратавала нас абаянне маладосці і наіўнасці. Амбіцый было, канешне, шмат. Тады проста пашанцавала, з’явілася многа канцэртаў у Польшчы, нас усюды запрашалі. Здавалася, што так будзе заўсёды, але ў нейкі момант усё скончылася. І давялося сур’ёзна працаваць над сабой і дамагацца прафесійнага росту. Амбіцыі сталі больш рэалістычнымі.

— А калі ў “Рэха” за яго 17-гадовую гісторыю быў пік кар’еры?

— Цяжка сказаць. Калі зусім “зялёнымі” ў польскай Чарамшыне на адной сцэне з “Троіцай” і Вайцюшкевічам заспявалі супольную песню, нам ужо здавалася, што гэта неверагодна крута! Наступным пікам быў наш сольны канцэрт у Тэатры Варшаўскім. Вялікім поспехам для сябе мы лічылі нашу серыю вулічных канцэртаў ля мінскай Ратушы. І першае запрашэнне паіграць на вяселлі ўспрынялі як дасягненне. І гэтак далей. Разумею, нашы кар’ерныя пікі для кагосьці былі б кар’ернымі спадамі. Але ў нас ёсць усведамленне рэчаіснасці — радуемся таму, што маем. Проста ў нейкі момант трэба было альбо спыняць існаванне гурта, альбо змяняцца. І, магчыма, калі мы змяніліся, то трохі ахвяравалі высокай мастацкай мэтай, а нашы песні сталі больш простымі і зразумелымі. Але можна наракаць на лёс, а можна дзейнічаць. Канешне, у юнацтве было імкненне ствараць мастацтва ў музыцы, рабіць нешта новае і нават канцэптуальнае, ламаць каноны. А потым з’явілася жаданне знішчыць звышідэю і заняцца стварэннем “культуры”. Культура ж ужо мае нейкія акрэсленыя сфармаваныя межы, і ты неабавязкова павінны рабіць адкрыцці — гэта проста твая штодзённая дарога.

— Так атрымліваецца, што першую палову жыцця вы рыхтаваліся стаць мастаком, але потым пайшлі па іншым шляху: пасля выключэння з Акадэміі мастацтваў сталі папулярным музыкантам. Як кажуць, усё да лепшага…

— Тады мне не здавалася, што “усё да лепшага”. Але гурт, сапраўды, дапамог мне гэта перажыць. Калі пасля першага курса мяне выключылі, стан быў такі, каб толькі не скончыць жыццё самагубствам. Я ж большую частку жыцця правёў ля мальберта, у майстэрні, усе мае сябры засталіся ў Акадэміі. Рэальна думаў, што ў 19 гадоў маё жыццё скончанае. Бабуля мая тады моцна перажывала з гэтай нагоды, таму што яна ж была настаўніцай у вёсцы, і яе яшчэ бацька вучыў: “Самае галоўнае гэта адукацыя і каб вы былі пад’еўшыя”. Але пачаліся першыя канцэрты, першыя апладысменты, і гэта дало мне магчымасць выдахнуць, не сарвацца. А потым здараліся такія выпадкі, што маладыя мастакі, якім ніхто не адмаўляў у мастацкім таленце, ужо глядзелі на мяне як на зорку, бо я спяваў, выступаў, вучыў беларускай мове па тэлебачанні. І гэта лекавала страшныя раны.

Хаця пэўны час на сцэне я саромеўся, і мяне доўга пераконвалі ў тым, што трэба паводзіць сябе разняволена і смела. У вясковай традыцыі ж высоўвацца непрыгожа. Ты павінны быць працавітым, сціплым, але не вылучацца, не прыдурвацца, не быць паўлінам — карацей, артыст гэта не мужчынская справа. Да разумення прафесіі артыста мне давялося расці, і я вучыўся здымаць з сябе латы сваёй штодзённай сціпласці і “нармальнасці”, размаўляць песнямі з публікай.

— Дагэтуль, мабыць, часта задаюць пытанне — вы мастак ці музыкант? Ці ёсць шкадаванне, што жыццё так павярнулася?

— Мастацтва нікуды не знікае, хоць апошняя выстава ў мяне і была гады тры — чатыры таму. Маляваць працягваю паціху, праўда, больш займаюся ілюстраваннем кніг — гэта такая праца. Але выказванні творчыя зараз ідуць у асноўным праз музыку. Шкадавання няма, а ёсць большы спакой. Таму што я разумею — старым мастаком быць лепей, чым старым музыкантам, і ў старасці ў мяне яшчэ будзе шмат часу для малявання. А маладому пакуль можна скакаць па сцэне. Гэтыя гады, калі ты яшчэ можаш з агнём і хэнцю спяваць свае песні, трэба выкарыстоўваць. Тое, што ў мяне ёсць і жывапіс, і музыка, успрымаецца як большая свабода для манеўраў.

— Не так даўно ў “Рэха” выйшаў новы альбом. Чым ён адметны?

— Альбом называецца “Жывак”, бо запісваліся мы жыўцом. Яго можна паслухаць, каб мець уяўленне, як “Рэха” гучыць на канцэртах. Папярэднюю, дэбютную пласцінку “Перайначыць” мы рабілі “карчомна-лірычнай”, у ёй была стылістычная канцэпцыя, а ў “Жывак” проста ўвайшлі актуальныя творы з нашага штодзённага рэпертуару: ёсць песня “Трактар “Беларус”, ёсць песня “Трэнд” пра вышыванкі, “Хойнікі”, “Ровармэн”, “Варшава”… То-бок тое, што людзі просяць на канцэртах — нейкія гісторыі, усім зразумелыя, пра нашу рэальнасць. А публіцы ж вельмі падабаецца, калі спяваецца пра нешта нашае, роднае. Зараз ужо новыя песні — і пішам, і запісваем, і кліпы здымаем. Можа, ужо з новым рэпертуарам стрэлім і наблізімся да стадыёнаў? (смех) Хаця самае захапляльнае для мяне — гэта сам працэс творчасці, гэта ісці за новай песняй, шукаць новы гук, новую тэму. Мае амбіцыі найбольш палягаюць у гэтым полі.