“Віртуальная” спадчына ў рэальнай прасторы

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

У апошнія пару гадоў набываюць усё большую папулярнасць мабільныя дадаткі дапоўненай рэальнасці. З дапамогай камеры яны могуць накладваць на рэальную прастору віртуальныя аб’екты, дазваляючы ўладальнікам тэлефонаў, якія падтрымліваюць адпаведную функцыю, праглядаць на экране ўяўныя аб’екты ў рэальным атачэнні. Такія дадаткі можна выкарыстоўваць проста для гульняў і забаў — але яны маюць вялікі патэнцыял і для адукацыі, і для зберажэння памяці аб страчанай гісторыка-культурнай спадчыне.

/i/content/pi/cult/765/16529/08.JPGУ Беларусі таксама пачынаюць з’яўляцца праекты, якія дазваляюць пабачыць знішчаныя помнікі на месцы, дзе яны некалі знаходзіліся, у поўную велічыню. Альбо можна проста адкрыць маштабаваную копію будынка — і пабачыць віртуальны макет помніка побач з сабою, у любым месцы, дзе пажадаецца. У Беларусі, архітэктурная спадчына якой доўгія стагоддзі несла жахлівыя страты, гэта ідэальная магчымасць “адрадзіць” страчаныя помнікі наяве, заахвоціць у грамадстве цікаўнасць да гісторыі і папулярызаваць турыстычны патэнцыял краіны.

Мінулае ажывае на вачах

Ля пачаткаў мабільнага дадатку Chronosphere стаялі колішнія аднакласнікі Аляксандр Шэлек і Вадзім Цяцёркін, сёння з імі працуе таксама каманда распрацоўшчыкаў, дызайнераў і архітэктараў. Ідэя стварэння праекта, які паказаў бы страчаныя архітэктурныя помнікі ў дапоўненай рэальнасці, узнікла ў сярэдзіне 2016 года, і ў лютым 2017-га мабільны дадатак быў запушчаны. Тады камандай праекта ўжо быў створаны шэраг мадэляў знішчаных помнікаў, і акурат у той момант з’явілася тэхналогія, якая дазволіла рэалізаваць задуму і размясціць мадэлі ў гарадской прасторы, “прывязаўшы” іх да месцаў, дзе яны стаялі ў рэальнасці.

Дадатак працуе на платформе IOS, цяпер створаная і выпрабоўваецца адаптацыя для Android — гэта дазволіць істотна пашырыць аўдыторыю праекта. На жаль, не ўсе мадэлі тэлефонаў, якія працуюць на Android, падтрымліваюць інструменты дапоўненай рэальнасці — але ўсе карыстальнікі здолеюць пабачыць карту са спісам “адноўленых” аб’ектаў і ўявіць маштаб зробленай працы. Ужо даступныя дванаццаць лакацый, ідзе праца над яшчэ двума — чатырма аб’ектамі. Між іншага, дадатак “аднаўляе” абрысы такіх страчаных помнікаў Мінска, як касцёл Тамаша Аквінскага (ён калісьці стаяў на тэрыторыі сённяшняй Кастрычніцкай плошчы), архіерэйскае падвор’е (перабудавана ў Дом афіцэраў), касцёл і кляштар бенедыктынак (стаяў на месцы будынка Генеральнай пракуратуры на вуліцы Інтэрнацыянальнай), комплекс колішняга калегіума езуітаў на плошчы Свабоды...

Аб’екты для стварэння мадэляў абіралі, кансультуючыся з краязнаўцамі і экскурсаводамі, “прывязваючыся” да канкрэтнага маршруту, так, каб турысты ці іншыя аматары даўніны маглі пешшу абысці першыя лакацыі з аб’ектамі дапоўненай рэальнасці — таму большасць лакацый пакуль засяроджаная ў гістарычным цэнтры Мінска.

/i/content/pi/cult/765/16529/09.JPGЦяпер каманда праекта таксама працуе над тэкставым апісаннем аб’ектаў. Стваральнікі дадатку не выключаюць, што ў будучыні, пры наяўнасці сродкаў, іх праект пашырыцца за межы Мінска, а пазней можа з’явіцца і магчымасць адкрытага доступу для карыстальнікаў, каб кожны ахвочы мог загружаць у дадатак свае мадэлі помнікаў — натуральна, пры выкананні пэўных патрабаванняў да іх аб’ёму, каб мадэлі не займалі ў памяці тэлефонаў багата месца. У далёкасяжных планах аўтараў праекта — аднаўленне ў дапоўненай рэальнасці гістарычных сцэн і рухомых выяваў. Праўда, такая праца патрабуе нашмат больш высілкаў, часу і сродкаў — але падобныя праекты могуць мець вялікі патэнцыял для прымянення, напрыклад, у школьнай адукацыі. Аўтары Chronosphere запэўніваюць: візуалізацыя гістарычных падзей з дапамогай мабільных дадаткаў здолее зацікавіць сучасных дзяцей і падлеткаў і заахвоціць іх да вывучэння гісторыі з нашмат большым поспехам, чым чытанне сухіх тэкстаў у падручніках. Між іншым, каманда праекта ўжо распачынала перамовы аб стварэнні навучальнага квеста для Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Але зноў жа — падобная праца патрабуе надта вялікіх выдаткаў. Як адзначае Аляксандр Шэлек, кошт стварэння нерухомай мадэлі аднаго аб’екта роўны сярэдняму месячнаму заробку беларуса, на стварэнне такой мадэлі патрэбна два — тры месяцы — а ў выпадку з рухомымі аб’ектамі гэтыя паказчыкі яшчэ ўзрастаюць. Тым не менш аўтары Chronosphere не пакідаюць марыць і з надзеяй глядзець у будучыню. Сваю місію яны бачаць як аднаўленне ідэальнага свету сродкамі дапоўненай рэальнасці — у тых абставінах, калі аднавіць страчанае ў рэчаіснасці немагчыма.

Даўняе Бярэсце паўстае з руін

Віктар Клімус з Брэста разам з аднадумцамі з установы “Грунт” даўно цікавіцца гісторыяй і займаецца папулярызацыяй мінулага старога Бярэсця. Спецыфіка горада, які сёлета адсвяткаваў сваё тысячагоддзе, у тым, што яго старая забудова была цалкам знічшаная ў 1830-я гады падчас пабудовы крэпасці. Таму асноўная ідэя Віктара — паказаць той страчаны горад з тысячагадовай гісторыяй, які нават у выглядзе слядоў ці выяваў амаль не быў прэзентаваны ў сучасным гарадскім асяроддзі. Натуральна, што ў гэтым выпадку ўзнікненне тэхналогій дапоўненай рэальнасці адкрыла цудоўную магчымасць нарэшце рэалізаваць аднаўленне вобраза старога Бярэсця.

Так з’явіўся праект ReBrest, праца над якім пачалася ў 2017 годзе. У каманду праекта акрамя Віктара ўваходзяць навуковы кансультант Ірына Лаўроўская, архітэктары Алесь Невар і Павал Кіскевіч, дызайнер Аляксандр Дземідзюк і многія іншыя. Мабільны дадатак ReBrest працуе на платформах Android i IOS. Пакуль, праўда, для прагляду даступны толькі адзін аб’ект — касцёл кляштара бернардынак, руіны якога захаваліся на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Неўзабаве мае з’явіцца таксама аўдыё- і тэкставы гід. Таксама гатовыя яшчэ пяць мадэляў аб’ектаў старога Брэста, але для іх запуску патрэбныя дадатковыя сродкі, збор якіх ужо распачаты. Стваральнікі праекта запэўніваюць, што таксама спадзяюцца ў будучыні не спыняцца толькі на Брэсце, але распаўсюдзіць свой праект на ўсю краіну.

Ці адбудзецца вяртанне старога Гродна?

Артур Басак з Гродна — па прафесіі праграміст, але сваю працу спалучае з цікаўнасцю да гісторыі роднага горада. Сочачы за развіццём новых тэхналогій, у мінулым годзе ён звярнуў увагу на тэхналогію WebVR, якая дазваляе праглядаць аб’екты дапоўненай рэальнасці не толькі праз смартфон ці віртуальныя акуляры, але і праз браўзер персанальнага камп’ютара. Натхніўшыся сумесным праектам Facebook і Брытанскага музея, Артур вырашыў паказаць Гродна як музей пад адкрытым небам, стварыўшы мабільны дадатак Grodno VR. Нездарма менавіта ў Гродне сканцэнтраваная і захавалася ці не найбольшая колькасць гісторыка-архітэктурных помнікаў.

Над праектам праграміст працаваў адзін — толькі на пачатковым этапе крыху дапамаглі пару калег з працы. Як ён сам прызнаецца, больш важна было б атрымаць падтрымку гідаў ды краязнаўцаў, калекцыянераў старадаўніх фота — але яны засталіся пасіўнымі. Таму давялося карыстацца проста старымі выявамі горада, знойдзенымі ў сеціве. Для дадатку створаны таксама тэкст, які апісвае паказаныя аб’екты — на рускай і англійскай мовах. Праўда, выявы дапоўненай рэальнасці ў Grodno VR, у адрозненне ад вышэйзгаданых праектаў, не трох-, а двухмерныя — але праект арыентаваны акурат на суаднясенне аб’ектаў, якія захаваліся, з іх старымі выявамі. На сённяшні дзень дадатак налічвае 27 лакацый, якія паказваюць і распавядаюць пра асноўныя архітэктурныя славутасці Гродна. Сярод аб’ектаў — гродзенскі Стары замак, Фарны касцёл, касцёлы брыгітак і францысканцаў... Можна пабачыць і старую Фару Вітаўта, якая была зруйнаваная ў 1961 годзе.

На жаль, на сённяшні дзень праект замарожаны. Не адгукнуліся валанцёры, не ўдалося таксама сабраць грошы, якія неабходныя, каб набыць лепшае абсталяванне — яно дазволіла б рабіць трохмернае відэа, а таксама алічбаваць захаваныя помнікі і макеты разбураных. Калі б сродкі з’явіліся, праект можна было б развіваць, але галоўная праблема — у пэўнай пасіўнасці і абыякавасці як шырокай аўдыторыі, так і адмыслоўцаў. Стваральнік Grodno VR сцвярджае, што нават звяртаўся да некаторых краязнаўцаў асабіста — але, на жаль, безвынікова. Магчыма, поспехі калег з Мінска і Брэста натхняць гарадзенцаў на развіццё сваёй віртуальнай карты? Альбо, нарэшце, настане час для аб’яднання высілкаў энтузіястаў з розных гарадоў — для працы над агульным праектам, які пакажа ў дапоўненай рэальнасці помнікі па ўсёй краіне?