Не дзякуючы, а насуперак

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Шчырая размова пра болевыя кропкі
Хто такі рэжысёр — асоба, што вызначае мастацкі кірунак тэатра ды трымае ў руках трупу і бягучыя спектаклі, ці выканаўца патрабаванняў вышэйшых інстанцый? У межах “ТЭАРТа” прайшоў круглы стол “Ураўненне ўраўноўвання”. Падчас яго публіка разам з вядомымі рэжысёрамі Дзмітрыем Багаслаўскім, Ігарам Казаковым і Аляксандрам Янушкевічам шукала адказ на гэтае пытанне. А таксама імкнулася зразумець, што для беларускага тэатра зараз у прыярытэце: акрэсліваць болевыя кропкі грамадства ці займацца забаўленнем аўдыторыі.

/i/content/pi/cult/765/16528/06.JPGУ пастцы сімптаматыкі

Падчас такіх круглых сталоў мяне нязменна накрывае пачуццё бездапаможнасці. Да аўдыторыі выходзяць прафесіяналы, дзякуючы якім пра нашу краіну гавораць у свеце, чыя дзейнасць стане для будучых пакаленняў вымяральнай планкай, бо ў гісторыі застаюцца толькі лёсавызначальныя для мастацтва імёны. Аднак гэтыя людзі рухаюцца наперад па сутнасці толькі на асабістым энтузіязме. На колькі кожнага іх хопіць, каб змагацца з ветракамі?

Я бачу сумную тэндэнцыю: ці не для ўсіх дзяржаўных тэатраў перастала існаваць імя творцы. Усе кіруюцца штатным раскладам: рэжысёр — адна адзінка, акцёр — энная колькасць. Вось толькі ў мастацтве не ўсё вымераеш лічбамі. І калі з тэатра сыходзіць выбітны рэжысёр, то адкрываецца не толькі вакантная пасада. Утвараецца культурная пустэча, горад жа — а часта і цэлая вобласць — застаюцца без культурных мастоў, што дапамагаюць гледачу расці над сабой і звязваюць нас са светам.

На дадзены момант без свайго адметнага аблічча застаўся Магілёўскі абласны тэатр лялек, адкуль сышоў Ігар Казакоў. З новым будынкам, але без галоўнага рэжысёра апынуўся Брэсцкі абласны тэатр лялек, адкуль звольніўся Аляксандр Янушкевіч. Пакінуў Маладзёжны тэатр Дзмітрый Багаслаўскі, які вядомы не толькі сваімі рэжысёрскімі работамі, але і ў якасці акцёра і драматурга.

Творцы знойдуць сябе. Прынамсі, спадар Багаслаўскі з верасня працуе рэжысёрам у Цэнтры беларускай драматургіі, а на наступны дзень пасля круглага стала абвясцілі пра прызначэнне спадара Казакова на пасаду галоўрэжа ў Сучасны мастацкі тэатр. Аднак давайце зірнем на праблему шырэй: чаго чакаць гледачам Магілёўшчыны, Берасцейшчыны?

Зрэшты, калі ўжо брацца за тэатр лялек, дык чаму гаварыць толькі пра дзве абласныя ўстановы? Як зазначаюць у прыватных размовах людзі тэатра, няўжо трэба чакаць пакуль, крый Божа, грукнуць дзвярыма мэтры Аляксей Ляляўскі ці Алег Жугжда? Праблема з сыходам з пасад прызнаных персон наўрад ці крыецца толькі ў супрацьпастаўленні творчых памкненняў з фінансавай перасцярогай адміністрацыі. Пытанне куды складаней: нашыя тэатры патрапілі ў пастку сімптаматыкі, калі паспяховасць тэатра вызначаецца не яго творчымі дасягненнямі, сацыяльнай адказнасцю і ўплывам на грамадства (гэтыя параметры дакладна вымяраюць у сваіх артыкулах і выступленнях крытыкі), а планам па напаўняльнасці залы і колькасцю паказаных спектакляў.

Плюс колькі працэнтаў

/i/content/pi/cult/765/16528/07.JPGТак, лічбы для тэатраў прапісаны дакладна. І вось ужо які год працягваецца дзікая гонка за паказчыкамі, а пытанні якасці спектакляў адыходзяць на задні план.

— Калі браць той жа Маладзёжны тэатр: навошта пры невялікім бюджэтным фінансаванні выпускаць да сямі прэм’ер на год? — здзіўляецца спадар Багаслаўскі, які некалі ўваходзіў у мастацкі савет тэатра. — Гэта ж вельмі б’е па якасці! Ці не лепш падрыхтаваць два спектаклі, але з якаснымі дэкарацыямі і бутафорыяй, з высокім узроўнем творчага складніка? Але на нашыя прапановы адміністрацыя разводзіла рукамі, маўляў, ад нас ужо чакаюць гэтую вызначаную колькасць прэм’ер. На жаль, справаздача стала важней за творчы працэс.

Даходзіць да смешнага: дырэкцыя тэатраў сядзіць і гадае, што рабіць, калі ўстанова не дацягвае план па гледачу. Здавалася б, можна сыграць больш спектакляў, але, пабачыўшы новыя лічбы, на наступны год план па спектаклях павялічаць яшчэ на колькі працэнтаў. Як іх выконваць, калі з цяперашнімі ледзь-ледзь спраўляюцца?

Можна спасылацца на ўстаноўку, што тэатры павінны зарабляць грошы. Аднак зарабляць іх таксама можна па-рознаму. Спадар Багаслаўскі спасылаецца на вопыт тэатра імя Вахтангава, які ўзначальвае дырэктар Кірыл Крок. Вахтангаўцы маюць сем пляцовак, таму могуць дазволіць ставіць спектаклі на любы густ — і эксперымент, і правераную часам класіку — пры гэтым не сысці ў фінансавы “мінус”.

Становіцца ніякавата, калі заслужаная артыстка Беларусі, якая служыць у адным з абласных тэатраў, прызнаецца, што яе заробак далека не дацягвае да сярэдняга па краіне. А яшчэ можна паспрабаваць растлумачыць IT-спецыялісту, навошта акцёр выходзіць штовечар на сцэну за грошы, на якія цяжка пракарміць дзяцей, а таму ён вымушаны падпрацоўваць на некалькіх дадатковых работах…

— Людзі тэатра — ідэалісты. Акцёр гатовы працаваць за ідэю. Ён паедзе а восьмай раніцы, скажам, у Радашковічы, каб зарабіць за выхад у казцы 20 рублёў, а потым рване ў Мінск, бо не можа дазволіць сабе спазніцца на рэпетыцыю, што прызначана на 11 гадзін. Па сутнасці, нам некуды падзецца — мы ж свядома абралі прафесію.

Пры такіх умовах не ўсе здатныя працягваць шукаць новае слова ў мастацтве. Адсюль — вялікая цякучка кадраў у тэатрах і гучныя сыходы прызнаных рэжысёраў.

— Упэўнены, што не трэба рабіць тое, ад чаго ўнутры цябе ўзнікае супраціўленне, — гаворыць Аляксандр Янушкевіч. — Мне падаецца, для прафесіі надзвычай важная ўнутраная сумленнасць. Калі кампрамісы пачынаюць парушаць твае творчыя прынцыпы, лепш не працягваць здзеквацца з сябе. У рэшце рэшт, нам трэба навучыцца ўспрымаць сябе як самастойную творчую адзінку.

Паслуга ці самадастатковая інстытуцыя?

— Што сёння для нашай краіны тэатр: паслуга, варыянт для бесклапотнага баўлення часу, візуальны складнік для вывучэння правіл супрацьпажарнай бяспекі і дарожнага руху ці ўсё ж самадастатковая творчая інстытуцыя? — задае пытанне спадар Янушкевіч. — Хто нам патлумачыць, чаго чакаюць ад тэатра: каб той толькі зарабляў грошы ці разам з тым займаўся яшчэ і эксперыментам? Я заўсёды думаў, што тэатр павінен быць розным, таму неабходна даваць рэжысёрам магчымасць эксперыментаваць.

Калегу падтрымлівае Ігар Казакоў, нагадваючы гістарычны досвед такіх вялікіх тэатральных імёнаў, як Усевалад Меерхольд і Лесь Курбас: гэтыя рэжысёры пры тэатры стваралі студыі, дзе андэграўнднымі формамі правяралі свае задумы, а пры станоўчым выніку давалі ім жыццё на вялікай акадэмічнай сцэне.

— Відавочна, у сённяшняй сістэме існавання тэатрам не стае такой магчымасці. Маладым рэжысёрам не даюць права на памылку. Існуюць нейкія лекала, па якіх і вымяраюць, якая новая форма можа з’явіцца ў дзяржаўным рэпертуары, а чаго лепш не чапаць, а то раптам спектакль “не пойдзе”.

У выніку ўсе тэатры становяцца ўсё больш падобнымі адзін да аднаго, крытыкі ўсё часцей гавораць пра стагнацыю творчага працэсу, аднак самі ўстановы выйсці з гэтага кола, абрысаванага дакументамі з патрабаваннем выканання паказчыкаў, не могуць. Калі спадар Казакоў быў галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра, то імкнуўся паспрабаваць новыя варыяцыі ўзаемадзеяння з гледачом. Напрыклад, адкрыў бэбі-тэатр — гэтая форма пастаноўкі спектакляў для дзяцей да трох гадоў вельмі запатрабавана сучаснымі актыўнымі бацькамі, таму даўно ўзята на ўзбраенне прыватнымі калектывамі.

— Як высветлілася, гэты тэатр “у хатніх тапачках” заснаваў на сваю галаву. Натуральна, ён вельмі папулярны. А таксама вельмі лёгкі ў стварэнні: два артысты, пяць лялек, суцэльныя песенькі і танцы збіраюць аншлагі… а тэатр падсаджваецца на іглу лёгкага выканання чарговага плана, — смуткуе рэжысёр. — Пры жаданні можна паставіць да пяці такіх спектаклікаў на дзень — і лічбы выкананыя. Вось толькі адміністрацыя перастае бачыць сэнс у тым, каб рабіць сур’ёзныя спектаклі з доўгім з-за складанасці матэрыялу рэпетыцыйным працэсам…

Яшчэ адной болевай кропкай для абласных тэатраў стаў абавязковы для выканання план па выездах са спектаклямі да гледачоў.

— Брэсцкі тэатр дзесяць гадоў быў на рамонце, падменнае памяшканне на базе старога кінатэатра “Юнацтва” знаходзілася на ўскрайку горада, таму сем’і туды не даязджалі. Калектыў быў вымушаны самастойна дабірацца да гледача, — распавядае пра кухню Аляксандр Янушкевіч. — Магло арганізоўвацца па тры — чатыры такіх спектаклі на дзень. Працаваць без прафесійнага асвятлення, гуку, без паўнавартасных дэкарацый, без элементарных умоў для акцёраў каб пераапрануцца і нанесці грым было цяжка, але ўсе верылі, што з уводам доўгачаканага будынка пакуты скончацца, а мы нарэшце зможам знаёміць дзяцей і дарослых з якасным мастацтвам. Аднак… план па выездах з практычна такімі ж лічбамі для тэатра захавалі!

Дзмітрый Багаслаўскі ўзрушаны перакосам у жанравай палітры спектакляў, бо сёння дзве з трох прэм’ер абавязкова будуць камедыямі. Які з калектываў праводзіў даследаванне сваёй аўдыторыі, хто можа прывесці лічбы, ці сапраўды ўсе людзі прагнуць бестурботнага смеху? Тэатр па сутнасці пачынае залежыць ад адміністратара: нават прызнаны прафесіянальнай супольнасцю спектакль будзе з’яўляцца ў раскладзе разы ў гады, бо чалавек, які складае афішу, чамусьці не лічыць магчымым “прадаць” залу.

— У артыкуле аднаго крытыка мы прачыталі, як касір Маладзёжнага адгаворвала яго купляць білет на “Чайку”. Удумайцеся: работнік робіць усё магчымае, каб патэнцыйная публіка не прыйшла ў яго тэатр! — абураецца спадар Багаслаўскі.

Мяняцца? А ці трэба…

Тры галоўныя героі круглага стала сышліся ў тым, што сучасны тэатр не хоча мяняцца, нават калі аргументаваць, чаму трэба тую ці іншую завядзёнку прыбраць. Большасць ініцыятыў дык проста сыходзіць у пясок. І сітуацыя не пераменіцца, пакуль больш важным за прафесійную ацэнку крытыкам творчасці рэжысёра будзе беспадстаўная скарга ад гледача. Ды і як можна працаваць над тым, каб павесці публіку за сабой, калі замест глыбокіх распрацовак матэрыялу рэжысёр павінен складаць абавязковы пісьмовы адказ на чарговы выпад недасведчанага чалавека?

— Я не магу сказаць, што ўсе праблемы ўпіраюцца выключна ў адміністрацыю тэатра, — падкрэслівае Ігар Казакоў. — Я ўдзячны свайму тэатру, які зрабіў мне шэраг прэферэнцый, дапамагаў з афармленнем заявак на дзяржаўныя гранты, разрульваў складанасці з тымі ж ананімкамі ад “добразычліўцаў”, якія абвінавачвалі, напрыклад, маю пастаноўку “Гамлет” у быццам бы скажэнні класікі і выдуманую імі “прапаганду гвалту”. На жаль, усе мае спектаклі для дарослых узнікалі не дзякуючы, а насуперак.

Спадар Ігар мае рацыю, пашыраючы праблемнае поле. Звернемся да тэатра лялек: я неаднойчы пісала, што ў краіне шмат гадоў не набіраюцца адмысловыя курсы акцёраў тэатраў лялек, летась Акадэмія мастацтваў упершыню за доўгі тэрмін набрала дзённы курс рэжысёраў для гэтага віду мастацтва. Казакоў сведчыць, што за дзесяцігоддзе яго працы ў Магілёве да тэатра на размеркаванне даехаў толькі адзін спецыяліст, хоць заяўкі падаваліся штогадова. На вядучыя ролі ў спектаклі для дарослых ён запрашаў акцёраў з Магілёўскага драмтэатра.

— Каб выправіць сітуацыю, даць Магілёўшчыне надзею на тое, што ў нашых тэатрах з’явіцца новая кроў, я завітаў у тамтэйшы каледж мастацтваў і прапанаваў ім набраць свой мэтавы курс. Мне адмовілі, бо ў мяне няма педагагічнай адукацыі. Аднак я ж рэжысёр-практык! Чаму нельга знайсці форму супрацоўніцтва?

На круглым стале пастаянна ўзнікала пытанне, а што ўвогуле ўяўляе з сябе асоба рэжысёра ў цэлым і якімі паўнамоцтвамі ў прыватнасці надзелены галоўныя рэжысёры? Напрыклад, падчас падрыхтоўкі дадзенага матэрыялу ў мас-медыя з’явілася інфармацыя з Магілёўскага тэатра лялек, маўляў, яны пакуль не будуць замяняць вакантную пасаду, а разлічваюць на супрацоўніцтва з запрошанымі рэжысёрамі. Аднак запрошаны пастаноўшчык не стане займацца падтрыманнем чужых спектакляў, уводамі і маладымі акцёрамі… А сітуацыя ж сапраўды складаная. Як распавёў спадар Казакоў, тэатр па розных прычынах згубіў чатырох вядучых акцёраў, адпаведна зараз многія пастаноўкі чакаюць новых артыстаў.

— Пасада галоўнага рэжысёра — гэта татальная адказнасць за ўсё, што адбываецца ў творчым рэчышчы, — расшыфроўвае прамоўца. — За падбор рэпертуару, каб ён дапамагаў выхоўваць густ у публікі, аднак не адбіваў надуманай элітарнасцю гледачоў (усё ж у кожнага спектакля ёсць бюджэт). За якасць пастаноўкі. За артыста, які не з’явіўся на спектакль. Я павінен трымаць спектаклі і іх узровень, бо гэта ж не сінгл, які запісаў, а потым круці сабе на App Store. Галоўны рэжысёр — пасада эксклюзіўная. І тым больш непрыемна, калі яе пачынаюць перакручваць у нешта другараднае.

Вальтэраўскі аптымізм…

Крытык Таццяна Арлова сцвярджае, што раней функцыі паміж пасадамі выразна падзяляліся: быў мастацкі кіраўнік, які вызначаў творчы шлях тэатра, і дырэктар, які займаўся адміністрацыйнай, фінансавай, гаспадарчай дзейнасцю. Сёння тэатр перайшоў у катэгорыю дырэктарскага, маўляў, хто адказвае за фінансы, той і заказвае музыку. Таццяна Дзмітрыеўна бачыць выйсце ў тым ліку ў аднаўленні функцый Саюза тэатральных дзеячаў, бо сённяшнія арганізацыі з падобнымі функцыямі амаль не дзейнічаюць і практычна не маюць у тэатральнай суполцы вагі. З ёй згодны Ігар Казакоў, спасылаючыся на расійскі СТД, маўляў яго прадстаўнікі фактычна жывуць у самалётах, вывучаючы рэпертуар тэатраў краіны, а пасля абмяркоўваючы з іх прадстаўніцтвам творчыя дасягненні і хібы калектыву. Шчыра кажучы, я не зусім веру ў эфектыўнасць такога падыходу на нашай глебе, бо, як гаварылася вышэй, у нас акцэнты паспяховасці і няўдаласці пакуль вымяраюцца іншымі інструментамі, таму меркаванні крытыкаў не могуць паўплываць на стан сцэнічнага мастацтва ў краіне.

Аднак падтрымаю меркаванне, што надышоў час біць у званы. Мы падыходзім да больш чым рэальнага расколу. Рэжысёр — прафесія (па трапным вызначэнні спадара Казакова) зубаскрышальная. Аднак людзі, што абралі яе сваім лёсам, будуць шукаць сцэну, каб выказацца. І вось тут новае актыўнае пакаленне ўспомніць, што акрамя дзяржаўных пляцовак існуе шмат прыватных. Самыя амбіціёзныя з айчынных рэжысёраў пойдуць у недзяржаўныя калектывы. Калі і там не знойдуць прастору для творчасці, то з’едуць як мінімум у суседнія краіны, куды даўно пракладзены шлях, дзякуючы Залатым маскам, атрыманым беларусамі. Таленты знойдуць сабе годнае прымяненне.

А з чым застанемся мы?

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"