Ажывіць і паслухаць Шагала. А дакрануцца?

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г


/i/content/pi/cult/765/16527/04.JPGЗаглыбленне ў гарадскую прастору

Вядома, што ў мерапрыемстве поруч з дзяржаўнымі ўстановамі бяруць удзел і прыватныя. Адна з іх — “Цікавы музей” у Гродне. Шкада, але на сайце ўстановы кантактная інфармацыя адсутнічае. Паведамляецца толькі, што ў экспазіцыі — 600 прадметаў побытавай даўніны. Чым будуць здзіўляць уладальнікі прыватных калекцый? Пажывем — пабачым.

А вось з Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем звязаўся адносна лёгка. Кіраўнік установы Юрый Катурка паведаміў, што ў Брэст яны скіраваліся з апрабаваным улетку праектам. Ён называўся “Адзін дзень з жыцця Гродна XVI стагоддзя паводле гравюры Адэльгаўзера — Цюнта”. Яе стварылі ў 1560-х гадах Ганс Адэльгаўзер і Матэус Цюнт. Адбітак з’яўляецца адным з першых адлюстраванняў беларускіх гарадоў. На гравюры бачны не толькі горад з вуліцамі ды пляцам, але і яго жыхары падчас надзвычай важнай падзеі — прыбыцця замежных пасольстваў. Так што ў брэсцкім антуражы адбудзецца спроба заглыблення ў гродзенскую гарадскую прастору. Такі шпацыр абяцае быць змястоўным і запамінальным. Па меркаванні Юрыя Віктаравіча, канкрэтных і хуткіх вынікаў ад такіх прэзентацый чакаць не даводзіцца, але чым больш у музейнай справе піяру, тым лепей.

Нагадаю, што менавіта Гродна прыняў у свае гасцінныя абдымкі першы форум “Музеі Беларусі”. І безнадзейным камяком ён ніяк не падаўся. Музейны піяр працягваецца і ў Брэсце.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік збіраецца пазмагацца за перамогу ў намінацыі “За лепшае прадстаўленне на экспазіцыі форуму”. Дырэктар установы Тамара Джумантаева распавядае, што музейны збор запаведніка ўтрымлівае больш за сто тысяч адзінак захоўвання, а сам запаведнік з’яўляецца ядром, вакол якога ствараюцца ўмовы для пераўтварэння гістарычнага Полацка ў горад-музей. У структуры запаведніка — 11 музеяў і 65 аб’ектаў, унесеных у Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Працэс музейнага будаўніцтва і музеефікацыі — няспынны. Музейная прастора вымагае наладжвання маштабных акцый з удзелам усіх сацыяльных груп грамадства. На форуме прэзентуецца праект “Год пад знакам Скарыны”.

/i/content/pi/cult/765/16527/05.JPGУявіце імправізаваную майстэрню гравёра-друкара, дзе кожны ахвотны можа надрукаваць упадабаную кніжную гравюру Скарыны. Праект апрабаваны ў лютым 2018-га. Аўтар — загадчык Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка, якая шмат гадоў займаецца акцыямі, зарыентаванымі на мясцовую грамаду. Дэвіз праекта, прывезенага ў Брэст, — “Ствараць, дзяліцца, узаемадзейнічаць”. Думаю, што гэты слоган варты стаць агульным і для музейнага форуму. Прынамсі, мэты ў нацыянальнага мерапрыемства — гэткія ж.

Аднак далёка не ўсе спрычыняцца да піяру. У Талачынскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея на вандроўку ў Брэст грошай няма. А ў Чашніцкага гістарычнага для гэтага адсутнічае транспарт. Не першы раз даводзіцца пісаць пра тое, што аўтамабіль для раённага музея — не раскоша, а найпершы сродак актыўнай музейнай дзейнасці. Без яго ні ў экспедыцыю не скіруешся, ні мабільную выставу не забяспечыш. Няма сумневу, што фінансавая праблема Віцебшчыны з’яўляецца асноўнай прычынай нізкай падпіскі і на нашу “Культуру”.

Хто такі Аркадзь Смоліч?

Я аднойчы цягам некалькіх гадзін не мог сустрэцца ў Клічаве з дырэктарам мясцовага краязнаўчага музея Наталляй Храмянковай. Прычына магла скласці гонар любой музейнай установе рэспублікі: экскурсанты ішлі неперарыўнай чарадой. У сярэднім за год Клічаўскі музей наведвае каля дзесяці тысяч аматараў даўніны. Вялікую колькасць людзей прывабліваюць культурна-адукацыйныя праекты. Адзін з іх клічаўскія музейшчыкі прывезлі ў Брэст.

Наталля Уладзіміраўна тлумачыць, што музейная пляцоўка прысвечана асобе земляка Аркадзя Смоліча — дзеяча нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, навукоўцу, адсмыслоўцу ў галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі, сельскай гаспадаркі, аўтара першага беларускага падручніка геаграфіі, рэпрэсаванага за сталінскім часам і рэабілітаванага. Ягоны лёс — лёс беларускай нацыі. Поруч з ілюстрацыйным матэрыялам шмат гульняў, якія знаёмяць з геаграфіяй шляху ад Брэста да Магілёва.

Хто з нас ведае Аркадзя Смоліча? А такімі выбітнымі постацямі, якія істотна паўплывалі на ход беларускай гісторыі ды культуры, знакаміты ці не кожны наш раён. Пра іх кінасерыялы б здымаць. А пакуль з гэтым праблемы, піярыць такіх асоб павінны музеі. Клічаўскі гэта з поспехам робіць.

Дняпроўскі кластарны рубеж

Родная Гомельшчына нястомна шукае новыя формы музейнай працы. Шукае і знаходзіць. Аб’яднаны праект прэзентуюць у Брэсце Лоеўскі, Брагінскі, Хойніцкі і Рэчыцкі музеі. Пра сутнасць задуманага распавядае старшы навуковы супрацоўнік Лоеўскага музея бітвы за Днепр Генадзь Сівохін. Справа ў тым, што калісьці на старонках “К” ён пісаў пра “Музейны паром” — акцыю, скіраваную на аб’яднанне высілкаў рэгіянальных музеяў Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны. У Брэсце будзе прадэманстравана лакальная ідэя будучага аб’яднання на прыкладзе чатырох беларускіх устаноў, якія не маюць ні свайго транспарту, ні годнага фінансавання. Усё робіцца на ўзроўні асабістай ініцыятывы і прадметнага, так бы мовіць, энтузіязму.

Дняпроўскі музейны кластар, па словах Генадзя Сівохіна, прадэманструе не толькі канцэпцыю, не толькі лабараторыю прафесійнага ўзаемадзеяння, але зробіць спробу агульнай выставы, аснову якой складуць асобныя жывапісныя работы мастакоў Беларусі, Украіны і Польшчы, што ўлетку ладзілі пленэр на гомельскай зямлі.

Слова “ўзаемадзеянне” сёння ўжо гучала. Але гаворка цяпер не пра наладжванне стасункаў паміж музеем і грамадствам, гаворка пра карпаратыўную еднасць паміж дробнымі ўстановамі дзеля дасягнення прафесійных мэт. Маўляў, калі выжываць, дык разам. Згодны! Кластары для таго ў свеце і ствараюцца. У нас, па сутнасці, любы музейчык — кластар, бо грамадскае тут існуе ў шчыльным саюзе з асабістым. У экспедыцыі, і на выязныя выставы музейшчыкі выязджаюць на асабістым аўтамабілі. Пытанне “ці аплачваюцца ім бензін і амартызацыя транспартнага сродку?” застаецца не больш чым рытарычным. Так што будучыня — за кластарамі.

Стратэгія інклюзіі

А што прывезлі ў Брэст нашы вядучыя сталічныя музеі? Я, да прыкладу, вельмі ўражаны альбомам работ Бялыніцкага-Бірулі і назвай выдання “Я хадзіў па роднай зямлі. Я быў шчаслівы…” Шыкоўны том выдадзены з падачы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Шкада, Брэст выданне не пабачыць, бо ягоная прэзентацыя — справа прыкладання асобных крэатыўных сіл. Я перакананы, удзельнікі музейнага форуму будуць уражаны зусім з іншай нагоды. Як паведамляе “К” намеснік генеральнага дырэктара Мастацкага музея па навуковай і асветнай дзейнасці Святлана Анейка, на пляцоўцы ў Брэсце пабачаць ажыўлены партрэт Марка Шагала работы Юдаля Пэна. Замест арыгінала, натуральна, выкарыстаюць, як цяпер модна казаць, рэпліку карціны. Ну, а Шагал будзе максімальна набліжаны да зыходнай мадэлі. Ён нават свае вершы пачытае ў ахвотку.

І ўвогуле, высілкі Мастацкага скіраваны на забеспячэнне інклюзіі — стратэгіі стасункаў з пэўнымі групамі музейных наведвальнікаў. Яны маюць магчымасць адчуваць, слухаць і мацаць. Асобныя забаўляльныя праекты, як распавядае Святлана Іванаўна, будуць рэалізаваны для дзяцей.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел Сапоцька распавёў, што музейшчыкі ў Брэсце зоймуцца стварэннем нацыянальнай абрадавай лялькі. У працэс мяркуюць уключыць усіх ахвотных. Што іх будзе шмат, кіраўнік установы гарантуе. І ўвогуле, стаўка робіцца на перадавыя тэхналогіі і бізнес-праекты. Калі казаць канкрэтна, на форуме прэзентуецца інтэрактыўны экспазіцыйны комплекс “Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”. Выкарыстоўваецца відэамапінг — праекцыя выявы фізічнага аб’екта на старонкі папяровай кнігі. Дзякуючы сістэме QR-кодаў змена адлюстраванняў музейных прадметаў адбываецца аўтаматычна. Прэзентуецца і аўтарскі праект мастака Ахрэма Белабровіка: камп’ютарныя 3D-праекцыі Крэўскага і Гальшанскага замкаў часін ВКЛ. Афіцыйны партнёр Нацыянальнага гістарычнага — кампанія Samsung, якая забяспечыла экспазіцыю шлемамі дапоўненай рэальнасці. Поўнае пагружэнне ў мінуўшчыну — гарантаванае.

Пра тое, як працаваў форум і чым cкончыўся, чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"