Пінскі кластар набывае статус

№ 40 (1427) 05.10.2019 - 11.10.2019 г

Навіны Культурнай сталіцы Беларусі — 2019
Ужо заўтра, 6 красавіка, у Пінску — Культурнай сталіцы Беларусі — 2019 — у рамках Еўразійскага міжнароднага фестывалю культуры ў гарадскім Доме культуры адбудзецца гала-канцэрт лаўрэатаў з Італіі, Казахстана і Беларусі ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра.

/i/content/pi/cult/765/16525/02.JPGАле гэта не адзіная культурная падзея, зладжаная ў Пінску апошнім часам. Так, 17 верасня ў Палескім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля-рэквіема “Хай спыніцца вайна”. Спектакль заснаваны на рэальных падзеях у Пінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сюжэт пабудаваны на ўспамінах відавочцаў, апублікаваных у кнігах “Памяць” Пінскага раёна, “Пінскае гета” і “Халакост на Піншчыне”.

А 25 верасня ў Музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава музычных інструментаў, выкананых рукамі палескіх майстроў — Руслана Макарэвіча і Мікалая Ярмальчука. Супрацоўнікі музея дапоўнілі выставу інструментамі пачатку XX стагоддзя.

— Там усяго некалькі нашых інструментаў, — адзначыў Руслан Макарэвіч. — Справа ў тым, што мы зусім нядаўна — у сярэдзіне чэрвеня — пераехалі ў новае памяшканне майстэрні, што знаходзіцца ў Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў, і толькі цяпер вырашылі ўсе арганізацыйныя пытанні.

Нагадаю, што аказаць пінскім майстрам — акрамя Руслана Макарэвіча, у майстэрні зараз працуе яшчэ адзін майстар Мікалай Ярмальчук — усю патрэбную для гэтага дапамогу даручыў уладам горада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Пінскія ўлады на ўмовах бязвыплатнага карыстання нерухомай маёмасцю выдзелілі майстрам памяшканне былой майстэрні ва ўстанове адукацыі. Гэта, як я змог упэўніцца на свае вочы, даволі прасторны пакой з рамонтам, вялікімі вокнамі і стэлажамі, дзе можна размясціць і інструментарый, і дрэва для працы, і загатоўкі будучых скрыпак ці домраў. Вытворцам музычных інструментаў прыйдзецца аплачваць толькі камунальныя паслугі. Цяпер яны закупілі для сваіх патрэб шэраг неабходных станкоў, у тым ліку і кітайскай вытворчасці, і гатовы брацца за працу над заказамі.

— Працы, шчыра кажучы, хапае, — кажа Руслан Макарэвіч. — Балазе, заяўкі на выраб музычных інструментаў паступаюць з многіх рэгіёнаў краіны. Асабліва актыўна замаўляюць іх установы адукацыі, ёсць заяўкі і ад прыватных асобаў. На сёння ў нас з Мікалаем у вытворчасці чатыры домры і адна балалайка, таксама вядзецца рамонт двух інструментаў. А, так бы мовіць, у лісце чакання — дзесяць заявак на набыццё і на рамонт 14 музычных інструментаў.

Дарэчы, як адзначыў Руслан Макарэвіч, пакуль што ў майстэрні рамантуюць і вырабляюць балалайкі і домры, аднак плануецца, што асартымент інструментаў будзе пашырацца, і ў будучыні тут стане магчымым вырабляць гітары, мандаліны, скрыпкі і нават лютні.

Але знойдзенае памяшканне для майстэрні — гэта толькі палова справы. Як летась адзначаў Прэзідэнт Беларусі, важна не толькі сабраць майстроў пад адным дахам, але і стварыць школу, у якой маладыя вучні пераймалі б сакрэты майстэрства ад рамеснікаў старэйшага пакалення. І гэтая праца таксама ўжо распачалася.

— Некалькі дзён таму ў майстэрню завітаў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, які распытваў мяне менавіта пра арганізацыю навучальнага працэсу па вырабе музычных інструментаў, — кажа Руслан Макарэвіч. — Думаю, калі знойдуцца студэнты, якія зацікавяцца падобнай працай, дык арганізаваць іх вучобу будзе не так ужо і цяжка.

Тое, што работа па арганізацыі навучальнага працэсу ідзе поўным ходам, пацвердзіла мне і загадчыца сектара культуры Пінскага гарвыканкама Тамара Дземідзенка.

— Так, мы плануем набраць вучняў для навучання вырабу музычных інструментаў, праўда, у якім статусе гэта будзе: цэлы клас студэнтаў ці факультатыў, казаць сёння зарана, — адзначыла Тамара Дземідзенка. — На мой погляд, лепш набраць сапраўды зацікаўленых маладых людзей, якія пасля заканчэння вучобы абавязкова застануцца ў прафесіі.

Што ж, як бачна, праца па стварэнні пінскага “кластара” па вырабе музычных інструментаў паступова выходзіць на фінішную прамую. Тым больш, што ў гэтай справе лепей не спяшацца, а рабіць усё грунтоўна і з прыцэлам на будучае. А “К” абавязкова будзе сачыць за далейшым развіццём падзей у Культурнай сталіцы Беларусі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"