Распытаць старажылаў — напісаць сцэнар

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Альтэрнатыўнае жыццё каляндарных абрадаў
Практычна ў кожнай беларускай вёсцы яшчэ памятаюць даўнейшыя святы традыцыйнага календара, але далёка не ўсюды святкуюць. Якія ёсць шляхі актуалізацыі звестак, што захоўваюцца ва ўспамінах старэйшых жыхароў? Некалькі цікавых кейсаў з Беларусі і суседніх краін.

/i/content/pi/cult/764/16522/018.JPGТрадыцыйныя каляндарныя святы — вялікая каштоўнасць для беларусаў: траціна элементаў, унесенных у Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны — менавіта каляндарныя абрады ці іх складнікі. Але старэнне вёскі, страта актуальнасці сельскагаспадарчай працы, урбанізацыя вядуць да зменаў жыццёвых абставін, а следам за імі трансфармуюцца ці знікаюць і традыцыйныя святы. Найбольш трывала захоўваюцца абрады, якія спраўляюць у сям’і, нягледзячы на знікненне грамадскай часткі святкаванняў. Найчасцей гэта першая калядная куцця, велікодныя ўрачыстасці, Дзяды. Некаторыя святы існуюць за кошт моцнай падтрымкі культурніцкіх альбо рэлігійных устаноў.

Аднак, у звыклым шэрагу “распытаць старажылаў — напісаць сцэнарый — перадаць свята “на баланс” Дому культуры, царкве ці касцёлу”, бывае, спрацоўваюць надзвычай цікавыя рашэнні. Можна разважаць, ці прымальныя яны для іншых мясцовасцей, але пра такі вопыт ведаць варта.

Тонежская “Чырачка”: гуканне вясны, што прымацавалася да Масленіцы

Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна славіцца спявачкамі, майстэрства якіх вабіць даследчыкаў-этнамузыколагаў ужо амаль цэлае стагоддзе. У 1930-х тут працавала Зінаіда Эвальд з Санкт-Пецярбурга, у 1960-х па яе слядах — беларуская этнамузыколаг Зінаіда Мажэйка. У 1990-х апошняя яшчэ раз прааналізавала сітуацыю ў Тонежы, ужо з улікам уласных матэрыялаў 30-гадовай даўніны, што дазволіла ёй зрабіць пэўныя абагульненні.

Сёння тонежскі абрад гукання вясны “Чырачка”, які праходзіць у нядзелю Масленічнага тыдня, унесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Даўней гукаць вясну, “чыркаваць” (спяваць вяснянку “Чырачка-пташачка”) у Тонежы маглі, як толькі з’яўляюцца праталіны. Астатнія песні, што выконваюцца падчас абраду, раней гучалі ўсю вясну як лірычныя. Да таго ж, калі цяпер “Чырачка” — гэта агульнае свята ўсёй вёскі, на якое таняжане збіраюцца на ўзвышанасць пад назвай Чарнычовы горы, то даўней асобныя групы спявачак гукалі вясну з узвышшаў па ўсім Тонежы, і ў розныя дні. Па ўспамінах культработніцы Тамары Прыбалавец, абрад “Чырачка” замацаваўся за нядзеляй масленічнага тыдня толькі ў 1970-х. Падобныя масленічныя гуканні сустракаюцца па ўсім Цэнтральным Палессі. Такім чынам, сёння ў Тонежы назіраецца працяг “агульнай тэндэнцыі абрадаў да скарачэння ці аб’яднання некалькіх у адзін”, якую адзначала Зінаіда Мажэйка ў 1960-х. “Чыркаванне”, раней расцягнутае на ўвесь ранневясновы перыяд, цяпер адбываецца аднойчы, на Масленіцу.

Фестываль маскіраваных у Латвіі: калі ўсе святы сустракаюцца разам

Імпрэза адбываецца штогод у лютым у розных латышскіх гарадах. Арганізуюць яе некалькі грамадскіх арганізацый, якія займаюцца адраджэннем фальклору. З усёй краіны з’язджаюцца гурты, дэманструюць абрадавае пераапрананне, прымеркаванае да розных каляндарных свят. Бываюць госці з замежжа. Напрыклад, у 2019-м — беларусы, гурт “Раме” з Універсітэта культуры і сяброўская суполка “1410”. На люты ў каталіцкіх і пратэстанцкіх краінах прыпадае свята кшталту нашай Масленіцы. Але латышскі фестываль маскіраваных не пазіцыянуецца як масленічны карнавал. На імпрэзе сустрэнеш і калядныя гурты, і персанажаў восеньскіх свят у гонар святых Кацярыны і Марціна. Хаця самы чаканы — усё ж выступ масленічнага гурта, які рэканструюе абрад з Курземэ (гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна на захадзе Латвіі, на балтыйскім узмор’і).

Спачатку фестываль маскіраваных праходзіў у Рызе. Мэтай яго было “запусціць” працэс рэканструкцыі абрадавага пераапранання. Вялікую ролю адыграла даследчая праца Аіды Ранцанэ. Яе кнігі фактычна сталі метадычнымі дапаможнікамі для ўдзельнікаў фестываляў. Цяпер імпрэза штогод “вандруе” па латышскіх гарадах, часта зусім дробных. Выступы гуртоў ацэньвае журы, адбываецца публічны падрабязны разбор, падчас якога прафесіяналы даюць гуртам парады. Акрамя выступаў перад журы і іншымі ўдзельнікамі фестывалю пераапранутыя дэманструюць сваю праграму на гарадскіх плошчах, фермерскіх падворках, а часам і ладзяць сапраўдныя абыходы вясковых сядзіб.

Валачобнікі ў Танявічах: гурт, які існуе дыстанцыйна

Каталіцкая вёска Танявічы Шчучынскага раёна знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. Калісьці тут жыло некалькі соцень чалавек, а цяпер засталося толькі пад 20 жылых хат. Танявічане ў побыце карысталіся беларускай мовай, але маліліся па-польску і па-польску ж спраўлялі хатнія абрады. Таму нядзіўна, што гурт, які сёлета на Вялікдзень абыходзіў вёску, завецца Matczyna piosenka (“матуліна песня” па-польску). У калектыве — пераважна жанчыны. Так склалася дэмаграфічная сітуацыя. Большасць удзельнікаў ужо не жывуць у Танявічах, але з’язджаюцца ў родную вёску на святы, спяваюць разам, ездзяць на фестывалі (некаторыя цэлымі сем’ямі).

Даўней валачобнікамі ў Танявічах былі мужчыны рознага ўзросту. Яны песнямі віншавалі аднавяскоўцаў з Вялікаднём. Тое, што цяпер замест мужчын у валачобнікі ходзяць жанчыны, якія з маленства чулі адпаведны рэпертуар, — для Беларусі не дзіва. Але тое, што ўдзельнікі гурту не жывуць у адным населеным пункце (і нават у суседніх), заслугоўвае асаблівай увагі.

Гуртом Matczyna piosenka кіруе Тэрэса Адамовіч. Жанчына нарадзілася ў Танявічах, скончыла мінскі Універсітэт культуры і ўсё жыццё працуе ў Гродзенскім раёне, дзе арганізавала яшчэ два фальклорныя гурты. Нават раскіданыя па ўсёй Гродзенскай вобласці, амаль што без рэпетыцый, землякі з Танявічаў вельмі зладжана і прыгожа спяваюць. Вось што значыць песні, засвоеныя ў дзяцінстве!

Жніво ў беларусаў Падляшша: абмен вопытам замест выступаў

У канцы ліпеня — пачатку жніўня Музей малой айчыны ў Студзіводах пад Бельскам Падляшскім (Польшча) ладзіць жніўныя сустрэчы ў традыцыі “Олень по бору ходіт”. Назва імпрэзы — гэта радок з песні на падляшскім дыялекце беларускай мовы. Галоўны арганізатар фестывалю Дарафей Фіёнік тлумачыць: “Для нас істотна, што гэта не сустрэчы з традыцыяй, а ў ёй”. Усе запрошанныя гурты ўдзельнічаюць у абрадах зажынак і дажынак. Складана зразумець, дзе абрадавае дзеянне перацякае ў выступ: нехта жне, нехта вяжа снапы, робіць “пэрпэліцу” (адпаведнік дажыначнай барады) ці “квітку” (зажыначны ці дажыначны сноп), нехта спявае. Удзельнікі сустрэч выязджаюць у розныя падляшскія вёскі, дзе іх чакаюць мясцовыя жыхары. Пасля жніва ладзяць спеўна-танцавальныя вечарыны.

У сустрэчах “Олень по бору ходіт” заўсёды ўдзельнічае гурт “Жэмэрва”. Асноўная частка моладзі, што там спявае — вучні ці выпускнікі беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім. На сустрэчы запрашаюць таксама палескія гурты з Беларусі. Сёлета серыю жніўных імпрэз адкрывалі “Хатовічы” з Ганцавіцкага раёна, а закрывалі любанскія “Верабейкі” і міханавіцкая “Калыханка”. Апошняя хоць і базуецца пад Мінскам, але мае ў рэпертуары шмат палескіх песень. Жніўныя сустрэчы ў традыцыі “Олень по бору ходіт” — гэта магчымасць пагрузіцца ў падляшскую культуру, шчыльна пакантактаваць з мясцовай супольнасцю і рознымі гуртамі. Магчымасць пабачыць людзей блізка, не са сцэны, не з месца гледача, а на пазіцыі “роўны з роўным”.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
супрацоўніца Цэнтра
даследванняў беларускай
культуры, мовы і літаратуры
НАН Беларусі