Музыка з мухай, прывідамі і шахамі-матамі

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

Сёння на ХІV Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета — “Сучасная класіка. Вечар прэм’ер” — сярод іншых твораў асаблівую ўвагу прыцягне, безумоўна, сусветная прэм’ера — “Дзве фрэскі для сімфанічнага аркестра”. Іх аўтар — знаны беларускі творца, член праўлення Беларускага саюза кампазітараў Дзмітрый ЛЫБІН, чые творы, здараецца, часцей выконваюцца ў замежжы, чым у нас. Напярэдадні падзеі ён распавёў пра сваю “фрэскавую” задуму, знайшоў кропкі сутыкнення музыкі з шахматамі і нават падзяліўся сакрэтам, як кампазітару “прабіцца” на прэстыжны фестываль.

/i/content/pi/cult/764/16515/08.JPGШтогод Міжнародны фестываль Юрыя Башмета замаўляе камусьці з беларускіх кампазітараў сімфанічную прэм’еру, якая прагучыць на гэтым прэстыжным форуме. Таму напачатку нашай сустрэчы з Дзмітрыем Лыбіным я была гатова да чарговай “завядзёнкі”: маўляў, арганізатары фестывалю прапанавалі, я пагадзіўся, напісаў, і вось яна гучыць. Ідылія? Але ж у варыянце з Лыбіным усё было не так. Іначай. Такі ўжо ён чалавек — не атрымліваецца ў яго ні простае далучэнне да мэйнстрыму, ні, тым больш, падпарадкаванне невядома кім складзеным стэрэатыпам. Усё — па-свойму, ды так, быццам усё пралічана на тры хады наперад. І з дакладна акрэсленай лініяй, адкуль і куды рушыць творчы “цягнік” з чарадой вагончыкаў.

— Так, мне прапанавалі. Але ў мяне на той час ужо была толькі-толькі напісаная партытура, якая нідзе ніколі не выконвалася. Калі аркестру спыніцца на ёй, а не чакаць, пакуль будзе прадумана, напісана, адрэдагавана і цалкам выверана новая (а ўсё гэта, вядома, патрабуе не толькі натхнення і засяроджанасці, але і часу), дык будзе больш магчымасцяў для годнай падрыхтоўкі. Навошта вымушаць музыкантаў рабіць усё спехам? Творчыя подзвігі могуць здзяйсняцца іначай — праз удумлівае паглыбленне. Дарэчы, звярнуцца да мяне падказаў мой шаноўны калега Валерый Воранаў (на фестывалі Башмета гучалі ўжо дзве яго сусветныя прэм’еры), за што я яму вельмі ўдзячны. Такое ў асяродку творцаў сустракаецца нячаста.

— Вы далёка не першы, хто называе свае музычныя творы фрэскамі. Моднае слоўца?

— Не, канстатацыя рэальных падзей. Штуршком для напісання сталі фрэскі Дзіянісія ў Ферапонтавым Белазерскім манастыры на Валагодчыне. Татара-манголы туды, як і да Беларусі, не дайшлі. І гэтыя выявы застаюцца адзіным цалкам захаваным цыклам фрэсак выдатнага маскоўскага іканапісца мяжы ХV — ХVI стагоддзяў, прадаўжальніка традыцый Андрэя Рублёва. А якая там прырода! Немагчыма было не выкласці ўсё гэта ў музыцы.

— Вы спецыяльна ездзілі туды, каб натхніцца?

— Я бываў там у дзяцінстве, гасцяваў у сваякоў. Потым удумліва вывучаў “Усеагульную гісторыю мастацтваў” Міхаіла Алпатава, дзе добра прааналізаваны гэтыя работы мастака. Але ніводнае такое апісанне ці выкладзеная ў сеціва выява не могуць перадаць усяго, што выклікаюць гэтыя фрэскі. Ведаеце, пры яркім асвятленні яны не робяць таго ўражання. А ў час вячэрняй малітвы, пры запаленых свечках, пачынаецца штосьці містычнае: яны быццам выплываюць з цемры. Пра гэта — мая першая фрэска “Свечкі і малітва”, дзе я выкарыстоўваю адзін з ранніх узораў партэсных спеваў. Храналагічна такі від шматгалосся з’явіўся пазней за фрэскі Дзіянісія, але ў дадзеным выпадку ён добра перадае патрэбны настрой. Больш старадаўні знаменны распеў узнікае ў кульмінацыі другой часткі — “Вецер”, дзе ёсць і выяўленчыя элементы, і скамарохі (дакладней, наша музычнае ўяўленне пра іх, бо арыгінальныя прыклады той музыкі, зразумела, не захаваліся).

— Трэцяя фрэска “Сціхіра і званы”, наколькі я памятаю, сёлета ўжо выконвалася, таму ў гэтым канцэрце яе не будзе.

— Так, яна гучала ў Кішынёве, Львове, на нашым з’ездзе кампазітараў увесну. І я вельмі ўдзячны Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру Беларусі і яго кіраўніку, дырыжору Аляксандру Анісімаву: ім удалося дасягнуць неабходнага балансу і беражліва данесці да слухача самыя тонкія дэталі — накшталт вельмі ціхага педальнага вібрата арфы.

— У “Дзвюх фрэсках...”, якія прэзентуюцца на фестывалі Башмета, вы таксама звяртаецеся да выкшталцоных прыёмаў?

— Лепей сказаць — шукаю адпаведныя гучанні, немагчымыя пры традыцыйным падыходзе. Таму ў адзін з момантаў першай часткі арфу, да прыкладу, трэба перастроіць — настроіць іначай. У другой частцы — сыграць на тарэлцы, пакладзенай на літаўры з націснутай педаллю. Вядома, усё гэта патрабуе не проста рэпетыцый, але і ўдзелу ў іх кампазітара, які можа скарэктаваць гучанне. Бо знаходзячыся на сцэне, немагчыма напоўніцу прадбачыць тую гукавую палітру, якая ўтворыцца ў зале. Асабліва калі гэта новы твор, што яшчэ не быў агучаны…

— …і асабліва калі ў ім ёсць гэткія ціхусенькія моманты, калі, што называецца, чутна, як муха праляціць. Я заўважыла, вы ўвогуле любіце такога кшталту тонкасці — на мяжы з музычнай цішынёй. Не баіцеся, што вас не пачуюць?

— Галоўнае, каб муха не пашкодзіла. На першым курсе я напісаў “Адбіткі сонца ў вадзе” для тэмпл-блока, флейты і фартэпіяна, яны выконваліся ў Саюзе кампазітараў. І трэба ж было так здарыцца, што ў залу і сапраўды муха прыляцела. Ну, лётала б сабе і лётала, ды адзін вельмі знакаміты творца вырашыў яе прыдушыць. Ляпнуў-сціснуў, ды не да канца. Яна, вядома, абурылася — ды як пачала гудзець! Так і саліравала, пакуль твор не скончыўся.

— Але ж не муха прычынай таму, што ваша музыка, здаецца, часцей гучыць у замежжы, чым у нас. Што вы маглі б параіць маладым кампазітарам? Ці існуе нейкі “рэцэпт”, як патрапіць са сваім творам на замежную сцэну? Ці хаця б — як наблізіць гэты момант?

— Зарабіць шмат грошай. Ці — знайсці іх у кагосьці, у тых жа спонсараў. Заплаціў — і сыграюць.

— Вы гэта сур’ёзна? Штосьці вы не падобны да мільярдэра.

— Канешне, я такім спосабам не карыстаюся. Тым не менш, усё так і ёсць: еўрапейскія аркестры прапаноўваюць падобныя паслугі — афіцыйна. Другі варыянт — гэта як пашчасціць. Здараецца, раптам не хапае пэўнага твора. Ці выканаўцы шукаюць штосьці пад свой новы праект. Выніковасць тут малая — дзесьці адзін з дзесяці. Але каб гэта спрацавала, трэба і самому варушыцца. Раней выходзіла інфармацыйная газета Міжнароднага таварыства сучаснай музыкі, цяпер дзейнічае сайт. Трэба самому шукаць нейкія магчымасці! І выкарыстоўваць сітуацыю. Неяк адзін віяланчэліст вырашыў сыграць сольны канцэрт сучаснай музыкі і звярнуўся праз інтэрнет да мастацкай грамадскасці: маўляў, парайце штосьці. Я адгукнуўся, напісаў для яго “Дом з прывідам”, і п’еса прагучала ў Манрэалі, потым, у іншым выкананні, на фестывалях у Белградзе і Кракаве. Яе ўпадабалі, сербы прасілі дасылаць іншыя творы — я шлю, ды пакуль безвынікова. Я ж кажу: як пашчасціць.

— Затое потым наш Сяргей Стасевіч выконваў гэты твор у нас. І “прывіды” там былі музычныя, са спасылкамі на вядомыя мелодыі.

— Так, на оперы “Кармэн” Бізе, “Рычард — ільвінае сэрца” Грэтры і на “Раніцу” Грыга. Атрымаўся не поўны авангард, які ўспрыме не кожны, а гэткая полістылістыка. А для выканання ў Польшчы папрасілі дадаць фартэпіяна. І я дапісаў не звыклы акампанемент, а гэткія “ужастики”, што робяцца ўнутры раяля на струнах.

— Здараецца, вы і самі выступаеце як піяніст — у тым ліку, у замежжы. І не толькі са сваімі творамі. А пачыналі як скрыпач?

— Я хацеў на фартэпіяна, ды сказалі: з добрым слыхам — бярэм на скрыпку. А ў арміі я і на валторне навучыўся. “Даём два тыдні. Не зайграеш на валторне — пойдзеш у танкі”. А гэта вам не цяперашнія камп’ютарныя гульні! Музыкантаў з добрым слыхам часцяком увогуле ў Афганістан пасылалі: міны абясшкоджваць. Так што, куды падзецца — лепей на валторну. Дарэчы, некаторы час таму, калі ў аркестры мой твор рэпеціравалі, вырашыў узгадаць маладосць. Хтосьці з духавікоў мяне суцешыў: “Не перажывай! Такая атака гуку ў паловы беларускіх валтарністаў”.

— А між тым, вашай першай вышэйшай адукацыяй стала не скрыпка і нават не кампазіцыя, а музыказнаўства — у Акадэміі імя Гнесіных у Маскве.

— Я вагаўся, бо сачыняў з дзяцінства. А мая настаўніца сказала: “Ідзі ў музыказнаўцы, бо быць кампазітарам — гэта ж трэба хадзіць за выканаўцамі і ўкленчваць, каб сыгралі. А ў цябе не той характар”. Па дзвюх спецыяльнасцях тады нельга было атрымаць дыплом, і потым, вярнуўшыся ў Мінск, я заканчваў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазітара Дзмітрыя Смольскага.

— Дададзім стажыроўкі ў Пецярбургу, Варшаве. Але ваш трэці дыплом — Універсітэта фізкультуры. Вы міжнародны майстар па класічных шахматах і міжнародны гросмайстар па завочных. Музыцы не перашкаджае?

— Дапамагае! Шахматы, прабачце, яшчэ і “кормяць”: на сёння я іх выкладаю, гэта маё асноўнае месца працы. Акрамя ўласна “працы мозгу”, праз шахматы я шмат паездзіў па розных краінах, знаёміўся там з музыкантамі. Дый у арміі — усе на плацу маршыруюць, а мне: “Лыбін — за мной”. І за шахматную дошку. Захапіўся з дзяцінства, і ў музычнай школе пры кансерваторыі выкладчыца Марыя Дадзіёмава, маці знакамітай даследчыцы беларускай даўніны Вольгі Дадзіёмавай, не раз пра мяне гаварыла: “Ну, не атрымаецца музыкант — будзе матэматык”. Ды я такі не адзіны. Самы, бадай, вядомы ў гісторыі выпадак — французскі кампазітар ХVIII стагоддзя Франсуа-Андрэ Данікан Філідор. Аўтар некалькіх дзясяткаў камічных опер — і, па тых часах, першы шахматыст свету. Так што мне да яго яшчэ далёка!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"