Юбілей выратавальнікаў

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

У Белдзяржфілармоніі прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прымеркаванае да 80-годдзя Савецкага раённага аддзялення надзвычайных сітуацый. Некалькі пакаленняў адважных байцоў абаранялі жыццё і маёмасць мінчукоў. Доказ таму — безліч выратаваных ад агню і завалаў, эвакуяваных з зон надзвычайных сітуацый і тых, каму аказана своечасовая дапамога.

Менавіта 15 верасня 1939 года стала пунктам адліку прафесійнай дзейнасці пажарнай службы Савецкага раёна нашай сталіцы. Тады на базе 7-й тэхнічнай гарадской пажарнай каманды на тэрыторыі колішняга Траецкага коннага базару па вуліцы Красная, 15 (цяпер — 9) была сфарміравана самастойная ваенізаваная пажарная частка № 4 — адна з найстарэйшых у горадзе.

Сёння Савецкі РАНС — гэта дзве пажарныя аварыйна-выратавальныя часткі № 4 і № 24, на ўзбраенні якіх знаходзяцца сучасная тэхніка і абсталяванне. Работнікі аддзела не толькі захоўваюць у належным стане архітэктурную спадчыну, але і памнажаюць сваімі подзвігамі славу прафесіі пажарных.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей. Ушаноўваліся ветэраны аддзела і іх сённяшнія спадкаемцы. Удзел у сходзе прынялі і непасрэдныя памагатыя байцоў і афіцэраў Савецкага РАНС — сябры Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Акцыя скончылася святочным канцэртам.

Таццяна БЫЧАНОК,
супрацоўнік Савецкага РАНС