Месца сустрэчы музеяў, навукі і бізнесу

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

IV Нацыянальны форум “Музеі Беларусі” пройдзе 4 — 6 кастрычніка ў легкаатлетычным манежы Брэсцкай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (Брэст, вул. Маскоўская, 151). У межах экспазіцыйнай праграмы форуму музеі Беларусі прэзентуюць свае экспазіцыйна-выставачныя і культурна-адукацыйныя праекты, а таксама новыя формы работы з наведвальнікамі.

/i/content/pi/cult/764/16509/forum2019baner2_ru_opt.jpegМерапрыемства скіравана на папулярызацыю дзейнасці музеяў, кансалідацыю музейнай супольнасці, пашырэнне кантактаў як паміж музеямі і арганізацыямі з іншых галін прафесійнай дзейнасці, так і міжнароднага партнёрства музейных устаноў.

Для ўдзелу ў форуму пададзена ўжо звыш 120 заявак. Сярод удзельнікаў — як дзяржаўныя музеі, так і прыватныя, а таксама музеі ўстаноў адукацыі. У экспазіцыйнай і дзелавой праграмах форуму таксама возьмуць удзел турыстычныя фірмы і прадпрыемствы, якія займаюцца абсталяваннем для музейных устаноў: мультымедыйным забеспячэннем, аўдыёгідамі і гэтак далей. Сёлетняя тэма форуму — “Навука, інавацыі, камунікацыя” — прадугледжвае наладжванне супрацоўніцтва між музейнымі ўстановамі і навуковымі арганізацыямі, таму ў форуме возьмуць удзел у тым ліку і прадстаўнікі Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук.

У дзелавой праграме форуму, якая прадугледжвае прэзентацыю актуальных даследаванняў ва ўсіх сферах музейнай дзейнасці, прымуць удзел таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Арменіі і Кітая. Асаблівая ўвага будзе нададзеная пытанням захавання культурнай спадчыны ў лічбавую эпоху і інавацыйнаму развіццю музеяў. У дэманстрацыйнай праграме форуму таксама возьмуць удзел прадстаўнікі замежных музейных устаноў, напрыклад, музея ў Бельску-Падляскім (Польшча). Сярод прыватных музейных устаноў прадставяць сябе музей займальных навук “Эксперыментус” з Мінска і “Цікавы музей” з Гродна, які ўяўляе з сябе калекцыю прадметаў побыту мінулых часоў.

У межах форуму будуць вызначаныя пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства ў пяці намінацыях: “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”, “За навацыі ў музейнай дзейнасці”, “За лепшы экспазіцыйна-выставачны праект”, “За лепшую культурна-адукацыйную праграму” і “За лепшае музейнае выданне”.