Бібліятэка запрашае на “Магічны рэалізм”

№ 39 (1426) 28.09.2019 - 05.10.2019 г

У чацвер, 26 верасня, у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася персанальная выстава жывапісца Валерыя Шкарубы. Аўтар назваў яе “Магічны рэалізм”. На вернісажы прысутнічалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка і старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.

Выступаючы перад грамадой, што сабралася на вернісаж, мастак распавёў пра тое, як шукаў і знайшоў сваю тэму — беларускі краявід, і напрацаваў свой непаўторны почырк. Па словах спадара Валерыя, для плённай працы яму неабходна цішыня, якая даўно і стала пасялілася ў ягонай майстэрні, і якую ён шукае і знаходзіць у розных кутках Беларусі. Менавіта Беларусі. Бо эцюды, якія ён піша ў іншых краінах, так і застаюцца толькі эцюдамі — гэта значыць свайго роду прыватнымі дзённікавымі нататкамі. Яны не трансфармуюцца ў карціны.

“Творчасць плённая, калі любіш людзей, — кажа мастак. — Але са свайго досведу скажу, што гэта цяжка. Між тым, трэба любіць не толькі сучаснікаў, але і нашчадкаў — тых, хто будзе глядзець на мае карціны, калі ня будзе мяне”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"